"Альтэрнатыва" звярнулася да мінскіх уладаў з просьбай размясціць на мінскіх вуліцах шыльды з іх гістарычнымі назвамі

17 лютага грамадскае аб'яднанне "Альтэрнатыва" (зарэгістравана ў Латвіі) накіравала гарадскім уладам калектыўны зварот з прапановай усталяваць на 20 мінскіх вуліцах шыльды з указаннем іх гістарычных назваў. 



Разам са зваротам чыноўнікам накіравана 1000 подпісаў, якія ў снежні 2014 года – студзені 2015 года сярод мінчукоў збіралі актывісты арганізацыі.

Дадзеная прапанова тычыцца вуліц, якія размешчаны ў гістарычнай часткі беларускай сталіцы – у раёне Нямігі, Верхняга горада, Траецкага прадмесця, стадыёна Дынама, Асмалоўкі, плошчы Незалежнасці, а таксама праспекта Незалежнасці. Сярод іх – вуліца Рэвалюцыйная, Камсамольская, Савецкая, Герцэна, Камуністычная, Ульянаўская, Карла Маркса, Інтэрнацыянальная, Кірава, Чырвонаармейская, плошча Парыжскай камуны і іншыя.

Зварот адрасаваны Мінскаму гарадскому Савету дэпутатаў, Мінгарвыканкаму, а таксама Міністэрству культуры Рэспублікі Беларусь.

Акрамя сабраных подпісаў сярод мінчукоў, актывісты "Альтэрнатывы" стварылі адпаведную электронную петыцыю на сайце www.change.org, таксама адрасаваную гарадскім чыноўнікам, дзе кожны жадаючы можа пакінуць свой голас у падтрымку размяшчэння шыльдаў гістарычных назваў вуліц.

"Мы лічым, што сёння важна папулярызаваць сярод грамадства беларускую гісторыю, падкрэсліваць нашу ідэнтычнасць, таксама сёння неабходныя канкрэтныя крокі ў вяртанні сталіцы яе гістарычнага аблічча, у прыватнасці, у тапаніміцы. Гістарычны цэнтр Мінска павінен перадаваць рознымі спосабамі сваё шматвяковое жыццё, ранейшыя сацыяльныя і культурныя асаблівасці яго жыхароў, у пэўнай меры адраджаць гэты згублены дух. Такім чынам, мы прапануем гарадскім уладам зрабіць крок насустрач павагі гістарычнай памяці, а таксама зрабіць крок у паляпшэнні турыстычнай інфраструктуры Мінска.

Для нас відавочна, увасабленне такой ідэі зробіць турыстычныя маршруты ў цэнтры горада больш інфарматыўнымі і асветніцкімі, таксама гэта стане добрым прыкладам для іншых гарадоў. Фінансавыя затраты на рэалізацыю такой ідэі мінімальныя, а карысць будзе відавочнай",  – каментуе матывацыю кампаніі лідар "Альтэрнатывы" Алег Корбан.

Варта адзначыць, падобныя ідэі ўжо ўвасабляліся ў жыццё ў некалькіх правінцыйных беларускіх гарадах.

ht1ch2s271g.jpg

Прыклад падобных шыльдаў у горадзе Клецк (Мінская вобласць).

Паводле прэс-службы ГА “Альтэрнатыва”