Іх паклікала «Спадчына»

Пабачыла свет 500-старонкавае выданне «І паўстала «Спадчына», якое мае падзагаловак «Дыярыюш Мінскага грамадскага культурна-асветніцкага клуба «Спадчына».



vokladka_kn_h_paustala_spadcyna.jpg

Гэта сумесны выдавецкі праект журналіста і адказнага за выпуск Віктара Хурсіка і сяброў «Спадчыны» — рэдактараў выдання Яўгена Гучка і Надзеі Сармант, мастака Анатоля Крывенінкі. Кніга «І паўстала «Спадчына» прысвечана памяці заснавальніка, шматгадовага кіраўніка самага масавага і вядомага сталічнага грамадскага культурна-асветніцкага клуба Анатоля Яўхімавіча Белага і распавядае пра дзейнасць сяброў клуба «Спадчына» на карысць беларускага адраджэння ХХ стагоддзя.

Цяжка ўявіць сабе працу гісторыкаў, калі б да нашых дзён не дайшлі летапісы, метрыкі і іншыя дакументы мінулых стагоддзяў. Гэтыя рарытэты навукоўцам даюць падставы для аналізу і высноў, на якіх паўстае сапраўдная гісторыя краю і народа. На жаль, у нашу эпоху гэтая традыцыя амаль знікла, а гісторыя на прасторах тагачаснага СССР стала ўяўляць сабой бясконцую чараду пастаноў і рэзалюцый партыйных з’ездаў і пленумаў. А ўсё альтэрнатыўнае і непадцэнзурнае, асабліва з грыфам «нацыяналістычнае» ці «архаічнае», гадамі выкрэслівалася з аналаў гісторыі сучаснай Беларусі.

Як толькі паўстаў культурна-асветніцкі клуб «Спадчына», адразу па ініцыятыве яго кіраўніка А. Белага быў створаны сакратарыят гэтай грамадскай арганізацыі. У кола яго абавязкаў уваходзіла фіксацыя ўсіх тых падзей, якія суправаджалі дзейнасць клуба.

Пра большасць гэтых гістарычных фактаў і здзяйсненняў можна даведацца ў першым раздзеле кнігі — «Хроніка асноўных падзей». Ад самых першых, калі ў сакавіку 1984 года клубу было прадастаўлена першае памяшканне на вуліцы Мендзялеева, куды спадчынцы запрашалі беларускіх пісьменнікаў, гісторыкаў, грамадскіх дзеячаў, праводзілі першыя навуковыя канферэнцыі. Аж да самай сумнай падзеі ў жыцці клуба, калі ў 17 лістапада 2011 года сябры «Спадчыны» правялі свайго нязменнага лідара і кіраўніка ў апошні шлях.

Чытач можа даведацца, што паміж гэтымі падзеямі былі і адкрыццё помнікаў М. Багдановічу ў Яраслаўлі, Ларысе Геніюш у Зэльве, устаноўка крыжа каталіцкаму святару-патрыёту В. Гадлеўскаму на месцы яго забойства ў Трасцянцы, сістэматызацыя і выданне дысідэнцкай спадчыны і адкрыццё помніка М. Ермаловічу… Але гэты пералік будзе няпоўным без узгадак пра напружаную працу над упарадкаваннем залаў і шматлікіх экспазіцый Музея выяўленчага мастацтва Анатоля Белага ў Старых Дарогах. Нездарма, гэты збор мастацкіх каштоўнасцяў з цягам часу стаў сапраўдным пантэонам беларускай гісторыі і сховішчам бясцэнных узораў нацыянальнага мастацтва.

Бадай, самая вялікая частка клубнага дыярыюша — раздзел «А хто яны — спадчынцы?.. ». У ім распавядаецца пра жыццёвы і творчы лёс сяброў клуба, іх унёсак у адраджэнне культуры і мовы беларускага народа. А галоўнае — у шматгранную працу клуба «Спадчына», удзельнікі якога заслужылі неафіцыйнае званне «народнага міністэрства культуры Беларусі».

Зразумела, гэта раздзел кнігі распачынаецца нарысам жыцця і творчасці кіраўніка клуба Анатоля Белага. З яго зместу можна зразумець вытокі яго любові да роднага краю, да беларускай культуры, мовы, мастацтва. А таксама пра гатоўнасць Анатоля Яўхімавіча да стаічнага змагання за ідэалы вольнай, дэмакратычнай і беларускай Беларусі. Вялікую ролю ў сваім жыцці і дзейнасці клуба А. Белы адводзіў і сваім вялікім паплечнікам. Сярод іх трэба адзначыць В. Быкава — народнага пісьменніка Беларусі, народнага паэта Беларусі Р. Барадуліна, гісторыка А. Грыцкевіча, доктара філалагічных навук А. Ліса і шмат іншых сяброў клуба — унікальных творцаў, навукоўцаў, мастакоў, пісьменнікаў і паэтаў. Звесткі аб жыцці і дзейнасці гэтых асоб дапаўняюць агульную палітру нацыянальнага руху нашай краіны ХХ–ХХІ стагоддзяў.

Немагчыма ўявіць справы клуба і самога Анатоля Яўхімавіча без ахвярнай дапамогі блізкіх сваякоў — жонкі Алы Мікалаеўны, дачкі Святланы і яе сям’і, стрыечнага брата Анатоля Яўхімавіча — Міхаіла Антонавіча і яго жонкі Алы Леанідаўны, якія сваёй упартай працай у залах і экспазіцыях Музея выяўленчага мастацтва А. Белага ў Старых Дарогах «стваралі і ствараюць умовы для таго, каб наведвальнікі гэтага ўнікальнага музея адчувалі сябе камфортна ў яго сценах» (стар. 163). Іх біяграфіі і справы таксама адлюстраваны ў новай кнізе.

Вядома, што дзейнасць клуба «Спадчына» выклікала ў многіх беларусаў шчырыя пачуцці павагі, захаплення і жадання далучыцца да іх шыхтоў. Гэтыя эмоцыі часцяком выкрышталізоўваліся ў паэтычныя радкі, словы песень і эмацыянальныя празаічныя прысвячэнні. У наступным раздзеле новай кнігі «Прысвячэнні «Спадчыне» прыводзяцца найбольш яскравыя прыклады гэткіх твораў, якія мастацкімі сродкамі адлюстроўваюць шматгранны шлях спадчынцаў у справе нацыянальнага Адраджэння.

Завяршаюць том «Дыярыюша» раздзел «Узнагароды «Спадчыны», у якім узноўлены пратаколы аб узнагароджванні ўсіх вядомых беларускіх дзеячаў, пісьменнікаў і мастакоў узнагародамі культурна-асветніцкага клуба «Спадчына». Гэтыя знакі пашаны, па прызнанні многіх з тых, хто імі быў адзначаны, з’яўляюцца адзінымі ў іх жыцці. І ад гэтага іх вартасць і вага толькі павялічваецца, бо гэта народнае прызнанне іх жыццёвага і творчага шляху. Такой бачыў гуманістычную рысу дзейнасці клуба Анатоль Белы. Да таго ж, гэты раздзел дае магчымасць пазнаёміцца з унікальнай сістэмай узнагарод клуба «Спадчына», якая можа быць запатрабавана, калі Беларусь стане сапраўды беларускай.