БМА group распачынае кампанію ў гонар Каліноўскага

Беларуская Музычная Альтэрнатыва (БМА group) у гонар Кастуся Каліноўскага пачынае кампанію UZAJEMNA! / УЗАЕМНА!

logo_uzajemna_bel.jpg


У межах кампаніі будуць ладзіцца фэсты розных музычных кірункаў (рок, метал, рэп, бардаўская музыка), плануецца збор і выданне музычнай складанкі з творамі, прысвечанымі Кастусю Каліноўскаму, а таксама выраб адмысловай сувенірнай прадукцыі.
Адной з мэтаў дзейнасці БМА як суполкі пры Таварыстве Беларускай Мовы ім. Ф.Скарыны і музычнага лэйбла ёсць папулярызацыя забытых імёнаў і вяртанне ў сучасны беларускі кантэкст гістарычна-культурнага пласту, каторы, на жаль, паступова забываецца. У прыватнасці, Кастусь Каліноўскі – адна з такіх істотных нацыянальных гістарычных постацяў.
«Нас здзіўляе, што асоба Кастуся Каліноўскага выклікае неадназначную рэакцыю ў беларускім грамадстве, а ў замежжы ставяць пад сумнеў беларускае паходжанне славутага героя, — кажуць заснавальнікі кампаніі. —Кастусь Каліноўскі – лідар беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, публіцыст і паэт. Адзін з кіраўнікоў нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863—1864 гадоў. Нацыянальны герой Беларусі».
Чаму "УЗАЕМНА!"? Бо гэта вядомы пароль паўстанцаў Каліноўскага, які і на сённяшні дзень не губляе сваёй актуальнасці:   – Каго любіш?– Люблю Беларусь!– То ўзаемна!
UZAJEMNA! / УЗАЕМНА! – некамерцыйная асветніцка-культурная кампанія. У бліжэйшы час будзе запушчана кампанія па збору сродкаў для рэалізацыі праекта. 
У межах кампаніі БМА аб’яўляе наступныя мерапрыемствы:1) Конкурс лагатыпа/малюнка кампаніі – лога/малюнак пераможца будзе надрукаваны на ўсёй прадукцыі кампаніі: значакі, цішоткі, дыскі, а таксама на рэкламных матэрыялах (постэры, улёткі і інш). Дэдлайн: 1 чэрвеня.
2) Збор музычных твораў ад рок-гуртоў і бардаў. Прымаюцца як выдадзеныя кампазіцыі, так і новыя, дагэтуль не гучаўшыя песні. Лепшыя творы ўвойдуць у музычную складанку, а гуртам/бардам будзе прапанаваны выступ на тэматычным фэсце. Дэдлайн прыёма заявак: 1 жніўня.
3) Збор вершаў і іншых твораў, прысвечаных Кастусю Каліноўскаму. Творы будуць публікавацца на старонцы кампаніі ў сацыяльных сетках. Па дамове музычныя калектывы змогуць выбраць верш для выканання. Дэдлайн не абмежаваны.
Інфармацыю просяць дасылаць на скрыню uzajemna2019@gmail.com з пазнакай “Конкурс”.