Мінск чакае «Крывійскі гіг»

У мінскім клубе «Бруге» 2 снежня пройдзе канцэрт «Крывійскі гіг». Выступяць гурты Pragnavit (Магілёў), Vietah і Krumkač (Гомель), Zaklon і Massenhinrichtung (Мінск).

afisza_33.jpg


Pragnavit – рытуальны этна-эмбиентовый праект з Магілёва (Беларусь), медытатыўная, рытуальная музыка якога, прасякнута этна-містыцызмам. Жывыя выступы гурта, гэта інтэрпрэтацыя старажытных рытуалаў Нардычнай Крывiі-Беларусі, асэнсаваная праз уласны сакральны досвед музыкаў. Pragnavit – гэта «мёд Багоў або глыбіня, у якой крыецца касмічная Гармонія Сфер». З лідарам гурта Міхалам Вараб’ёвым НЧ рабіў інтэрв’ю на пачатку года.
Vietah – atmospheric black metal праект з Гомеля (Беларусь). Гэта цёмная музыка шэрых прыродных пейзажаў, натхнёная адзінотай. Восеньская сырасць, лясная цемра, туман сцелецца шэрымі пушынамi па пачарнелай траве, з'едлівы холад... І толькі нерухома свеціць мёртвым святлом Ветах — пастарэлая Луна.
Zaklon – kryvian black metal праект з Мінска (Беларусь). Манументальная беспрасветнасць, атмасфера паўсюднага смутку і роспачы, дзе бясконцым вiхрам паміраюць чорныя заходы, шэпчуцца цені гнілога лiсця, а ледзяныя вятры, абдымаючы, зачароўваюць тленны свет безнадзейнасцю смерці. Zaklon – гэта «Гімны безнадзейных лясоў пад паміраючым сонцам».
Massenhinrichtung – blackened metal гурт з Мінска (Беларусь). Гэта вогненная музычная бура, пульсуючая струменямі цемры і меладычнымі пералівамі журбы. Музычны напрамак Massenhinrichtung эвалюцыянаваў ад больш простых форм black і pagan металічнай музыкі да канцэптуальнай творчасці на каляваенную і патрыятычна-прыродную тэматыку з выкарыстаннем розных стыляў цяжкой музыкі.
Krumkač – kryvian black metal гурт з Гомеля (Беларусь). Непазбежная цемра схавала апошнія водбліскі памiраючага сонца, адкрываючы дзверы ў бездань ночы. Цені ад паходняў скачуць па траве, асвятляючы застылыя ў медытатыўных спевах фігуры, па-за якімi ужо чутны блiзкi тупат...
Паводле прэс-рэлізу