Ніка Сандрас: дзядзькі ад мастацтва называлі мяне выскачкай

Выстава твораў Нікі Сандрас адкрылася ў Беларускім доме ў Варшаве і працягнецца яшчэ тыдзень. У эксклюзіўным інтэрв'ю для "Белсата" вядомая мастачка і блогерка Ніка Сандрас распавяла пра "народную" нянавісць і любоў.
 



31.jpg

— Ці гэтая выстава мае нейкую канцэпцыю, ці гэта хутчэй проста збор абраных твораў?


— Канцэпцыі ніякай няма. У мяне ёсць жывапіс і малюнкі, і калі жывапіс мой людзі бачаць і набываюць у інтэрнэце, то малюнкі — гэта нешта вельмі асабістае. У жывапісе раблю тое, што падабаецца ўсім, а ў малюнках — тое, што адчуваю. І вось я ўзяла гэтыя малюнкі і прывезла ў Варшаву, таму гэта выстава пра мае пачуцці.


— Ці не баішся вось так адкрыта дзяліцца сваім патаемным і асабістым?


— Баялася! Калі пачынала маляваць, баялася камусьці паказваць. Потым села падумала і прыняла такое рашэнне, паказваць свету свае пачуцці, унутранасці. Усяму на злосць. Цяпер гэта мой выбар. Мае малюнкі таксама падабаюцца людзям — таму што калі чалавек бачыць перажыванне, ён ідэнтыфікуе яго са сваім. Людзі, здаецца, не думаюць, што гэта каштоўнасць у нейкім мастацкім плане, але хутчэй у эмацыйным.


— Калі ты пачала маляваць? І ў які момант пра цябе сталі казаць з прыстаўкай "мастачка"?


— Мастацкай адукацыі ў мяне няма. Але я ўсё жыццё малявала, з дзяцінства. У мяне ёсць прабабкіна Біблія, і вось я малая там малявала нейкіх чалавечкаў. А аднойчы спявачка Руся прыйшла да мяне ў госці, пабачыла гэтыя малюнкі і сказала, што іх абавязкова трэба паказваць людзям. Бо я малявала ды кідала гэта ўсё пад фатэль на кухні, яно там складзіравалася. З падачы Русі і з яе дапамогай мы зрабілі першую выставу ў Менску, у 2007 годзе, у кавярні "Графіці". Вось тады мяне і пачалі называць мастачкай.


— Былі тыя, хто казаў табе, што гэта ўсё не прафесійна, не тваё, кінь гэтым займацца?


— У 2008 годзе ў мяне была выстава з Ігарам Варашкевічам, пасля якой мяне моцна раскрытыкавалі. Мастацкія знатакі і іншыя дарослыя дзядзькі пісалі, што дзевачка-выскачка і гарызонт завалены. Я адказала, што гэта мой гарызонт і, магчыма, ён гадоў праз пяцьдзесят зробіцца класікай.


— Здараліся моманты, калі ты гатова была паверыць гэтым дзядзькам і ўсё кінуць?


— Кідала маляваць, але гэта было перад тым, як мяне пачалі зваць мастачкай. Калі пачала рабіць выставы, мне стала ўсё адно. Вось унутраная мая істота яна ўпёртая такая, як баран. Вось я малюю і буду паказваць! Не хочаце, не глядзіце! Калісьці дзяўчына, якая навучалася ў Акадэміі мастацтваў, вельмі раскрытыкавала мяне, сказала, што неба не можа быць лімоннага колеру і што, увогуле, за дрэнь ты малюеш. І мяне гэта так уразіла і засмуціла, што я тры гады нічога не рабіла. Была яшчэ адна гісторыя. Падышлі на выставе да мяне журналісты і запыталі: "А ў вас вось малюнак там, чорны чалавек на тле чырвонага неба. Чаму неба чырвонае?". Я патлумачыла, што тады ў мяне проста была чорная асадка і чырвоная, таму такі малюнак. Журналісты засталіся незадаволеныя: маўляў, я прымітыўна адказваю на пытанні. Трэба прыдумваць нейкія легенды? Няхай легенды прыдумваюць мастацтвазнаўцы, якія будуць гэта ўсё потым ацэньваць.


— Тэма тваіх малюнкаў адносіны, ці з кімсьці, ці з сабой, ці са знешнім светам. А чаму не прырода, не архітэктара, не натура?


— Для таго, каб маляваць прыроду ці архітэктару, я думаю, трэба сапраўды ўмець гэта рабіць. Вось калі б я скончыла Акадэмію, то, магчыма, і ўмела б такое. А я малюю ад таго, што мяне плюшчыць унутры, і мне гэта трэба выкласці на паперу, а то я пачну хварэць. Усе мае карціны аўтабіяграфічныя. Я проста малюю свае пачуцці. А на прыроду я проста гляджу ў вакно.


— Ніка, ты зрабілася яскравай і папулярнай асобай. Не толькі як мастачка, але і як блогерка. Як ты даеш рады з плынямі негатыву ці зайздрасці ў свой бок?


— Усё пачалося з паста "Зрабі мне балюча" [пост у "Жывым Часопісе", які ўзарваў рускамоўны інтэрнэт, у ім сцвярджаецца, што пераважную большасць жанчын хоць раз у жыцці спрабавалі згвалціць ці згвалцілі — belsat.eu]. Здаецца, гэта было ў 2008 годзе, а мне дагэтуль прыходзяць каментары да яго. Тады быў шквал каментароў, сярод якіх было шмат абразлівых і хамскіх, мой блог прыцягнуў да сябе вялікую ўвагу. І вось потым мне год ці два было вельмі цяжка, я плакала, выдаляла блог, вяртала, пакутавала страшэнна.


А потым з часам публіка змянілася. Мне цяпер амаль не пішуць хамстваў. Але пачалася другая праблема. Хіба трэба быць шчаслівай ад таго, што цябе любіць вялізная колькасць людзей, а мяне гэта мучыць. У дзень праходзіць толькі лістоў па 50 штук, не лічачы каментароў у сетках. І ўсе жадаюць адказу, усе жадаюць увагі. Але ў мяне на гэта няма ні часу, ні ўнутраных рэсурсаў. І тады гэтая любоў трансфармуецца ў такое: "Ах ты, дрэнь напышлівая!" А мне цяжка патлумачыць, што я проста не даю рады гэтай плыні. У мяне проста ёсць маё маленькае жыццё: мая мама, мой сябар, мой сабака і г.д. І гэта рэальнае жыццё, я не жыву віртуальным жыццём.

03.jpg

02.jpg

05.jpg


belsat.eu