Гарадзенцы, пішыце заявы ў беларускія класы!

З 12 чэрвеня пачынаецца прыём заяў у першыя беларускія класы Гароднi. З гэтай нагоды намеснік старшыні Гарадзенскай абласной ГА ТБМ Алесь Крой, які шмат гадоў курыруе папулярызацыю беларускага навучання ў Гародні, звяртаецца да бацькоў.

tydzen_belaruskay_movy.jpg

Тыдзень беларускай мовы ў адной са школ Гародні. 2016 год

— Шаноўныя бацькі будучых першакласнікаў, з 12 чэрвеня і па 28 жніўня 2018 года вы маеце канстытуцыйнае права падаваць заявы ў школы для навучання сваіх дзетак па-беларуску. Заявы ў адкрытыя беларускія класы ( не толькі ў першыя) можна пісаць гарадзенцам і тым, хто пераехаў у Гародню з іншых рэгіёнаў Беларусі і замежжа. Таму пішам заявы ў беларускія класы і разам з дзецьмі, ці на курсах “Мова Нанова” ўдасканальваем сваю беларускую мову. Пазней не будзе сорамна перад нашымі суседзямі за сябе і сваіх дзяцей.


— У гэтым годзе, упершыню ў ХХІ-м стагоддзі дзяржавай быў юрыдычна зарэгістраваны Нацыянальны ўніверсітэт імя Ніла Гілевіча, дзе прадметы будуць выкладацца найперш па-беларуску. А ці дастаткова вучняў на Гарадзеншыне вучыцца на роднай мове, каб працягваць навучанне па-беларуску ў гэтай ВНУ?
— Толькі ў Гарадзенскай вобласці ў беларускіх класах рускамоўных школ навучаецца каля тысячы дзяцей, прынамсі пару гадоў назад упраўленне адукацыі давала такую інфармацыю. Сёння ўжо толькі ў абласным цэнтры – больш 60 дзяцей. Для 23 тысяч людзей, якія штодня гавораць дома па-беларуску і 120 тыс гарадзенцаў, якія прызналі беларускую мову роднай (перапіс насельніцтва 2009 года), лічба невялікая, але яна паступова павялічваецца ў горадзе і дзякуючы нашым папулярызатарам ад ТБМ на школьных бацькоўскіх сходах. На Гарадзеншчыне (у Гарадзенскай вобласці) беларускую мову роднай прызнае большая частка насельніцтва. Але механізмы выцяснення беларускай мовы, закладзеныя напачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя па інерцыі дзейнічаюць і сёння. Тым не менш, штогод на Гарадзеншчыне ствараюцца новыя беларускія класы. Амаль паўтара дзясятка тысяч вучняў вучацца ў беларускіх школах Гарадзенскай вобласці, нават калі частка з іх толькі фармальна лічыцца беларускімі, вучняў для нацыянальнага беларускага ўніверсітэту пакуль дастаткова шмат. А яшчэ ёсць пяць іншых абласцей Беларусі!
Раней працягваць навучанне на роднай мове ў дваццаць першым стагоддзі ў Беларусі не было ніякай магчымасці, за выключэннем некалькіх спецыяльнасцей філалагічнага, гістарычнага і журналісцкага профілю. І вы ведаеце чаму. Пасля шматлікіх гадоў цяжкай працы рэспубліканскага ТБМ і адстойвання права беларусаў на любую адукацыю на роднай мове Таварыства беларускай мовы дамаглося дзяржаўнай рэгістрацыі беларускай ВНУ імя Ніла Гілевіча. Таму, магчыма, праз год-два, выпускнікі сярэдніх школ змогуць вучыцца там і атрымоўваць адукацыю па-беларуску па розных сучасных спецыяльнасцях. Верагодна і дзяржаўныя ВНУ будуць вымушаны праз нейкі тэрмін пашыраць навучанне на роднай мове. Павінна быць канкурэнцыя ВНУ і сярод беларускамоўных.

belaruskaya_shkola_harodina_001.jpg


— Вы, як былы настаўнік і сябра ТБМ, які курыраваў папулярызацыю беларускага навучання ў горадзе, адкажыце на простае пытанне: У якія школы Гародні варта аддаваць вучыць дзяцей, каб яны добра засвоілі ўсю школьную праграму па-беларуску і маглі ў наступныя гады лёгка паступіць у Беларускі Нацыянальны ўніверсітэт імя Ніла Гілевіча?
— Ведаеце, напачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя каб адказаць на гэтае пытанне варта было б падумаць, бо каля 80% школ Гародні былі беларускія. Сёння, пасля невыканання ініцыятарамі рэферэндуму яго вынікаў аб роўнасці рускай і беларускай моваў я магу пакуль назваць толькі 2 школы ў Гародні, якіх мы разам з бацькамі дамагліся каля 8 гадоў назад. Школа №32 у Ленінскім раёне (Дзевятоўка) і школа №34 у Кастрычніцкім раёне (Вішнявец). Там ёсць беларускія класы, добрыя настаўнікі, метадычная база і спрыянне адміністрацый гэтых школ да павелічэння колькасці беларускіх класаў. Чаго не хапае? Рэкламы ў дзяржаўных СМІ, на сайтах і тэлебачанні, яшчэ большай актыўнасці адміністрацый навучальных устаноў і простых настаўнікаў. Новы беларускі клас — гэта новыя гадзіны для настаўнікаў школ-адсюль і вышэйшы заробак. У гэтых школах ёсць выкладчыкі беларускай мовы, дзясяткі вучняў якіх былі ўдзельнікамі і пераможцамі раённых, абласных і рэспубліканскіх алімпіяд. Дастаткова назваць адну такую настаўніцу школы №32 – Бушэйка Зою Аляксандраўну! А ёсць і шмат іншых!
Незабывайма таксама, што пакуль мы абралі элементы фінскай адукацыйнай сістэмы, адной з лепшых у свеце, дзе элітарных школ фактычна няма.
Спадар Алесь, дайце калі ласка кантакты гэтых школ і аддзелаў адукацыі!
— Калі ласка!
СШ№32
(“Дзевятоўка”, вул.Ліможа,11)
Тэлефон сакратара школы №32: 78-56-01
Завуч пачатковай школы №32: Працоўны тэл.78-56-08 (Багдановіч Валянціна Іваноўна)
E-mail: Sh32@mail.grodno.by
Ленінскі аддзел адукацыі: 72-10-65
 
