Ці знішчаць агратурызм новыя правілы гаспадарання

«Калі агратурызм загнецца, то вінаватымі ў гэтым будуць чыноўнікі», — катэгарычна заяўляе старшыня праўлення БГА «Адпачынак у вёсцы» Валерыя Кліцунова.

"Засценак Скрыплеў"

"Засценак Скрыплеў"


Паводле ўказа прэзідэнта № 372, уладальнікам сельскіх сядзіб дазволена мець да дзесяці пакояў, каб аказваць турыстычныя паслугі. Права на занятак аграэкатурызмам распаўсюджана не толькі на фізічных асоб, фермерскія або сялянскія гаспадаркі, але і на ўсе сельскагаспадарчыя арганізацыі, якія з’яўляюцца юрыдычнымі асобамі. Таксама можна звярнуцца ў ААТ «Белаграпрамбанк», каб папрасіць крэдыт у суме да 2 000 базавых велічынь на тэрмін да 5 гадоў (фізічным асобам — да 7 гадоў) з выплатай 5 % гадавых. Уладальнікі аграсядзіб плацяць мінімальны падатак — адну базавую велічыню на год (цяпер гэта 22 рублі).


Спрыяльныя ўмовы для вядзення спраў падштурхнулі многіх людзей узяцца за турыстычны бізнэс. У 2006 годзе ў Беларусі было 36 сядзіб, а сёння іх зарэгістравана 2 263. У 2014 годзе ў беларускіх аграсядзібах адпачылі каля 330 тысяч чалавек: 85 % беларусы, 15 % — замежнікі.


І вось у Міністэрстве спорту і турызму зразумелі, што такімі льготнымі ўмовамі з задавальненнем карыстаюцца асобы, якія пад выглядам агратурызму аказваюць нямэтавыя паслугі. Размова найперш пра здачу ў арэнду памяшканняў для карпаратываў, святаў, катэджаў на суткі.

«Што тычыцца ўнясення зменаў ва ўказ №372, яны ўжо наспелі, таму што такіх прэферэнцый, якія даюцца людзям, няма ні ў адной краіне свету», — сказаў намеснік міністра спорту і турызму Беларусі Міхаіл Партной напрыканцы 2015 года.

Чакалася, што ўжо ў пачатку 2016 года аграсядзібы пачнуць працаваць па новых больш жорсткіх правілах (хаця льготныя ўмовы былі замацаваныя да 2021 года).

Тым часам уладальнікі класічных аграсядзіб з трывогай чакаюць новых дакументаў, што будуць рэгламентаваць іх дзейнасць.



«Кролава хата»

«Кролава хата»


Аляксандр Крол яшчэ ў 2003 годзе пачаў працаваць у галіне агратурызму. «Кролава хата» месціцца ў Расонскім раёне Віцебскай вобласці. Месца далёкае, і турыстаў там не так многа, як у раскручаных сядзібах побач з Мінскам. «Пераважае старая і самаробная мэбля, печы і каміны складзеныя гаспадарамі, сцены з пацямнелых ад часу бярвення, поўная адсутнасць гламуру», — так апісваюць сваю сядзібу гаспадары. Яны ж — дасведчаныя турыстычныя інструктары, былі арганізатарамі краязнаўчых экскурсій, паходаў, падарожжаў. Пры іх актыўным удзеле праводзіцца фестываль сельскага турызму «Заборскі фэст». Адпаведна, сядзіба прапануе гасцям актыўны адпачынак: пешыя, конныя, велапрагулкі, канькі, лыжы, тэніс, рыбалку, збор грыбоў і ягад.

Гаспадыня сядзібы Вера Крол, апісваючы расходы, гаворыць, што многа грошай сыходзіць на электрычнасць, дровы, газ у балонах. На сядзібу госці прыязджаюць пераважна летам, то атрымліваецца, што заробак сезонны.

