Новы Ленін у Віцебску. 7-га лістапада запланавана ўрачыстае адкрыццё

Піянеры захапілі ўладу.

lenin_9.jpg

Бетонны бюст 1969 года вырабу з’явіцца каля паліклінікі №4, якая носіць імя Леніна. Калісьці падобны артаб’ект тут ужо быў, але вельмі даўно, уначы з 4 на 5 жніўня 1994 года яго пашкодзілі невядомыя асобы. Аднаўляць тады бюст не сталі, але вось больш як праз 25 гадоў мясцовыя ўлады вырашылі, што Ленін на гэтым месцы будзе вельмі актуальны.
Заменіць пашкоджаны бюст вельмі падобная да мінулай скульптурная выява. Яе збіраюцца «перасяліць» з былой тэрыторыі РАУС Кастрычніцкага раёна. Там бетонны бюст Леніна стаяў ва ўнутраным двары, адмежаваны ад мінакоў высокім плотам і калючым дротам.
Цяпер жа, калі райаддзел міліцыі пераехаў у новы будынак на вуліцы Церашковай, былыя «міліцэйскія» памяшканні выстаўлены на продаж амаль за 3 мільёны рублёў — гэта цэлы комплекс гістарычнай забудовы вуліцы Суворава (былой Узгорскай). Кошт бюста Леніна ў ацэначную вартасць комплекса не ўвайшоў — яго аддалі на рэстаўрацыю.
Тое, што гэта не твор мастацтва, а «штампоўка» — тыповая для савецкіх часоў выява Леніна, цяперашнія ўлады ніколькі не бянтэжыць. 7 лістапада, да чарговых угодкаў Кастрычніцкай рэвалюцыі, бюст Леніна плануюць адкрыць ва ўрачыстай абстаноўцы з абавязковым удзелам членаў камуністычнай партыі, БРСМ і «Белай Русі».
Нагадаем, учора стала вядома, што Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт да дня кастрычніцкага перавароту рыхтуе святочную праграму. Сярод іншага, прапануюць гульню з інтрыгоўнай назвай «Вораг народа». Лозунг гэтай ВНУ — «Разам генеруем поспех».


«Комплекс мерапрыемстваў, прысвечаны году гістарычнай памяці, напярэдадні Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі:

У 14:00 у актавай зале галоўнага корпуса адбудзецца кінапрагляд сумесна з ПскоўДУ (анлайн-падключэнне) казкі аб Хлопчыку-Кібальчышы з абмеркаваннем.
У 16:30 запрашаем у актавую залу галоўнага корпуса паспяваць патрыятычнае караоке.
З 17:00 у актавай зале галоўнага корпуса студэнтаў і ліцэістаў чакае настольная ролевая гульня «Вораг народа» паводле гульні «Мафія».
На працягу дня ў холе 1-га паверха галоўнага корпуса працуюць інтэрактыўныя пляцоўкі, мультыпарк з музычным суправаджэннем. Запрашаем усіх ахвотных!».