Найвядомейшаму даследчыку літаратуры Міхасю Мушынскаму — 85!

Адзін з найвядомейшых беларускіх літаратуразнаўцаў, доктар філалагічных навук, член-карэспандэнт НАН Беларусі Міхась Іосіфавіч Мушынскі святкуе сёння свой юбілей.



muszynski_712.jpg

Фота Ігара Кузняцова, martsinovich.of.by

Міхась Іосіфавіч нарадзіўся 24 студзеня 1931 года ў вёсцы Мокрае Быхаўскага раёна. Скончыў філалагічны факультэт БДУ ў 1955-м. Працаваў рэдактарам выдавецтва БДУ (1955—1956). З 1956 — у Інстытуце літаратуры імя Я. Купалы Акадэміі навук (цяпер філіял Цэнтра даследаванняў культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі). Спачатку малодшы навуковы супрацоўнік, з 1968 — старшы навуковы супрацоўнік. Доктар філалагічных навук (1978). Прафесар (2001). У 1979—2002 — загадчык сектара (потым аддзела) выданняў і тэксталогіі. З 2002 года галоўны навуковы супрацоўнік.

З 1973 года Міхась Іосіфавіч з'яўляецца сябрам беларускай пісьменніцкай арганізацыі. На яго рахунку амаль паўтара дзясятка грунтоўных аналітычных манаграфій, асноўнымі тэмамі якіх сталася творчасць класіка айчыннай літаратуры Якуба Коласа і гісторыя літаратурна-крытычнай думкі ў Беларусі. Сярод найбольш вядомых ягоных кніг можна назваць наступныя: «Летапіс жыцця і творчасці Якуба Коласа» (1982; 2012, пашыранае выданне) «Беларуская крытыка і літаратуразнаўства. 20-30-я гады» (1975), «Беларуская крытыка і літаратуразнаўства. 40-я — першая палавіна 60-х гг.» (1985). Агляды творчасці Максіма Гарэцкага «Падзвіжнік з Малой Багацькаўкі» і Міхася Зарэцкага «Нескароны талент» сталіся настольнымі кнігамі для некалькіх пакаленняў студэнтаў, аспірантаў, выкладчыкаў сярэдняй і вышэйшай школы, акадэмічных вучоных.

Другой найвядомейшай дзейнасцю Міхася Мушынскага з'яўляецца тэксталогія: падрыхтоўка і выданне збораў твораў беларускіх літаратараў ажыццяўляецца пад кіраўніцтвам юбіляра ўжо некалькі дзесяцігоддзяў. Вынікам працы калектыву акадэмічных тэкстолагаў, які ўзначальвае Міхась Мушынскі, сталіся найпаўнейшыя выданні класікі: Янкі Купалы у 7 тамах, Якуба Коласа у 12, 14 і 20 тамах, Івана Мележа ў 10 тамах, Міхася Лынькова ў 10 тамах, Максіма Гарэцкага ў 4 тамах з дадаткамі, Піліпа Пестрака ў 5 тамах, Змітрака Бядулі ў 5 тамах, Петруся Броўкі ў 8 тамах, Міхася Зарэцкага ў 4 тамах, поўных збораў твораў Янкі Купалы у 9 т. (10 кн.) і Максіма Багдановіча у 3 тамах. Фундаментальная праца па крытыцы тэксту, багацці рэальнага каментарыю, дбайнае стаўленне да ўліку аўтарскіх рэдакцый і варыянтаў, а таксама аналіз пісьменніцкага самарэдагавання і галоўлітаўскай цэнзуры сталіся галоўнай прыкметай збораў твораў, здзейсненых пад кіраўніцтвам і пры найактыўнейшым творчым удзеле Міхася Мушынскага, і даўно ацэненыя навуковай філалагічнай грамадскасцю.

Шчыра віншуем Міхася Іосіфавіча Мушынскага з днём нараджэння і найперш зычым яму добрага здароўя і натхнення для працягу творчай навуковай дзейнасці! 

Прэс служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"