Дыхаць «Вольным паветрам» ды ствараць нацыянальную культуру
Карэспандэнты belsat.eu пазнаёміліся з каларытнымі бабулямі-суседкамі вядомага хутара «Шаблі». Пра пераемнасць традыцыі ды патэнцыял эксперыментаў з фолькам – у рэпартажы з фестывалю «Вольнае паветра – 2016».
«Дзед бабу раздзяваў-Увідзеў кукушку.Яна не свішча, не пяе,Толькі роцік разяе».
Кіраўніца фальклорнага калектыву з вёскі Дубіна што ў Валожынскім раёне, спн. Тамара папярэджвае, што некаторыя прыпеўкі ў іх рэпертуары «салёненькія». Самая «маладая» удзельніца, 85-гадовая Міхайлаўна, ведае іх цэлую процьму.
У гэтым годзе праграму «Вольнага паветра» падзялілі фольк-калектывы ды рок-музыканты.
«Мы хваляваліся, бо з намі няма дзвюх удзельніцаў, якія былі першымі галасамі, – кажа спн. Тамара. – Толькі Міхайлаўна не хвалявалася».
Звычайна гэтыя бабулі спяваюць на раённых святах ды проста самі для сябе. Выступ на адной сцэне з вядомымі зоркамі для публікі хутара «Шаблі» – своеасаблівы дэбют. Хоць спадарыня Тамара гаворыць, для іх не стане цяжкасцю даваць такія канцэрты і надалей.
«Мы хочам, каб нас прымалі такімі, якія мы ёсць, – расказвае кіраўніца калектыву. – Сёння мы спецыяльна не ў строях. Яны апрануліся так, як звычайна апранаюцца».
Раней такі падыход – жывая аўтэнтыка плюс вядомыя зоркі – практыкаваўся, бадай, толькі на фестывалі «Камяніца». Там лайнап заўжды адкрывалі пару гуртоў з традыцыйнымі спевамі. На сёлетнім «Вольным паветры» фальклорная частка займала каля трох гадзінаў, у якія змясціліся восем выканаўцаў. Яе прадусарам стаў сусед гаспадара хутара ў Шаблях Уладзіміра Шаблінскага Васіль Грынь.
«Я рады, што тут большасць калектываў менавіта з Валожынскага раёну. Яшчэ ёсць Менск і Полацк. Я маю сяброў з Польшчы і Славакіі – яны былі гатовыя ехаць сюды выступаць бясплатна».
Праз высокі кошт гастрольнага пасведчання (каля $ 2 тысяч) у гэтым годзе «Вольнаму паветру» прыйшлося адмовіцца ад замежных гуртоў.
Затое ідэя арганізатараў – паказаць шлях беларускай музыкі ад народнага да прафесійнага гучання – удалася на 100%.
Вакаліст і дудар гурта PAWA Юрась Панкевіч са сцэны падзякаваў свайму старэйшаму калегу Алесю Ласю, які выступаў у фальклорнай частцы. Ягонымі напрацоўкамі карыстаўся фольк-рокавы бэнд, калі ствараў ужо ўласную музыку.
«Юрась за 5 год вырас у дзясяткі разоў. Гэта выйшла з нашых эксперыментаў з дудамі. Мне прыемна, што інструмент пашырае зону дзеяння ў культуры, – падзяліўся з belsat.eu Алесь Лось. – Людзей, што разумеюць чысты фольк, мала, яшчэ меней тых, хто яго спявае. А вось густоўны рок працуе на развіццё інтэлекту ды мае патэнцыял. Гэта ўжо фармат нацыянальнай культуры».
Ахвотных паслухаць, як народная музыка становіцца нацыянальнай, назбіралася да тысячы асобаў. Як прызнаўся Уладзімір Шаблінскі, з большага гэта госці, якія прыйшлі па запрашэннях. Імаверна, даўся ў знакі двухгадовы перапынак з канцэртамі на хутары праз пажар.
Не змянілася тут самае важнае: утульнае сямейнае асяроддзе, гасціннасць гаспадароў ды атмасфера, дзе дыхаецца вольна.