Пражыванне цягам сутак каштуе ў эквіваленце 10 долараў, харчаванне аплачваецца дадаткова. Але, па словах гаспадыні, на гэтым многа не заробіш. «Падняць плату за пражыванне наўрад атрымаецца, бо хто тады паедзе ў нашу вёску?» — расказвае пра эканоміку аграэкатурызму Вера Крол.

Яна распавяла, што неяк падбіла баланс выдаткаў-даходаў, атрымалася, што ў месяц аграсядзіба прынесла па 1,5 мільёна недэнамінаваных беларускіх рублёў.

«Дзе большая плынь людзей, там даходы больш. Зарабляюць найперш тыя, у каго стаўка на гатэльны і рэстаранны бізнес. Даўно размова ідзе пра тое, каб размежаваць вясковыя сядзібы і гатэльны варыянт, — кажа Вера Крол. Яна ж прызнаецца, што паставіць сонечныя батарэі ці нават сучасны кацёл, каб перавесці жытло на паравое, а не пячное ацяпленне, сям’я не можа, бо дорага. — Падчас семінараў мы бачылі падобныя варыянты ў іншых гаспадароў, але гэта іншыя капіталаўкладанні».

«Калі павялічыцца падатковая нагрузка, то сэнс працы для многіх губляецца. Можа, нехта сыдзе ў цень, будзе хаваць аб’ёмы паслуг. Я ведаю, што, калі сядзібы паспяхова развіваюцца, то ўласнікі самі пераходзяць на іншую ступень гаспадарання — афармляюць ІП, напрыклад. А хто робіць наадварот, то іх трэба прыціскаць. Такая дзейнасць адразу бачная, дастаткова трапіць на падворак сядзібы. Толькі гэта ж з інспекцыямі трэба ездзіць, правяраць. Чыноўнікам прасцей забараніць. Але вялікіх грошай яны ўсё адно не збяруць з гаспадароў сядзіб, а працэс развіцця могуць спыніць, — разважае Аляксандр Крол. — Калі ў нас праводзіцца нейкі семінар у колькасці 10 чалавек, то што? Яны ж нармальна ўпісваюцца ў нашы ўмовы. Цяпер у нас адпачывае сям’я, і яны зладзілі сваім дзецям свята. Як гэта можна забараніць?»

Аляксандр Крол гаворыць, што кліентаў у яго паменела, але звязвае гэта найперш не з эканамічнымі праблемамі, а з ростам прапаноў, аб’ёму рэкламы. Ёсць сталыя госці, больш ездзіць расіян, бо недалёка мяжа з Расіяй.


«Засценак Скрыплеў»

«Засценак Скрыплеў»


Не заўважае значнага ўплыву праблем у эканоміцы на справы і ўладальнік сядзібы «Засценак Скрыплеў» у Валожынскім раёне Васіль Грынь. Паводле яго слоў, сядзіба мае выразны экалагічны ўхіл, колькасць гасцей стабільная. Сёлета былі групы турыстаў з Германіі і Польшчы. «Мы не прапануем паслугі «катэджа на ноч», таму і не адчуваем вялікіх ваганняў попыту. Але, калі перавесці прыбыткі ў валюту, то, канешне, менш цяпер», — гаворыць спадар Грынь.

«Засценак Скрыплеў» — гэта комплекс з двух жылых драўляных хат даваеннай пабудовы, з рэканструяваным інтэр’ерам 1930-х гадоў, лазня на дровах, прасторны навес-тэраса, летняя кухня. Гаспадары прапануюць гасцям сядзібы найперш актыўны адпачынак — сплавы на байдарках і каноэ, пракат ровараў і вандроўку па распрацаваных маршрутах на 20, 50 і 70 кіламетраў.

Васіль Грынь падкрэслівае, што зарабляе на актыўным адпачынку, а не на «кухні-начлезе», чым займаюцца большасць сядзіб вакол Мінска.

