Беларусь наведаюць артысты з 34 краін падчас Каляднага опернага форуму
Прадстаўнікі 34 краін прымуць удзел у IХ Мінскім міжнародным Калядным оперным форуме і V Мінскім міжнародным Калядным конкурсе вакалістаў. Аб гэтым паведаміў на прэс-канферэнцыі генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Уладзімір Грыдзюшка, перадае Народная Воля са спасылкай на БЕЛТА.
«Дзевяць гадоў таму ў нашым оперным форуме ўдзельнічала ўсяго толькі дзевяць краін. Сёння пра свой удзел заявілі 34 краіны, артысты з 21 краіны выступяць на оперным форуме і 332 выканаўцы з 26 краін прыслалі заяўкі на конкурс вакалістаў. Напярэдадні фестывалю ля ўвахода ў Вялікі тэатр будуць устаноўлены 34 сцягі, і гэта сведчыць аб вялікім аўтарытэце, які набылі нашы мерапрыемствы, і ўвазе, якую праяўляе да іх сусветная оперная грамадскасць», — адзначыў дырэктар тэатра.
«Любы фестываль — гэта свята, якое рыхтуюць вельмі шмат людзей. Акрамя прыезджых артыстаў, у ім будуць актыўна ўдзельнічаць і беларускія — салісты оперы, хор і сімфанічны аркестр. Вельмі важна, каб быў святочны эмацыянальна-адкрыты настрой, які, спадзяюся, будзе суправаджаць усе нашы мерапрыемствы», — падкрэсліў галоўны дырыжор Вялікага тэатра заслужаны артыст Украіны Віктар Пласкіна.
Паводле яго слоў, адкрые оперны форум адзін з самых папулярных музычных спектакляў у жанры опера-буфа «Дон Паскуале» Даніцэці.
Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі на працягу дзевяці гадоў збірае на сваёй сцэне прызнаных зорак опернай сцэны і запрашае гледачоў убачыць новыя пастаноўкі, лепшыя спектаклі бягучага і мінулых сезонаў і фестывальныя прэм’еры.
У гэтым годзе Мінскі міжнародны Калядны оперны форум пройдзе з 13 па 21 снежня. За гэты час у тэатры пакажуць чатыры оперныя пастаноўкі і два вялікія канцэрты.