Ірына Дубянецкая запрашае на адкрытую лекцыю пра Беларусь Ігната Абдзіраловіча
Цыкл лекцый, прысвечаных спадчыне Ігната Абдзіраловіча, працягваецца. 28 студзеня ў віцебскай «Арт-прасторы» сваімі думкамі дзеліцца доктар філасофіі, доктар сакральнай тэалогіі Ірына Дубянецкая (Віцебск, вул. Талстога, 7).
Фота Dariusz Klimczak, крыніца: https://www.facebook.com/LaRevolutionSurrealiste
Лятучы ўніверсітэт пры падтрымцы грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі” і курсаў беларускай мовы “Мова Нанова” запрашае на чарговую прамову з цыкла лекцый, прысвечаных спадчыне Ігната Абдзіраловіча.
Чаму нам здаецца, што Ігнат Абдзіраловіч, пішучы блізу 100 гадоў таму, глядзеў наўпрост у наш час? Ці то беларусы вось толькі цяпер даспелі да па-надчасавага сумоўя з ім, ці то гэта па-надчасавая Беларусь зводзіць сваіх творцаў у вольным сумоўі — і вось мы несвядома апынуліся з ім твар у твар ды мусім цяпер ацаніць свае чыны, жаданні, ідэі ды мроі паводле ягонай шкалы каштоўнасцей? Антон Луцкевіч казаў пра Абдзіраловіча: “Быццам дыямент цудоўны, дзіўным хараством гарэла Яго душа сярод жыццёвага бруду, маны, крывадушнасці”. І вось цяпер мы глядзім на сябе, на сваё жыццё, на сваю краіну скрозь гэты дыямент. Мы ўслухоўваемся ў ягоныя словы — і чуем, як пульсуе, яшчэ не народжаная, але ўжо памысленая, нашая супольная будучыня, дзе свабода асобы вынікае з неад’емнага права і патрэбы няспыннай творчасці, з безумоўнай павагі да пошуку і самапраяваў іншых — а свабода краіны і развіццё грамадства непазбежна вынікаюць з супольнага выбару людзей.
“Жыцьцё поўна нядолі, бо мы ня ўмеем быць тварцамі”. — “Усе дэмакратычныя вольнасьці здратованы дэмакратычнымі ўрадамі”. — “Запеўніць магчымасьць грамадзянскай творчасьці мы можам толькі ў разе адсутнасьці перш-на-перш чужынскага прымусу. З гэтага выплывае падстава да неабходнасьці палітычнай незалежнасьці як першая падстава для народу быць самім сабой” — а не “куртатай палітычнай незалежнасьці пад ласкай сымпатычных суседзяў”.
“Разам з беларушчынай мы трацім і лепшую частку чалавечнасьці”. — “Жыцьцё такое вялікае і яшчэ незразумелае, што ня можа быць штампаваных, для ўсіх абавязковых, шляхоў”.
“Чым слабей разьвіта духовасьць чалавека, тым большую вагу набірае форма: звычай, догмат, дактрына, незразумелы лёзунг”. — “Патрэбна ліючаяся, зьменная, заўсёды адпаведная жыцьцёвым праявам форма”. — “Хай ня будзе для чалавека нічога нярухомага, сьвятога: ні дактрын, хаваючых усё жыцьцё ў труну выразнай формы, ні зацьверджанай моралі на кожны дзень і гадзіну” — “Душа чалавечая, што прыходзіць у сьвет падзівіцца з яго хараства, павінна чуць сваё права жыць і тварыць, як кажа яе сумленьне”.
“Чалавечнасьць адносін паміж асобнымі адзінкамі — неабходная падстова згоды агулу”.
«Творачы — зруйнуем»
Лекцыя Ірыны Дубянецкай "Нацыятворчасць як свабода духу: Беларусь Ігната Абдзіраловіча" адбудзецца па адрасе: Віцебск, вул. Талстога, 7. Пачатак а 18.30.
Уваход вольны!
Відэазапісы папярэдніх лекцый гэтага цыклу:
Мінулая будучыня Беларусі: запавет Ігната Абдзіраловіча. Лекцыя Паўла Баркоўскага