Экскурсія па выставе «Колер Беларусі» Міхала Анемпадыстава

У адну сакавіцкую суботу 2017-га Міхал Анемпадыстаў, якому сёння споўнілася б 54 гады, правёў для ахвочых экскурсію па сваёй фотавыставе «Колер Беларусі». Прапануем вытрымкі з яе.

001_m._anempadystau_a.ljaszkevicz_img_20170318_151833_logo.jpg

Шмат з таго, пра што тады распавядаў спадар Міхал у офісе Саюза дызайнераў, ён напісаў у прадмове да кнігі “Колер Беларусі”. Але жыўцом слухаць яго было, канечне, цікавей. Таму публікуем некаторыя цікавыя фрагменты.

— Я займаюся колерам яшчэ з 1990-х, а дакладна гэтай тэмай — з 2009-га. Белы і чорны, іх спалучэнне — першыя, якія паўстаюць у любой культуры, не толькі ў беларускай. Яны першапачаткова не зусім колеры, пазначаюць таксама цемру і святло. Дагэтуль за імі цягнецца архаічны шлейф. Для мяне першасны носьбіт белага колеру — гэта крэйда. Бо крэйда — тая парода, дзе знаходзілі крэмень. А крэмень — гэта матэрыял, які тут пачалі здабываць яшчэ ў неаліце. Славутыя Краснасельскія шахты ўнікальныя, іх знойдзена блізу тысячы, пры тым, што значная частка была разбураная.

З мелу (менавіта такое слова выкарыстаў спадар Міхал, разумеючы масу, у якой знаходзілі крэмень, у супрацьвагу кавалку, які зваў крэйдай. — рэд.) робіцца вапна. З той, у сваю чаргу, рабілі росчыну для мацавання камянёў падчас будаўніцтва. З вапны робіцца кладка, характэрная для поўначы Беларусі. Можна назваць “браслаўскую кладку”, бо такіх будынкаў у Браславе вельмі шмат, хаця ёсць і ў іншых раёнах. Характэрны прыём — выбіраюцца чорныя базальтавыя каменьчыкі і ўтыркаюцца ў вапну. Так атрымліваецца бела-чорная каларыстыка.

002_m._anempadystau_a.ljaszkeviczimg_0320_logo.jpg

Белы колер і ў старажытнасці, і цяпер — досыць умоўны парадак. Белымі лічацца самыя розныя паверхні, колер якіх можна ўлучыць у “групу белых колераў”. Малако — архетыпічны прадукт, які ва ўсіх культурах вельмі важны. У беларускай — асабліва важны праз традыцыі харчавання. Малако — падставовы прадукт у беларусаў. Цяжка знайсці іншую культуру, у якой здаровы мужык выпіваў па тры літры малака на дзень, і гэта лічылася не напоем, а ежай.

003_m._anempadystau_a.ljaszkevicz_img_0326_logo.jpg

Неаліт у Беларусі пачынаецца ў сферы керамікі. Яшчэ не адбылося пераходу да вытворчай гаспадаркі, бо прыродных рэсурсаў хапала. Кераміка часта выраблялася з рытуальнымі мэтамі. Узнікненне тэкстылю адбываецца ў IV стагоддзі да нашай эры, ткацкі станок выкарыстоўваўся прадстаўнікамі Зарубінецкай археалагічнай культуры.

У Беларусі тэкстыль кепска захоўваецца, у Літве знаходкі тэкстылю старэйшыя: І ст. н. э. Лён з’явіўся пазней за воўну. Тэхналогія вырабу клінковых сыроў напрасткі звязаная з тэкстылем: сыр робіцца ў палатняным мяшэчку. У кожнай гаспадыні мяшэчак быў свой, яго нельга было пазычаць суседзям. Гэты мяшэчак перадаваўся ад бабулі да ўнучкі, праз пакаленне. Для стварэння сыру тканіна мяшэчка “працавала” ў сімбіёзе з бактэрыямі. Мяшочак меў тэхналагічны шоў, які адбіваўся на сыры. Па гэтым адбітку гаспадыня магла пазнаць свой выраб, калі ён з іншымі сырамі быў, напрыклад, на купальскім стале (сыры былі традыцыйным пачастункам на Купалле). Хлебную рошчыну таксама не пазычалі.

004_m._anempadystau_a.ljaszkevicz_img_0321_logo.jpg

У Заходняй Беларусі вывучэнне этнаграфіі і фальклору было пастаўлена добра, бо грунтавалася на традыцыях моцнай Віленскай школы. Яна стала падмуркам польскай этнаграфіі, якая лічылася адной з самых “прасунутых” у свеце на той час. У вёсцы Страдзічы каля Брэста — унікальная традыцыя “чорнага гафту”. “Гафт” — гэта вышыванне, але такія ж узоры можна ствараць і ў тэхніцы ткацтва, больш старажытнай.

