ХТО ЗАБ’Е ЦВІК. Unreal student life: перазагрузка
У Вялікабрытаніі апублікавалі бухгалтэрыю студэнцкага жыцця Чарльза Дарвіна, паведамляе моладзевы партал generation.by. Выявілася, што падчас навучання ў Кембрыджы будучы аўтар рэвалюцыйнай тэорыі эвалюцыі «вучыўся ўсяго дзве гадзіны на дзень, па начах піў віно з сябрамі і жыў у камфартабельным інтэрнацкім пакоі». Безумоўна, сярод беларускіх студэнтаў ёсць будучыя дарвіны ды ньютаны. Прынамсі, план нетрывіяльнага баўлення пазакласнага часу выконваецца імі напоўніцу.
У Вялікабрытаніі апублікавалі бухгалтэрыю студэнцкага жыцця Чарльза Дарвіна, паведамляе моладзевы партал generation.by. Выявілася, што падчас навучання ў Кембрыджы будучы аўтар
рэвалюцыйнай тэорыі эвалюцыі «вучыўся ўсяго дзве гадзіны на дзень, па начах піў віно з сябрамі і жыў у камфартабельным інтэрнацкім пакоі». Безумоўна, сярод беларускіх студэнтаў ёсць
будучыя дарвіны ды ньютаны. Прынамсі, план нетрывіяльнага баўлення пазакласнага часу выконваецца імі напоўніцу. Як і год таму, асабліва відавочным гэта стала падчас выставы нефармальнай студэнцкай
творчасці Unreal Student Life, што з 23 сакавіка па 5 красавіка прапісалася (ці, дарэчней сказаць, упісалася) па мінскім адрасе Свярдлова, 4.
Паход на трэці паверх Музея кіно цягам бліжэйшага тыдня можа стаць для абывацеля тэстам на маладосць і раскаванасць. Выставачная зала, у афармленні якой дамінуе хаос і нязмушанасць, поўная каларытных
таварышаў, што падпіраюць сценкі ці садзяць на падлозе, нібыта выстаўляючы саміх сябе, малююць, спяваюць, танчаць, фатаграфуюць і паказваюць відзікі — такая там пануе атмасфера. Вы або
вылеціце адтуль куляй, або абыякава пацісніце плячыма, вяртаючыся да думак пра сям’ю і працу, або... Вы садзіцеся на падлогу, бераце ў руку пэндзаль — і вы з імі.
Вірусны арт
Выстава студэнцкага арту Unreal Student Life мае некалькі вымярэнняў. Па-першае, гэта такі выстава.
У параўнанні з першым блінам (не комам), які студэнцкая ініцыятыва «StudFarmat» спякла год таму, сёлета ў выставачнай зале Музея гісторыі беларускага кіно значна больш патыхае
творчасцю, прычым нават дылетант ад мастацтва скажа вам, што яно студэнцкае. Не ў сэнсе вучнёўскае, а ў сэнсе «вечна маладое і вечна п’янае» па духу. І сапраўды, наведнікам
ёсць што паразглядаць, на што паказаць пальцам і што памацаць рукамі, балазе, на USL гэта не лічыцца асаблівым злачынствам супраць культуры. Ходзячы па зале, вы спатыкаецеся аб карціны і
інсталяцыі.
Мяркуючы па ўсім, так задумана. Імёны аўтараў працаў падпісаныя крывымі літарамі, асадкай, на каляровых стыкерах — такімі налепкамі з нагадвалкамі, шпаргалкамі і памяткамі складаных
тэрмінаў, формулаў і няправільных дзеясловаў абвешаны пакой любога студэнта.
Адзін з каардынатараў праекта, Алег Ларычаў, так адгукаецца пра паўставанне экспазіцыі: «Яшчэ за месяц да выставы мы хваляваліся, што нічога не атрымаецца. Але, як заўсёды гэта бывае ў
студыёзусаў, у апошні момант усё завярцелася. Пабачыўшы нашы абвесткі, пачалі тэлефанаваць людзі. Аддаўшы нам свае працы, яна сталі адчуваць адказнасць за агульную справу. Расказвалі знаёмым,
прыводзілі сяброў — атрымаўся такі вірусны маркетынг». Такі вось вірусны арт.
Закаткі на вясну
Творчыя працы сталі значна больш студэнцкімі і паводле тэматыкі: «Некаторыя аўтары, натхніўшыся папярэдняй выставай, цягам года спецыяльна стваралі штосьці для наступнай»,
— кажа Алег. Ірына Машэнская, апроч іншых сімвалаў інтэрнацкага раю, павесіла на сценку брудныя кубкі, з якіх звісаюць цвілыя пакецікі гарбаты. Побач на вінілавай кружэлцы — выява
патэльні з яечняй.
