Хірургі гарадзенскіх вуліцаў змяняюць ахвяраў да непазнавальнасці

“Няма ані густу, ані меры. А абяцалі, што будзе тое самае”, — гарадзенскі краязнаўца Ігар Лапеха абураецца рэканструкцыяй дому Астроўскага. 



341104_original.jpg

Архітэктары абяцалі большага захаваць былы выгляд будынку. Зрэшты, а хто б сумняваўся? Фота supron-licvin.livejournal.com

Павялічыўся ўтрая і стаў цьмянага стылю


Дом інжынера-чыгуначніка Астроўскага – белы аднапавярховы з мансардаю – стаяў, хаваючыся за дрэвамі каля дзіцячага шпіталю непадалёк ад цэнтру гораду. Ён быў пабудаваны ў 1920–1930-я гады ў стылі польскага канструктывізму. У 1944 годзе ў ягоных падвалах гарадзенцы ратаваліся ад бомбаў, а ў савецкі час тут месціўся дзіцячы садок МУС, пазней – настаўніцкі інтэрнат. Апошнія гады будынак пуставаў і планаваўся пад знос. Аднак у 2011 годзе яго перадалі ва ўласнасць дзіцячаму шпіталю, каб зрабіць там гаспадарчы корпус.


belsat.eu__thumbs_picture2_5c91cd05422f0549d2b32ec10b4bbf20.html

Дом Астроўскага. Фота belsat.eu

Будаўнікі ўзяліся за дом летась у ліпені: знялі дах, разабралі ганак і частку сценаў. Абяцалі, што пасля рэканструкцыі сёлета ў лютым выгляд будынку будзе падобны да першапачатковага. Аднак цяпер цяжка пазнаць у гэтай пабудове стары дамок. Па-першае, ён павялічыўся ўшырыню ледзь не ўтрая.

340517_original.jpg

Дом інжынера-чыгуначніка Астроўскага да рэканструкцыі. Фота supron-licvin.livejournal.com


Першы раз дом дабудавалі з правага боку недзе ў 1960–1970-я гады – хутчэй за ўсё, каб настаўнікам у інтэрнаце хапіла месца. Але тады прыбудова гарманічна ўпісвалася ў цэлае. Цяпер жа і з левага боку разбудавалі, і выглядае гэта ўжо недарэчна”, – мяркуе Ігар Лапеха.


Па-другое, змяніўся стыль, дэкор, колер дому. “Невядома, у якім стылі цяпер гэты дом. Было падобна, што яго зробяць у эклектыцы канца ХІХ стагоддзя, можна было панавешваць ліштвы і сандрыкі [адмысловыя ўпрыгожванні вокнаў. – belsat.eu]. Але цяпер дэкор абсалютна безгустоўны, паўкруглыя дэталі не адпавядаюць памерам будынку, спалучэнне колераў – гэта, скажу груба, проста дыягназ”, – абураецца Ігар Лапеха.


Гарадзенскі блогер Мечыслаў Супрон акрэсліў новы стыль будынку як “аграстайл”.


 

Такая рэканструкцыя падманвае


belsat.eu__thumbs_picture2_6a2a4a94c502a3731a110cedb2abf1c4.html

Дом Астроўскага падчас рэканструкцыі. Фота belsat.eu

Гісторык і культурны антраполаг Сцяпан Стурэйка мяркуе, што дом можна было аднавіць нашмат больш эстэтычна і блізка да інтарэсаў помніка. Зрабіць гэта можна было нават тады, калі стаяла задача пашырыць будынак, хоць гэта і не лепшы варыянт. Адначасова гісторык адзначыў, што хоць інтарэсы помніка парушаныя, бо яго цяпер не відаць, рэканструктары досыць тактоўна паставіліся да гістарычнага асяроддзя, бо не пабудавалі тут, напрыклад, шматпавярховіка.


Але ж, на меркаванне Сцяпана Стурэйкі, у такой рэканструкцыі прысутнічае падман – як жыхароў, так і ахоўнікаў спадчыны: “Шмат залежыць ад прафесійнай этыкі архітэктараў, якія робяць праект. Будынак стаў абсалютна сучасны, але ён не выглядае як сучасны. Шараговыя жыхары могуць падумаць, што сучасны будынак, цалкам перароблены «пад даўніну», і ёсць той самы дом Астроўскага. Ён выкананы ў псеўдагістарычным стылі. Тут захавалася значная частка сценаў, але не відаць помніка, ён схаваўся. Гэта таксама падман ахоўнікаў спадчыны, бо ім абяцалі, што дом застанецца, які быў, а гэта татальная перабудова”.


 

Чарговыя прыклады «аднаўлення» да непазнавальнасці


Дом Астроўскага не адзіны ў Горадні, які страціў аўтэнтычнасць у выніку “рэстаўрацыі”. Да прыкладу, дом польскай пісьменніцы Зоф’і Налкоўскай пасля перабудовы атрымаў трэці паверх, якога ніколі раней не меў.


Цяпер ідзе рэканструкцыя двух суседніх гарадзенскіх дамоў канца ХІХ стагоддзя ў цэнтры гораду. Двухпавярховы дом Бартноўскага з мансардаю ў 1970-я гады зрабілі трохпавярховікам без мансарды. Пасля дом пуставаў восем гадоў, і яго нават планавалі цалкам разабраць. Урэшце вырашылі вярнуць гістарычны выгляд з мансардаю і знесці трэці паверх. Але калі ўначы руйнавалі тэхнікаю трэці паверх, знеслі і добрую частку другога. Суседні дом Міхальскага наадварот з аднапавярховага зробяць двухпавярховым з мансардаю. Будынак вядомы тым, што ў ім спынялася пісьменніца Эліза Ажэшка.


Рэканструкцыя “з нуля” закранула яшчэ адзін стогадовы гарадзенскі дом, з манументальнай выяваю на бочным фасадзе. Летась у лістападзе дом ушчэнт зруйнавалі з абяцаннем адбудаваць яго “двайнік” да чэрвеня. Аднак пакуль на гэтым месцы няма нават фундаменту. Дарэчы, Сцяпан Стурэйка адзначыў, што і на Захадзе існуе практыка рэстаўраваць дом ад самага пачатку – але яна моцна абмежаваная, бо губляецца аўтэнтычная каштоўнасць будынку, і каб атрымаўся стогадовы дом, трэба будзе пачакаць сто гадоў.


Прыклады псеўдарэстаўрацыі ёсць ва ўсёй Беларусі. У вёсцы Заастравечча (Клецкі раён Менскай вобласці) драўляную царкву 1933 года, якая прызнаная гістарычна-культурнаю каштоўнасцю, аздобілі сайдынгам. А ў вёсцы Гошчава (Івацэвіцкі раён, Берасцейшчына) драўляную царкву 1838 года ў 2009-м патынкавалі, паставілі шклопакеты, дадалі купал-цыбуліну, якога там ніколі не было. У Віцебску змянілі да непазнавальнасці стогадовы дом у архітэктурным ансамблі забудовы старой вуліцы. Яго абклалі “тэрмашубаю” і патынкавалі, а з-над дзвярэй зніклі брылі з арыгінальнымі каванымі кратамі.


 

Разбураюцца самі… з-за часу


Шмат якія дамы стаялі доўгі час занядбаныя і праз гэта самі разбураліся. У цэнтры Горадні можна пабачыць мноства струхлелых дамоў, пра якія ніхто не дбае. 

belsat.eu