У Пінску ліквідуюць дабрачынную арганізацыю — заснавальніца пакінула краіну пасля допыту ў КДК

У Пінску ліквідуюць прыватную дабрачынную арганізацыю «Палеская дабрыня». Пра гэта паведаміла яе заснавальніца Алена Шымоліна.

51683c5b324c44099f8634a8b444a95e.jpg


Цяпер Алена Шымоліна знаходзіцца ў Польшчы, яна з’ехала з Беларусі разам з непаўналетняй дачкой, піша «Медыя-Палессе».

Па словах Алены, рашэнне аб ліквідацыі «Палескай дабрыні» Пінскі гарвыканкам ужо прыняў. І цяпер работнікі падатковай інспекцыі названьваюць яе 80-гадовай маці, каб тая прынесла ім дакументы для ліквідацыі арганізацыі.

Заснавальніца прыватнай дабрачыннай арганізацыі адкрыта выступала супраць дзеючай улады, заклікала выбаршчыкаў галасаваць за Святлану Ціханоўскую, асудзіла жорсткасць сілавікоў у дачыненні да ўдзельнікаў мірных пратэстаў. Заснаваная ёю дабрачынная арганізацыя аказвала матэрыяльную дапамогу пінчукам, якія пацярпелі ад празмерных дзеянняў міліцыі.

У офісе «Палескай дабрыні» і па месцы жыхарства Алены Шымолінай былі праведзеныя ператрусы, канфіскаваныя кампутарная тэхніка, устаноўчыя і фінансавыя дакументы. Пасля шматгадзіннага допыту ў міжраённым аддзеле Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК яе адпусцілі. І ў тую ж ноч яна з дачкой пакінула Беларусь.

«Я паабяцала міліцыянтам прынесці спіс пацярпелых пінчукоў — удзельнікаў пратэстаў і проста выпадковых людзей, каму дабрачынная арганізацыя аказала фінансавую і матэрыяльную дапамогу. А гэта каля 65 чалавек. Дапамога прадастаўлялася на падставе пастановы суда аб прыцягненні да адказнасці па арт. 23.34 КаАП РБ, а таксама медыцынскага заключэння, дзе было пазначана, што цялесныя пашкоджанні, атрыманыя ў выніку гвалтоўных дзеянняў. Упэўненая, калі б я стрымала слова, мяне б тут жа “закрылі”, і надоўга. А не стрымала — было б тое ж самае. Таму прыйшлося ў спешным парадку разам з дачкой з’ехаць з краіны», — тлумачыць жанчына прычыну ўцёкаў.

Па словах Алены Шымолінай, тэчка з дакументамі знаходзіцца ў надзейным месцы і да сілавікоў не патрапіла.