#CашаТут. Канцэрт да 50-годдзя Кулінковіча ў «Графіці»
18 траўня ў Варшаве адбыўся канцэрт да 50-годдзя Аляксандра Кулінковіча, дзе вядомыя беларускія музыкі выконвалі яго песні. 20 траўня традыцыйны канцэрт у гонар народзінаў дзядзі Сашы зладзілі і ў Мінску ў легендарным клубе «Графіці», які Кулінковіч называў сваім «офісам».

Людзі, якія падыходзяць да «Графіці», вітаюцца і абдымаюцца амаль кожны з кожным — прыхільнікі «Нейра Дзюбеля» за шмат гадоў сталі сям'ёй. Музыкі не падвялі і адразу пачалі з вядомых «баевікоў» гурта. Больш за 25 песень падрыхтавалі «Дзюбелі», і ўсе яны спяваліся разам з тымі, хто гэтым цёплым вясеннім вечарам наведаў «Графіці».

Легендарны клуб ужо забыўся, калі бачыў столькі людзей. Ужо да сярэдзіны канцэрта дзверы не зачыняліся і шмат людзей стаялі звонку. Канцэрт атрымаўся адначасова і бадзёрым і па-хатняму цёплым. Як сказаў адзін з наведвальнікаў: «Адпачывай спакойна, Саша. Пабудаваны табой будынак у надзейных руках!» І мы з ім цалкам згодныя!

Глядзіце самі, як гэта было!