Фонд культурнай салідарнасці заклікае ігнараваць шоў «Х-фактар», якое здымае БТ
Беларусаў просяць падумаць, ці хочуць яны выступаць на адным канале з прапагандысцкімі шоў і пагрозамі ў адрас народу.
![fvv_1841.jpg fvv_1841.jpg](/img/v1/images/fvv_1841.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Беларускі фонд культурнай салідарнасці заклікаў беларускіх артыстаў не браць удзелу ў шоў «X-фактар», беларускую версію якога здымае Белтэлерадыёкампанія. У фондзе прызнаюць высокі статус конкурсу, аднак разам з тым гавораць аб недапушчальнасці здымак у кампаніі, якая ўдзельнічае ў інфармацыйнай вайне, перадае Радыё Свабода.
«Усе ўжо бачылі, у якое смецце Белтэлерадыёкампанія ператварыла “Еўрабачанне”, але ганьбяць яны не нас з вамі, а рэжым, якому прыслугоўваюць», — заявіў фонд у адмысловым відэа.
У Фондзе культурнай салідарнасці спадзяюцца, што выканаўцы не будуць браць удзел у шоў на тым канале, які «нахабна маніць і падтасоўвае факты».
Заклікаў устрымацца ад удзелу ў конкурсе і адзін з кіраўнікоў фонду Сяргей Будкін.
«Ці вы хочаце, каб ваш выступ паказалі пасля вечаровага прапагандысцкага выдання, дзе прадстаўнік рэжыму ў пагонах заяўляе, што будзе страляць у тых, хто нязгодны з яго пазіцыяй? Ці пасля сцэны “прызнання ў дэстабілізацыі сітуацыі” студэнта ці маладой маці, выбітага ў выніку допытаў, шантажу і катаванняў? Ці вы сапраўды хочаце быць у эфіры на адным канале, разам з гэтым усім трэшам і хлуснёй?»
На сваёй старонцы ў фэйсбуку Будкін папрасіў беларусаў ведаць, што іх талент абавязкова прыдасца ў новай Беларусі.