«Я пазіцыяную сябе як фолк-хостэл. Людзі плацяць за карыстанне рыштункам, за арэнду тэрыторыі кемпінга, начлег у сядзібе. Можна замовіць майстар-клас па рэгіянальнай кухні. Бываюць майстар-класы па музыцы, народнаму танцу. Я па адукацыі гісторык, у нашых мясцінах праходзіла лінія фронту падчас Першай сусветнай вайны. Мы рабілі ўжо джып-экскурсіі па гэтых мясцінах», — распавядае гаспадар сядзібы.

Да слова, таксама Васіль Грынь валодае турыстычным прадпрыемствам «Зялёная каманда». То бок аграсядзіба — не адзіная крыніца даходу.

Васіль Грынь гаворыць, што цяпер яго выдаткі найперш ідуць на бензін плюс амартызацыя машыны, каля 360 долараў за год выдаткоўваецца на электрычнасць, яшчэ прыкладна 120–130 долараў штогод трэба на пакупку 14 кубоў дроў.

У гаспадара добры агарод, з яго на стол ідзе каля 60% гародніны-садавіны, ёсць 12 коз і 3 авечкі. Хутка можа з’явіцца конь і карова.


«Я раўняюся на стандарты Аўстрыі, Славакіі, Швецыі. Бачу сэнс у спалучэнні творчага жыцця з актыўным», — гаворыць Васіль Грынь, які да гэтага працаваў інструктарам на лыжных курортах у Аўстрыі.


Разам з тым ён упэўнена адзначае, што рэформа заканадаўства для аграэкатурызму патрэбная. Бо на пачатку льготныя ўмовы для ўласнікаў аграсядзіб былі скіраваныя на развіццё вёскі, цяпер жа пад адной маркай працуюць і сціплыя вясковыя сядзібы, і буйныя комплексы з вялікімі інвестыцыямі.

«Іншая справа, што абяцалі стабільнае заканадаўства да 2021 года, то трэба гэтага прытрымлівацца. А ідэя павялічыць падаткі, дык пакуль тоўсты ссохне, худы здохне. Для аграсядзібы з вялікім прыбыткам усё адно, 10 ці 100 долараў плаціць у год. Вясковым жа сядзібам гэта можа стаць сур’ёзным ударам», — разважае Васіль Грынь.

Ён адзначае, што льготныя ўмовы для аграэкатурызму сапраўды спрыяльныя для развіцця. І някепска было б уладам працягнуць гэтую лінію, ды падтрымаць стварэнне ў рэгіёнах невялікіх гатэляў, прыватных кавярняў, каб людзі былі на сваіх месцах.


«Засценак Скрыплеў»

«Засценак Скрыплеў»


Валерыя Кліцунова, старшыня праўлення БГА «Адпачынак у вёсцы», скептычна ставіцца да намеру чыноўнікаў увесці новыя правілы гаспадарання для ўласнікаў аграэкасядзіб.

«Бізнес развіваецца. Уласнікі сядзіб увесь час шукаюць новыя ідэі і падыходы. Напрыклад, нядаўна ў сядзібе «На Зарэчнай вуліцы» ў Брэсцкай вобласці спусцілі на ваду дракар вікінгаў, турыстам прапануецца аўдыёгід, іх суправаджае дзяўчына ў скандынаўскім строі. Распрацаваныя веламаршруты, сядзібы прапануюць кулінарныя экспедыцыі, праграмы па выбудоўванні каманднага духу, людзі пачалі працаваць з тураператарамі… Крызіс мы перажывём, а галоўная пагроза цяпер сыходзіць ад дзяржавы. У Міністэрстве спорту і турызму рыхтуюцца змены ва ўказ №372 «Аб мерах па развіцці аграэкатурызму». Гэтыя новаўвядзенні могуць негатыўна адбіцца на бізнесе ў вёсцы. Мне дзіўна, што галіна, якая развілася без дзяржаўных уліванняў, можа быць знішчаная. Калі агратурызм загнецца, то вінаватымі ў гэтым будуць чыноўнікі», — эмацыйна гаворыць Валерыя Кліцунова.

Таксама яна адзначае, што Міністэрства спорту і турызму дэманстратыўна не ідзе на дыялог з грамадскім аб’яднаннем.