Дні беларускай культуры пройдуць у 26 гарадах Францыі

У Францыі пачаліся Дні беларускай культуры, якія працягнуцца да верасня. Пра гэта паведамляе прэс-служба пасольства Беларусі ў Францыі. 



images32.jpg

Як зазначаюць у дыппрадстаўніцтве, гэта самая маштабная культурная акцыя Беларусі ў Францыі: у 26 гарадах пройдуць 20 культурных мерапрыемстваў з удзелам больш як 200 дзеячаў культуры Беларусі. Яны прадставяць тэатральнае, харэаграфічнае, музычнае, выяўленчае, кінамастацтва і літаратуру Беларусі. 


Чакаецца, што Дні беларускай культуры наведаюць больш як 120 тысяч французаў. 


Падчас мерапрыемстваў адбудуцца гастролі Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі са спектаклем "Лебядзінае возера". Французскія гледачы ўбачаць 32 спектаклі ў найбуйнейшых гарадах, прычым сем спектакляў пройдуць на прэстыжнай пляцоўцы Парыжа — у Зале кангрэсаў. 


У Парыжы плануецца таксама прэм'ерны паказ спектакля "Пан Тадэвуш" у пастаноўцы Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. 


Дні беларускага кіно пройдуць у Ліёне і Брэсце. Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм" адкрые павільён беларускага кінематографа на 67-м Канскім кінафестывалі. 


У красавіку ў французскім Брэсце пройдуць Дні беларускага Брэста. 


Шэраг мерапрыемстваў адбудзецца ў штаб-кватэры ЮНЕСКА. 


У Парыжы таксама плануецца правядзенне арт-праекта "Забор". Пры падтрымцы міністэрстваў культуры Беларусі і Францыі запланаваны візіт дырэктараў нацыянальных і іншых вядучых музеяў Беларусі ў Францыі з мэтай устанаўлення непасрэдных кантактаў з вядучымі французскімі музеямі. Пры фінансавай падтрымцы Міністэрства культуры Францыі запланавана таксама месячная стажыроўка ў Францыі двух рэстаўратараў Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. 


Музычная частка Дзён культуры пройдзе ў мэрыях шэрагу акругаў Парыжа. 11 красавіка адбудзецца канцэрт беларускіх музыкантаў у Люксембургскім садзе Парыжа. 


Падчас Дзён культуры пройдзе шэраг іншых мерапрыемстваў па прадстаўленні культуры і гісторыі Беларусі. 


У шэрагу гарадоў Францыі (Ліёне, Брэсце, Тулузе, Страсбургу і іншых) адбудуцца прэзентацыі магчымасцяў гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва з Беларуссю. 


Дні беларускай культуры ў Францыі ў апошні раз праводзіліся ў 2002 годзе. Як зазначаюць у пасольстве, фінансаванне акцыі на гэты раз будзе ажыццёўлена на камерцыйнай аснове, з прыцягненнем сродкаў спонсараў — беларускіх і французскіх кампаній.
Андрэй Серада, БелаПАН