Міжнародны арганны фестываль становіцца візітоўкай Гродна

Другі Міжнародны фестываль арганнай і камернай музыкі, які адбываўся 13-27 ліпеня ў Лютэранскай кірсе ў Гродне, прайшоў на вышэйшым узроўні. Канцэрты вядомых выканаўцаў за два тыдні наведала больш за тысячу чалавек.

kirha1.jpg


Падчас фестывалю ў Лютэранскай кірсе было дадзена 10 канцэртаў. Слухачы пачулі творы музыкаў пяці краін: сярод іх песні Булата Акуджавы ў незвычайнай аранжыроўцы, з канцэртамі выступіў беларускі музыка Валерый Шмат, нямецкі арганіст Маціяс Бэлерт, музыканты Клаўдыя Тваржык з Польшчы, расіянка Марыя Макаранка і іншыя.  
«Вельмі прыемна, што гарадзенцы i госцi горада палюбілі нашыя канцэрты і ходзяць на iх з вялікім задавальненнем. У гэтым годзе публіцы былі прадстаўлены розныя жанры ігры на аргане — старадаўняя музыка, джаз, сучаснасць і г.д. Магчымасці нашага аргана паказалі з розных бакоў, публіка ўспрыняла канцэрты на вышэйшым узроўні. Мы ўжо будуем планы на наступны год — знакавы для Лютэранскай царквы, бо гэта будзе 500-годдзе Рэфармацыі. Будзе больш канцэртаў. Акрамя аргана ў наступным годзе на фестывалі музыкі будуць граць і на іншых інструментах», — расказаў пастар Лютэранскай кірхі ў Гродне Уладзімір Татарнікаў.    

kirha2.jpg


Усе канцэрты на фестывалі былі дабрачыннымі. Частка атрыманых сродкаў пойдзе на ўстаноўку цэнтральнага вітража ў кірсе, частка — на дапамогу Гарадзенскаму дзіцячаму хоспісу і хворым дзецям.   Фестывалем канцэрты ў кірсе не абмяжоўваюцца. Ужо вядома, што з пачаткам восені ў храме будзе граць арган і віяланчэль.

kirha3.jpg


Паводле t-styl.info