Вінілавая кружэлка — гэта артэфакт № 2 сярод трэндаў сёлетняга студ-арту. Артэфакт №1 — трохлітровы слоік. Анатоль Хоміч, аўтар інсталяцыі «Фармат 3L», абставіў
залю па перыметры закаткамі, аб’ектам якіх сталі самыя нечаканыя прадметы. Максім Казакоў прадставіў праект «Новыя беларускія грошы» — дзе матэрыялам для творчасці
сталіся дробныя купюры Нацбанку РБ. Калаж «Вялікія сперматазоіды і вялікая рыба, што пасміхаецца», нечакана падкрэсліў падобнасць белнацвалюты да вялікіх апалонікаў і меў у
падтэксце нешта пра сусветны эканамічны крызіс.
Не бракуе на выставе і проста цікавых карцінаў, што ціха-мірна вісяць на сцяне, ні на каго не падаючы і нікога не пакуючы. Дарэчы, менавіта з фонду USL газета «Новы час» цягам
апошняга года запазычвала ілюстрацыі для сваіх рэдактарскіх калонак. Go young!
Абы не вучыцца
У другім сваім вымярэнні USL — гэта мастацкі варштат і варштат ідэй. Калі вам здаецца, што
ў экспазіцыі чагосьці бракуе, з дапамогай фарбаў, алоўкаў, абгрызкаў газет і непатрэбных рэчаў, вы можаце паправіць сітуацыю. На дадзенай выставе ініцыятыва толькі вітаецца. Алег Ларычаў:
«Мы не называем сябе арганізатары. Арганізатары — гэта самі ўдзельнікі». Я прашу яго даць азначэнне такой з’яве, як student-art. Ці існуе яна ўвогуле, і чым
студэнцкае мастацтва адрозніваецца ад мастацтва студэнтаў? «Галоўная рыса — спантаннасць. Студэнт займаецца мастацтвам, калі накаціць натхненне. Сярод удзельнікаў ёсць і навучэнцы
Акадэміі Мастацтва ці «Кулька», але ў асноўным гэта людзі, якія не збіраюцца звязваць усё сваё жыццё з творчасцю».
Пагаджаюся з Алегам. Па ўласным досведзе ведаю, што самыя крэатыўныя ідэі прыходзяць падчас сесіі. Усё абы не вучыцца.
У трэцім сваім вымярэнні USL — сцэнічная пляцоўка для музыкаў, перформераў, літаратараў са студэнцкага асяроддзя і проста маладых душой. Барды, рокеры, паэты, акторы і іншыя
незакамплексаваныя чараўнікі слова запрошаныя да выступаў кожны вечар з 23 сакавіка па 5 красавіка. Праграма выступаў вісіць на сцяне і ўвесь час дапаўняецца.
На пытанне пра тое, хто заб’е цвік праграмы сёлета, Алег Ларычаў гне сваю лінію спантаннасці, непрадказальнасці і згушчае інтрыгу: «Цяжка сказаць. Усё развіваецца вельмі нечакана. Вось у мінулым годзе цвіком праграмы
стаў перформанс, падчас каторага з балкончыку музея выкінулі кампутарны манітор. Так што мы з падазрэннем і жахам чакаем цвік праграмы гэтага года». Зрэшты, вырашана не ствараць шмат шуму ў
музеі — па азначэнні, ціхім прытулку музаў. Таму закрыццё выставы каардынатары плануюць перанесці ў клубнае асяроддзе.
Штодня — вернісаж
У яшчэ адным вымярэнні USL — «поле цудаў», сэканд-хэнд барахолка. Калі ў вас дома ёсць непатрэбныя кнігі і рэчы, дыскі, карціны — усё гэта можна прыносіць на
выставу, а ўзамен бясплатна браць сабе рэчы, пакінутыя іншымі.
«Наведнікі і ўдзельнікі кажуць, што гэта адзіны арт-праект у Беларусі, зроблены па прынцыпе самаарганізацыі, — працягвае Алег, — у нас нават з’явіліся замежныя
аналагі. Казахская моладзевая ініцыятыва AISEC ладзіць фотавыставу з такой жа назвай і канцэпцыяй, як у нас. Мы пазнаёміліся праз інтэрнэт і дамовіліся пра супрацоўніцтва і ўзаемапіяр».
Безумоўны плюс такой самаарганізацыі ў тым, што USL — цікавая выстава. Тут кожны дзень нешта адбываецца, кожны вечар — вернісаж. Натхнёны сталічным поспехам,
«StudFarmat» плануе паездзіць з праектам па іншых універсітэтах краіны, каб перадаць энергію і ідэі рэгіянальным студэнцкім суполкам і аб’яднанням.
Вось жа, абагульняючы — Нерэальнае студэнцкае жыццё — гэта месца нестандартных знаёмстваў і нефармальнага дачынення. Пры ўмове, што вы дастаткова раскамплексаваныя і натхнёныя, каб
весці бюджэтна-багемны лад жыцця. Ці дастаткова лёгкія на пад’ём, каб згадаць залатыя часы студэнцтва. Хаця б на вечар. Ці на ўсе два тыдні. Выстава працуе штодня з 10:00. Актыўныя падзеі
адбываюцца з 17:00 да 20:00.