Невядомы раман Франсуазы Саган

Апублікаваны «страчаны» раман вядомай пісьменніцы і драматурга Франсуазы Саган (1935–2004), што сёлета стала найбуйнейшым літаратурным сюрпрызам у Францыі.

fransuaza_sagan.jpg


Няскончаная 200-старонкавая гісторыя была знойдзена сынам пісьменніцы — Дэнісам Вестхофам — у хатняй скрыні пасля смерці маці яшчэ ў 2004 годзе.

Як і дэбютны раман Франсуазы Саган, які працавітая пісьменніца напісала, калі ёй было ўсяго 17 гадоў, тэкст «Чатыры куты сэрца» ўяўляе лаканічны выклад жыцця французскага вышэйшага класа. Гэта незвычайны любоўны трохкутнік, у цэнтры якога знаходзіцца багаты бізнэсмэн Людовік Крэсон, які разбагацеў на вытворчасці гародніны. Але, як і сама Саган, ён трапляе ў жудасную аўтамабільную аварыю, пасля якой становіцца ахвярай заблытаных любоўных адносін са сваёй свякрухай.

Франсуаза Саган сама ледзь не памерла на піку сваёй папулярнасці ў 1957 годзе, калі разбілася на спартовай машыне «Aston Martin» і ўпала ў кому. Аднак нават пасля жудаснай аварыі яна паехала з Парыжа ў Монтэ-Карла на сваім іншым аўто «Jaguar», каб гуляць у азартныя гульні за сталамі казіно. Бісэксуальная геданістка, маладая Саган агаломшвала не толькі парыжскае грамадства, з якога выйшла, але і ўвесь літаратурны свет.

Вядомы фатограф Дэніс Вестхоф прызнаўся, што знайшоў рукапіс, які складаецца з дзвюх частак, пасля смерці маці. Ён апісаў гэтую знаходку як «цуд» — падчас серыі судовых баталій за матчыну маёмасць, якая была «канфіскавана, прададзена, перададзена або набыта сумніўнымі спосабамі».

У прадмове да кнігі ён прызнаецца, што раней прыносіў тэкст рэдактару Франсуазы Саган (цяпер нябожчыку), які не захацеў публікаваць яго. Але сын пісьменніцы вырашыў сам дапрацоўваць рукапіс, дадаючы прапушчаныя словы, а часам і цэлыя абзацы. Вестхоф сказаў, што «неабходна было ўнесці выпраўленні, імкнучыся не змяняць стыль ці тон рамана».