Літва: беларусам адмовілі ва ўсталяванні памятнага знака Каліноўскаму
Мясцовыя беларусы планавалі ўсталяваць памятны знак Кастусю Каліноўскаму на Замкавай гары ў Вільні.
Замкавая гара ў Вільні
Таварыства беларускай культуры ў Літве звярнулася ў Віленскую дзяржаўную дырэкцыю культурнага рэзервата замкаў з просьбай атрымаць дазвол на ўстаноўку памятнага знака (крыжа, каменя ці табліцы) на Замкавай гары, дзе маглі быць перапахаваны паўстанцы 1863 года разам з Кастусём Каліноўскім. На тым месцы раней быў пастаўлены крыж з агароджай.
Дырэкцыя прыхільна паставілася да гэтай справы. Аднак супраць гэтай ідэі выказалася дырэктар Нацыянальнага музея Бірута Кульніце і Дэпартамент культурнай спадчыны. Дарэчы, раней яна непрыхільна ўспрыняла і ідэю аднаўлення беларускага музею Івана Луцкевіча ў Вільні.
“Такая пазіцыя, на нашу думку, не будзе спрыяць збліжэнню летувіскага і беларускага народаў, а толькі стварыць штучныя і непатрэбныя непаразуменні”, — гаворыцца ў звароце ТБК.