Дзень радыё: без аглядкі на чорныя спісы
На Дзень радыё арганізатары сабралі ў адзін тузін гурты, якія апошнім часам падвяргаліся забаронам, каб паглядзець на рэакцыю тых, хто прызвычаіўся вырашаць усе праблемы з дапамогай тэлефоннага права.
Гурт "Карма"
Гэты канцэрт мае досыць цікавую перадгісторыю. Яго арганізатарамі сталі выдавецкая суполка «БМАgroup» і «Еўрарадыё». Неяк на адной з сустрэч кіраўніка краіны з прэсай дырэктар «Еўрарадыё» Віталь Зыблюк наўпрост задаў пытанне пра чорныя спісы. У адказ Лукашэнка здзівіўся: «Калі яны не выступаюць супраць існуючай улады, дык чаму іх трэба забараняць?»
Праект «Дзень радыё» сабраў шматлікую тарсіду прыхільнікаў беларускага року ў клубе «RE:PUBLIC». Заўважу, што ўсе арганізатары «Дня радыё» ў адзін голас адзначалі, што аніякага ціску на іх не было, і ўсе задумы ажыццяўляліся напоўніцу, што адчувалася падчас правядзення канцэрта.
Дзень радыё — дзень пазітыўнага настрою
Першым на сцэну буйнейшага сталічнага клуба быў запрошаны малады гурт «МутнаеВока», які з’явіўся ў афішы «Дня радыё» дзякуючы галасаванню слухачоў на сайце радыёстанцыі. Музыканты зрабілі ўсё, каб старэйшыя таварышы-рокеры дзякавалі «МутнамуВоку» за тое, што «разагрэлі» залу, паднялі настрой слухачам. І сапраўды, фронтмэну гурта Яўгену Змушку ўдалося з першых акордаў прыцягнуць увагу слухачоў сваім спевам і яскравымі мелодыямі, старымі хітамі і новымі кампазіцыямі. Публіка з энтузіязмам прыняла такія кампазіцыі «МутнагаВока», як «Новыя хваля», «Небасхіл», «Сэрца стук», у якіх адлюстраваліся сённяшнія музычныя арыенціры музыкантаў. А гэта стварэнне кампазіцыі ў панк-стылістыцы, у якіх можна адчуць уплыў папулярных мелодый і музыкі рэгі, сучаснага пост-панку.
Яўген Змушка — саліст гурта "МутнаеВока"
Сапраўды, рэдкі госць на айчынных клубных падмостках — гурт «POMIDOR/OFF», у якім ужо шмат гадоў вядзе рэй вядомы беларускі рок-музыкант і рэпер Аляксандр Памідораў. Апошнім часам слухачы прызвычаіліся да таго, што вядомы выканаўца выступае ў якасці вядучага розных музычных праектаў ці імпрэзаў. А вось самога Алеся ў якасці фронтмэна асабістага праекта слухачы даўно не бачылі.
Гурт «POMIDOR/OFF»
З’яўленне музыкі ў якасці ўдзельніка «POMIDOR/OFF» было сустрэта шчырымі апладысментамі. Бо слухачы добра памятаюць такія хіты гурта, як «Шабаны», «Свята пакрадзенае», «Быць беларусам». Менавіта гэтымі творамі і распачалі свой сэт А. Памідораў і яго сябры па камандзе. У праграме гурта «POMIDOR/OFF» гучалі і новыя кампазіцыі (напрыклад, «Дыска») з апошняга альбома «Патас/Попс/Прапаганда», якія адкрылі яго прыхільнікам новы бок творчага амплуа А. Памідорава — пазітыўнага, схільнага да гумару і жартаў выканаўцы.
Пасля сэта рэабілітаванага Памідорава на сцэну пад гучныя апладысменты была запрошана легендарная «Крама», якая з першых жа акордаў захапіла ўвагу ўсіх прысутных: загучаў хіт «Камендант». Залу ахапіла стыхія караоке, калі агульныя спевы суправаджалі канцэрт выканаўцаў.
Слухачы вітаюць «Краму»
Адзін за адным гучалі любімыя песні, якія сталі сімваламі многіх пакаленняў маладых беларусаў: «Анёл», «Стэфка–2», «Хавайся ў бульбу!», «Хто дапаможа нам?», «Бяжы хлопец» і іншыя кампазіцыі. А закончылі — цудоўнай баладай «Падае дождж», якая аб’яднала музыкаў і слухачоў і, відавочна, паабяцала новыя сустрэчы.
Музыкі гурта «:B:N:» не сталі прымушаць чакаць сябе і на пазітыўнай хвалі, якая ўзнялася пад музыку «Крамы», рушылі наперад. Хіт-канвеер ад «:B:N:» працаваў бесперапынна і бескампрамісна. «Цягнік», «Крок за крокам», «Жыве рок-н-рол!», «Загінулым паэтам» і іншыя кампазіцыі нагадалі слухачам і музыкантам поспех іх папярэдніх канцэртаў і прэзентацый, якія грымелі тут раней.
«:B:N:» выконвае свае хіты
Але спрактыкаваныя наведвальнікі рок-канцэртаў ведалі, што трэба пакінуць сілы і на апошні рывок, які абяцаў доўгачаканую сустрэчу з гуртом «NeuroDubel». Слухачы, які даўнавата не бачылі шоў сваіх улюбёных панкаў, баяліся, што музыканты састарэлі і іх канцэртны імпэт знік з узростам і адсутнасцю канцэртаў. Але з першых жа песень «Neuro Dubel» давёў слухачам, што каманда знаходзіцца ў выдатнай форме і гатова да новых канцэртных «прыгод». На сцэне шчыравалі фронтмэны А. Кулінковіч і Ю. Навумаў, якія сваім экспрэсіўным выкананнем і артыстызмам даказалі, што песні гурта застаюцца актуальнымі і сёння, што іх ведаюць і любяць беларускія слухачы.
Гурт «Neuro Dubel»
Са сцэны лідар «Neuro Dubel» Аляксандр Кулінковіч абвясціў, што неўзабаве 17 траўня павінен адбыцца вялікі сольны канцэрт гурта, і ён запрасіў усіх сваіх прыхільнікаў у клуб «Цэнтр».
Здаецца, «чорныя спісы» перастаюць быць такімі жорсткімі, значыць, нас чакаюць новыя сустрэчы з любімымі выканаўцамі.