Фестываль воднага турызму "Нёманская вясна" пройдзе на Аўгустоўскім канале 17–19 красавіка
Міжнародны фестываль воднага турызму "Нёманская вясна-2015" адбудзецца на Аўгустоўскім канале 17–19 красавіка. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Гродзенскім абласным аддзяленні ГА "Рэспубліканскі турысцка-спартыўны саюз".
Фота з архіва belta.by
Спаборніцтвы пройдуць на рацэ Асташанка ў раёне Аўгустоўскага канала каля вёскі Нямнова і збяруць амаль 300 удзельнікаў з Мінска, абласцей краіны, розных турыстычных клубаў, спартыўных і адукацыйных устаноў і арганізацый. Да ўдзелу запрошаны таксама каманды Украіны, Польшчы, Літвы, Латвіі, Расіі. Спаборнічаць будуць амаль 15 каманд па 16 чалавек у кожнай, узроставы цэнз на ўдзел — 14 гадоў.
Спартсмены і аматары будуць спаборнічаць на скорасць праходжання водных участкаў на катамаранах і байдарках у асабістым і групавым заліках. 17 красавіка пройдуць кваліфікацыйныя заезды на байдарках,
18 красавіка адбудзецца адкрыццё фестывалю, асабова-камандныя спаборніцтвы на байдарках і катамаранах на кароткіх дыстанцыях. На 19 красавіка намечана камандная гонка на доўгай дыстанцыі, а таксама
падвядзенне вынікаў і ўзнагароджанне пераможцаў. У праграме фестывалю, акрамя саміх спаборніцтваў, конкурс фільмаў аб водным турызме і канцэрты аўтарскай песні.
Фестываль воднага турызму "Нёманская вясна" традыцыйна становіцца своеасаблівым адкрыццём спартыўна-турыстычнага сезона на Аўгустоўскім канале. Папулярная спартыўная падзея
праводзіцца з мэтай развіцця турызму, папулярызацыі здаровага ладу жыцця, прапаганды воднага турызму як агульнадаступнага і эфектыўнага сродку фізічнага, патрыятычнага і экалагічнага выхавання,
умацавання спартыўных сувязей і абмену вопытам паміж міжнароднымі спартыўнымі арганізацыямі.