Беларусі адмовілі ва ўдзеле ў «Еўрабачанні»
Прадстаўленая Беларуссю песня зноў не адпавядае правілам, і таму краіна не будзе ўдзельнічаць у конкурсе ў траўні. Пра гэта паведамляе сайт конкурсу.
Еўрапейскі вяшчальны саюз (EBU) апублікаваў заяву адносна заяўкі Беларусі на ўдзел у конкурсе песні «Еўрабачанне-2021»:
«У сераду, 10 сакавіка, мы напісалі тэлекампаніі БТРК, якая адказвае за ўдзел Беларусі ў конкурсе песні «Еўрабачанне», з просьбай распачаць усе неабходныя крокі для ўнясення паправак у свой удзел у мерапрыемстве гэтага года, каб пераканацца, што яно адпавядае правілам спаборніцтва.
Пасля гэтага БТРК прадставіла новую песню тых жа артыстаў ва ўзгодненыя тэрміны.
EBU і Кантрольная група, кіраўнік савета Конкурсу, уважліва вывучылі новую заяўку, каб ацаніць яе права на ўдзел у конкурсе.
Быў зроблены вывад аб тым, што новая заяўка таксама парушае правілы конкурсу, якія гарантуюць, што Конкурс не будзе інструментальным сродкам і не створыць шкоду рэпутацыі.
Паколькі БТРК не змагла падаць заяўку на працягу падоўжанага тэрміну, на жаль, Беларусь не будзе ўдзельнічаць у 65-м конкурсе песні «Еўрабачанне» у траўні», — гаворыцца ў заяве.
Нагадаем, прадстаўляць Беларусь на музычным конкурсе «Еўрабачанне» меўся гурт «Галасы ЗМеста». 11 сакавіка Еўрапейскі вяшчальны саюз заявіў, што песня «Я навучу цябе», з якой «Галасы ЗМеста» збіраліся ўдзельнічаць у конкурсе «Еўрабачанне», не адпавядае яго правілам.
21 сакавіка стала вядома, што група падрыхтавала дзве новыя песні для «Еўрабачання». Па словах лідара калектыву Дзмітрыя Бутакова, адна песня будзе «пра зайчыкаў».
— Адна там трошкі такая вясёлая атрымалася, а другая больш сур'ёзная, — распавёў ён.
Букмекеры прагназавалі Беларусі 36-е месца, удакладняе tut.by.