Барадулінскія імпрэзы: дзе і як згадаць пра народнага паэта
24 лютага спаўняецца 80 гадоў славутаму беларускаму паэту Рыгору Барадуліну (1935–2014).
Радыё Свабода сабрала звесткі пра тое, як кожны з нас можа згадаць пра народнага паэта словам і справай.
Пералічыць грошы на ўсталяванне помніка Рыгору Барадуліну на магіле паэта ў Вушачах
Праект помніка распрацаваны скульптарам Мікалаем Байрачным і ўхвалены сваякамі.
Дабрачынны рахунак адкрыты на імя ўнучкі паэта:
ААТ «Беларусбанк» філіял 514 код 614 УНП 100420097
код віду ўклада 9004 (дамова дабрачыннага рахунка № 000039) атрымальнік Кліміна Дамініка Канстанцінаўна
прызначэнне плацяжа — добраўпарадкаванне пахавання
Пералічыць грошы можна ў любым аддзяленні банку, а таксама праз інфакіёскі або інтэрнэт-банкінг (выбраць: «Плацяжы» — «Адвольныя плацяжы» — «Плацёж па рэквізітах» — нумар транзітнага рахунку 3819382102369), — паведамляе сайт грамадскай кампаніі «Будзьма беларусамі».
Звярнуцца ў Савет міністраў, каб у Менску і ў Вушачах была вуліца імя Барадуліна
Кампанію «Вуліца Барадуліна» распачалі "Арт Сядзіба" і Таварыства беларускай мовы. Ініцыятары прапануюць звяртацца ў Савет міністраў праз сайт электронных зваротаў zvarot.by і патрабаваць ад уладаў наступнага:
• прысвоіць імя Рыгора Барадуліна адной з вуліц Менску і г. п. Вушачы;
• устанавіць мемарыяльную дошку ў Менску, на доме, у якім жыў Рыгор Барадулін;
• прысвоіць імя Рыгора Барадуліна школе ў г. п. Вушачы;
• адкрыць літаратурны музей або філіял музея Рыгора Барадуліна;
• падрыхтаваць і выдаць у 2015–2018 гг. поўны збор твораў Рыгора Барадуліна.
Купіць канверт з партрэтам Рыгора Барадуліна на Галоўпаштамце ў Менску або ў сваім паштовым аддзяленні
Замовіць кнігу апошніх вершаў Рыгора Барадуліна «У неба пехатою»
На сайце prastora.by яна каштуе 79 900.
Паглыбіцца ў дэталі біяграфіі і творчасці дзядзькі Рыгора на сайце baradulin.by
Стваральнік сайта Глеб Лабадзенка заклікае ўсіх ахвотных дапамагаць у яго напаўненні.
Наведаць:
«Песні матчыны з Вушаччыны» — праграма лідэра гурту Vuraj Сяржука Доўгушава.
24 лютага а 19 гадзіне, Малая зала Беларускай дзяржаўнай філармоніі, Менск.
Сяржук быў знаёмы з дзядзькам Рыгорам і ў захапленні ад тых песняў, якія сабраў Барадулін. Адзін з апошніх вершаў Барадулін прысвяціў яму. Гэты акраверш увайшоў у кнігу «У неба пехатою».
Паэтычная вандроўка па творах Рыгора Барадуліна для дзяцей
25 лютага, бібліятэка імя Еўдакіі Лось, Віцебск
Там жа працуе і прысвечаная паэту кніжная выстава «Любіць радзіму не па абавязку».
Адрас бібліятэкі — вуліца Цітова, 20-1, тэлефон +375 212 36-37-29.
Вечар памяці і прэзентацыя ўнікальнай кнігі мемуараў «Дзённікі і запісы»
27 лютага ў 18:30, Палац мастацтваў, Менск
«Дзеннікі і запісы» (1951–1969 гг.) выдадзеныя Наталляй Давыдзенкай. Яшчэ пры жыцці Рыгора Барадуліна яна пачала збіраць дакументы і знайшла ў Вушачах унікальныя школьныя дзённікі паэта.
Кніга выйшла намаганнямі МГА «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» і ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» у выдавецтве «Кнігазбор».