СШ№34
(“Вішнявец”, вул. Індурская шаша, 14)
 
Тэлефон сакратара школы №34: 33-20-98 (8033 668-33-43 маб.тэл.)
E-mail: sh34oktroo@yandex.ru
Завуч пачатковай школы №34: Карпук Таццяна Міхайлаўна, п.т. 31-40-45.
Е-маіl : Sh34oktroo@mail.grodno.by
Кастрычніцкі аддзел адукацыі: 69-71-12, 69-71-10 (Адамовіч Алена Вацлаваўна),
69-71-17 (Іпатава Таццяна Анатольеўна)
Аддзел адукацыі Гродзенскага гарвыканкама: 72-04-02
Тэлефон начальніка аддзела адукацыі гарвыканкама: 72-05-58(Семанчык Андрэй Антонавіч)

belaruskaya_shkola_harodina_002.jpg


— Вядома, што ў Гародні дзякуючы актыўным бацькам і агітацыйнай працы ТБМ паступова расце колькасць жадаючых вучыцца па-беларуску ў садках і школах. Што Вы хочаце напрыканцы сказаць бацькам, якія не гатовы заглянуць у будучыню на гадоў 10-15 наперад?
— Калі Вы сапраўды хочаце каб Вашыя дзеткі праз 10-15 гадоў ведалі нароўні з рускай і беларускую мову і змаглі лёгка паступіць у Беларускі нацыянальны універсітэт, Вы маеце рэальную магчымасць гэта зрабіць, напісаўшы сёння заяву ў першы беларускі клас.
Дамінавання нейкай адной мовы любога суседа ўжо не будзе, а родную мову будзе сорамна не ведаць!
 
У Гародні таксама ў кожным раёне працуюць садкі, дзе ёсць беларускія групы.
Ленінскі раён: д/с №45 (2 беларускія групы, каля вул. Горкага, на вул. Сухамбаева, 5, тэл.43-72-28, Кушнірук Людміла Іванаўна – загадчыца садка). Зараз фармуецца новая аднаўзроставая група з 20 чалавек, 6 чалавек з садка пайшлі ў школу. Другая беларуская група рознаўзроставая фармуецца на 15 чалавек.
Кастрычніцкі раён: д/с №65 (1-я група, вул.Рэпіна,7, тэл.53-08-97, Прэцкайла Алена Сямёнаўна-загадчыца садка). Сфармавана ў 2017г. група з 22 чалавек.
 — Спадар Алесь, скажыце, а побач СШ№32 і СШ№ 34 ёсць беларускія групы ў дзіцячых садках?
— У траўні гэтага года ў Гарадзенскі ТБМ звярнуліся бацькі, каб да лета наступнага (2019 год) мы дапамаглі ім стварыць беларускую групу ў раёне СШ№32. Мы звярнуліся ў Ленінскі аддзел адукацыі дашкольнага выхавання (Рэкець Наталля Пятроўна, тэл. 72-10-65) каб даведацца ў якім садку мікрараёна Дзевятоўка будзе найлепшая магчымасць адкрыць новую беларускую групу. Але, калі бацькі не будуць “спаць у шапку” і будуць больш актыўнымі, то і пытанне з адкрыццём новай групы будзе хутчэй вырашана агульнымі намаганнямі.
Трэба браць прыклад ад нашых продкаў, якія былі больш актыўнымі і першымі ў свеце 400 гадоў назад надрукавалі Буквар на роднай мове, а Біблію надрукавалі першымі ва Ўсходняй Еўропе, па гэтых кнігах вучыліся чытаць і пісаць шмат гадоў не толькі дзеці.
У шматлікіх гарадах Беларусі, дзе бацькі працягваюць праяўляць актыўнасць, іх дзеці ўжо вучацца ў беларускіх садках і класах. Дарэчы, сёння маладыя бацькі, аддаючы дзяцей у беларускія класы, сталі бачыць больш акрэсленую будучыню і дзякуючы зарэгістраванаму Нацыянальнаму ўніверсітэту ў горадзе Менску.
Таму яшчэ раз шчыра запрашаем: гарадзенцы, пішам заявы ў беларускія класы, заканчваем школу і паступаем у Нацыянальны ўніверсітэт імя Ніла Гілевіча.
Нашы кантакты:
Тэлефоны Гарадзенскай абласной арганізацыі ТБМ: 8029-943 -58-09 (школы, Крой Аляксандр), МТС-285-93-07 (школы, Буднік Іван), МТС -786-59-89 (садкі, Парфёненка Вітаўт).
Эл.пошта: tbm.garodnia@tut.by
— Дзякуй за гутарку!