Барацьба ідэолагаў супраць «Дзецюкоў» працягваецца
Мінскія ідэолагі забаранілі чарговы канцэрт гарадзенскай каманды. Затое ў Гародні сябры прафсаюзаў могуць набыць са зніжкай квіткі на канцэрт Brutto.
Чарговая спроба зладзіць канцэрт гурту Dzieciuki скончылася нічым. Ідэалагічны аддзел Мінгарвыканкаму адмовіў у выдачы гастрольнага пасведчання на правядзенне мерапрыемства з удзелам гарадзенцаў. Выступ планавалася правесці 25 сакавіка ў мінскім пабе «Брюгге». Падпісаў дакумэнт сумнавядомы чыноўнік Павал Скалабан, сын знакамітага гісторыка і архівіста Віталя Скалабана.
«Апошнім часам сталі дазваляць выступы беларускамоўных гуртоў, таму мы вырашылі таксама правесці канцэрт «Дзецюкоў» у спадзеве, што сітуацыя нармалізавалася. Думаў, калі і адмовяць, то з тэхнічных прычынаў: дакументаў нейкіх не хапае ці яшчэ чаго. А тут наўпрост залічылі да экстрэмістаў», – сказаў у камэнтары для Tuzin.fm арганізатар канцэрту Сяргей Палажэнка. Абскарджваць рашэнне ідэолагаў ён не бачыць ніякага сэнсу — усё адно канцэрт не дадуць правесці, пэўны Сяргей.
Dzieciuki былі занесеныя ў «чорны спіс» летась увесну. З таго часу музыкі не змаглі даць у Мінску ніводнага канцэрту. Tuzin.fm намагаўся абскардзіць рашэнне ідэолагаў у вышэйстаячай інстанцыі, але марна. «У нас гатовыя ўсе дакумэнты для падачы ў суд на дзеянні чыноўнікаў адносна гэтага гурту. Але распачнем справу, толькі калі самі музыкі гэтага захочуць. Пакуль яны вызначаюцца са сваёй агульнай пазіцыяй і не губляюць надзею выступіць у іншых беларускіх гарадах, акром Мінску», — кажа кіраўнік Tuzin.fm Сяргей Будкін.
Тым часам калегі «Дзецюкоў», якія нядаўна таксама былі ў «чорным спісе», гурт Brutto рыхтуецца да беларускага туру, які пачнецца з канцэрту ў лядовым палацы Баранавічаў 10 лютага, а скончыцца 8 сакавіка канцэртам у «Мінск-Арэне». Расклад канцэртаў можна пабачыць на афіцыйным сайце каманды. У сеціве з'явілася сведчанне таго, што гурт падтрымалі прадзяржаўныя прафсаюзы, якія абяцаюць сваім чальцам 50%-ную зніжку на квіткі. Адносна забароны на творчасць «Дзецюкоў», з якімі Brutto неаднойчы ладзілі разам сумесныя канцэрты ў Польшчы, лідар каманды Сяргей Міхалок пакуль публічна не выказваўся.
Бліжэйшы канцэрт гурту Dzieciuki адбудзецца 25 лютага ў Беластоку. На 18 красавіка ў гарадзенцаў запланаваны канцэрт у Віцебску, дзеля якога яны ахвяруюць выступамі ў Гданьску і Калінінградзе.
tuzin.fm