Адкуль там узялася такая традыцыя — незразумела. Увогуле гэты рэгіён схіляецца да чорна-белай каларыстыкі. Для ўсёй Беларусі гэта не ўласціва, звычайна гэта белае палатно і чырвоны арнамент, часам з дамешкам. “Чорны” арэал заходзіць на польскі бок, супадае з арэалам яцвягаў. Гэта племя звязваецца з чорным колерам і ў фальклоры. Шмат хто з даследчыкаў піша, што яны насілі чорную вопратку. Адкуль гэта ўзялася і пераходзіць з кнігі ў кнігу, я не ведаю, спасылак не сустракаў.

005_m._anempadystau_a.ljaszkevicz_img_0322_logo.jpg

Чырвоны ў любой мове і культуры — трэці пасля чорнага і белага. Чорны і белы на архаічным узроўні — гэта не зусім колеры, бо яны выходзяць з абстракцый ценю і святла. Таму можна сказаць, што чырвоны — гэта першы сапраўдны колер. Ён заўсёды з’яўляецца дзякуючы якому-небудзь фарбавальніку, і назвы ўсіх адценняў чырвонага звязаныя з назвамі фарбавальнікаў.

Слова “чырвоны” ў славянскіх мовах звязана з фарбавальнікам “чарвец”. Гэта ўласнаславянскае вынаходніцтва. Складана даказаць, але шэраг фактаў паказвае на рэгіён польска-ўкраінскага памежжа (узвышша Расточча, Малапольскае ўзвышша) як месца паходжання гэтай тэхналогіі фарбавання. Яна “руская”, калі пад Руссю разумець Кіеўскае княства. Відаць, вынаходніцтва адбылося яшчэ да фармавання Зарубінецкай культуры.

Чырвоны колер асацыяваўся ў Польшчы са шляхтай. Нават ішла вайна мянушак палякаў-“бурачкоў” з літвінамі-“бацвіначнікамі” (ад слова “бацвінне” — лісце буракоў. — рэд.).

На сялянскіх рэчах ХІХ стагоддзя насычанага чырвонага колеру часта не атрымлівалася. Магчыма, дзе-нідзе ніткі фарбавалі бураком. А чарвец даваў насычаны колер. Ён быў адным з галоўных прадуктаў экспарту Рэчы Паспалітай на працягу XV ст. Экспартаваўся ў Венецыю. Там узнікла назва тканіны “кармазін”. А цяпер усё страчана.

Рабец атрымлівалі з інсекты, якая мае вельмі складаны жыццёвы цыкл. У нейкі момант яна прысмоктваецца да карэння расліны, адкідае ножкі, вусікі, вочкі — усё, і робіцца часткай расліны. У гэты момант інсэкту збіраюць, сушаць і з яе атрымліваецца фарбавальнік. Некалькі стагоддзяў спатрэбілася, каб даказаць, што гэта інсэкта, а не расліна. Потым інсэкту класіфікавалі і назвалі “шчытоўка”.

У ХІХ стагоддзі польскія патрыёты заклікалі аднавіць тэхналогію вырабу “кашынэлі польскай”. Пра гэта шмат пісалі тады. На пачатку ХХ стагоддзя рабілі маніторынг і так і не зразумелі: ці шчытоўка мае прыродныя анклавы, ці яны ўтварыліся ў выніку культывацыі. На Беларусі пра шчытоўку мала што вядома. Яна была занесеная ў Чырвоную кнігу, потым выкрасленая, бо зусім не даследаваная і невядома ўвогуле, ці ёсць яна на Беларусі.

006_m._anempadystau_a.ljaszkevicz_img_0305_logo.jpg

Папулярная еўрапейская фарба — так званая “фалунская чырвоная”, яе здабывалі з адкідаў радовішчаў медзі ў Фалуне (Швецыя). Цяпер гэтае радовішча ўнесена ў спіс культурнай спадчыны UNESCO. Фарбу пачалі рабіць з XVI ст., а распрацоўваць радовішча раней. Дадавалі алей, жытнюю муку, яшчэ нешта... Цяпер засталіся толькі адкіды радовішчаў, з іх дасюль робяць фарбу дзве ліцэнзаваныя фірмы. Такая фарба прадаецца ў малых колькасцях, толькі ў Скандынавіі, каштуе вельмі дорага. У нас падобная, самая танная фарба — сурык жалезны. Больш дакладна было б зваць “аксід жалеза”, але ў народзе прыжылося слова “сурык”. Гэта прыродны кансервант.

У беларускай мове няма “карычневага” колеру. Брунатная гама падзеленая між чырвоным (тэракота) і шэрым. Гэтыя адценні можна таксама смела называць чырвонымі.

Фота аўтаркі