Як знайсці беларускія мерапрыемствы па ўсім свеце. Цяпер гэта стала лягчэй. Далучайцеся!

Створаны тэлеграм-бот, які дапамагае знайсці беларускія мерапрыемствы па ўсім свеце. Далучайцеся!

image_2022_06_03_10_51_03.png

«Будзьма беларусамі» запускае тэлеграм-бот «Будзьма разам!» (https://is.gd/uaVZjX ), які дапаможа  падпісчыкам незалежна ад месца пражывання даведацца пра цікавыя беларускія мерапрыемствы ў сваім горадзе, краіне і нават па ўсім свеце!

Ад 2020 года Беларусь зазнала масавую хвалю эміграцыі. Безліч нашых суродзічаў на ўласным досведзе зразумелі, як цяжка на новым месцы ўліцца ў мясцовае жыццё,  адшукаць сяброў ды паплечнікаў, не згубіць сувязяў з беларускім асяродкам.

З новым ботам больш няма патрэбы па крупінках у розных сацсетках шукаць інфармацыю пра беларускія падзеі – трэба проста выбраць у боце новы горад і падпісацца на абнаўленні, кажуць стваральнікі. Яны абяцаюць максімальна акумуляваць інфармацыю, а падпісанты будуць атрымліваць пуш-паведамленні  і змогуць наведаць беларускія мерапрыемствы, на якіх можна пазнаёміцца з суайчыннікамі, усталяваць  кантакты, знайсці аднадумцаў.

Але бот — не толькі для тых, хто з’ехаў, ён і для беларусаў на Радзіме. Бот не толькі дасць разуменне, колькі ўсяго беларусы робяць па розных краінах, але і своечасова нагадае пра цікавыя падзеі ў розных гарадах Беларусі і дапаможа адчуваць повязь з іншымі, калі здаецца, што ўсе з’ехалі і нічога не адбываецца.

Падпісанты будуць атрымліваць паведамленні пра беларускія падзеі самага рознага кшталту: культурніцкія, асветніцкія, праваабарончыя,  антываенныя і інш.  – у сваім горадзе, рэгіёне або па ўсёй краіне. Канцэрты і выставы, спектаклі і фестывалі, вечарыны і прэзентацыі,  лекцыі і  семінары, акцыі салідарнасці – усё, што ладзяць беларусы ў розных краінах свету, будзе акумуляваць бот.

Карыстацца ім вельмі проста: выбірайце той ці іншы горад або ўсю краіну, падпісвайцеся  асобна на ўсе анлайн-мерапрыемствы ці выбірайце  варыянт all inclusive – усе беларускія падзеі свету (у тым ліку і анлайн-мерапрыемствы).  А пасля – сачыце  за беларускім дзвіжам і далучайцеся!

На сёння ў боце — абвесткі пра падзеі ў Беларусі, Польшчы, Літве, Латвіі, Германіі, Грузіі, Вялікабрытаніі, Чэхіі, ЗША. З дапамогай падпісантаў стваральнікі спадзяюцца пашырыць бот, каб ён стаў карысным як мага большай колькасці беларусаў/ак і ўключаў як мага болей краін і гарадоў.

Калі вы арганізатар нейкага мерапрыемства альбо ведаеце, што ў вашым горадзе яно будзе, а мы пра яго яшчэ не напісалі, дасылайце ў бот свае абвесткі,  а бот падзеліцца імі з усімі карыстальнікамі. Калі ж вашага горада не хапае ў нашым боце – паведаміце, і мы дададзім. Гэта можна рабіць проста праз радок паведамлення!

photo_2022_06_03_01_41_48.jpg

Стваральнікі тэлеграм-бот «Будзьма разам!» заклікаюць:

“Наша каманда працавала над ботам доўгі час, але ён, як і любы новы прадукт, можа мець памылкі і багі. Будзем удзячныя за любыя канструктыўныя заўвагі і прапановы. Гэта дапаможа нам зрабіць бот больш дасканалым і зручным для карыстальнікаў. Дарэчы, стварыла бот «Будзьма разам!» распрацоўшчыца чат-ботаў Кацярына Бусел, за што каманда «Будзьма Беларусамі» ёй шчыра дзякуе.

Далучайцеся і дзяліцеся спасылкай (https://is.gd/uaVZjX ) на бот з сябрамі ўжо сёння!

Будзьма беларусамі ў любой кропцы свету і будзьма разам!”