«Джазавыя вечары — 2018» закрые канцэрт «У джазе толькі дзяўчаты»
У суботу 7 ліпеня адбудзецца заключны канцэрт «Джазавыя вечары з Банкам БелВЭБ». Асновай праграмы пад дэвізам «У джазе толькі дзяўчаты» стануць праекты з удзелам инструменталисток і вакалістак з Францыі, Ізраіля, Беларусі.
Вечар адкрые дуэт 10-гадовых саксафаністак Арыны Чырыца і Дар’і Ягоўдзік. Яны прадстаўляюць дзіцячую музычную школу нумар 14 горада Мінска. Яны граюць усяго год, але іх талент ужо адзначаны прызамі на конкурсах. Арына Чырыца з’яўляецца лаўрэатам конкурсаў «Джаз-тайм 2018» (Салігорск), «Я граю джаз» (Мінск), «Шанец» (Парэчча). Дар’я Ягоўдзік таксама з’яўляецца лаўрэатам конкурсу «Шанец» (Парэчча).
Хэдлайнерам заключнага вечар будзе піяністка Billy Cobham Band Камелія Бэн Насер (Францыя) са сваім трыа, вакалістка Сіван Арбэл (Ізраіль), а таксама беларускія калектывы Lu Krukovskaya Project і «Джаз-трыа Яўгеніі Лятун» (Беларусь).
— Калі мы ўспамінаем самых вядомых джазавых выканаўцаў, то часцей за ўсё гаворым пра спявачак: Білі Холідэй, Эле Фітцжэралд і іншых, — адзначае рэжысёр фестывалю Андрэй Каліна. — На нашым канцэрце мы развеем міф, што джазвумен у асноўным спяваюць. Яны не менш віртуозна валодаюць музычнымі інструментамі, асабліва такімі, здавалася б «мужчынскімі», як кантрабас і бас-гітара, я ўжо і не кажу пра клавішныя і духавыя.
Канцэрт будзе праходзіць з 20:30 да 23:00 на сцэне каля Ратушы, уваход вольны. Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць Мінгарвыканкам і канцэртнае агенцтва «Івэнт-4А». Генеральны партнёр фестывалю — ААТ «Банк БелВЭБ».