Паліна Рэспубліка выдала «Бясконцы красавік»
Канцэртная прэзентацыя пройдзе 15 мая, пасля яе спявачка сыдзе ў адпачынак на паўгода-год.

Беларуская спявачка Паліна Рэспубліка выдала свой дэбютны альбом «Бясконцы красавік». Яго ўжо можна бясплатна паслухаць на SoundCloud.
У альбоме няма новых песень: амаль усе яна напісала ў 16-17 год. Праца над ім вялася тры гады.
«Для мяне гэты ўзрост – бясконцая вясна і пяшчота, бясконцая закаханасць і захопленасць, калі ты ўсё успрымаеш вельмі блізка, наіўна, тонка, уважліва, калі ўсё мае значэнне і
ты перапоўнены жыццёвай энергіяй, — кажа Паліна. — Менавіта гэтыя адчуванні я вельмі хацела захаваць у альбоме і з імі звязаныя назва і агульная канцэпцыя».
Аўтар слоў і музыкі ў альбоме — сама Паліна, а аўтар інструментальных партый — гітарыст HandmadE і Markuts Band Уладзімір Пыльчанка. У запісе браў удзел шэраг запрошаных
музыкаў.
Аўтограф-сэсія з нагоды выхаду альбому адбылася 12 мая. Яго жывая прэзентацыя пройдзе 15 мая ў Studio 67 (пр. Партызанскі, 2а), квіткі ад 200 тысяч. Па прэзентацыі спявачка прыпыніць канцэртную
дзейнасць на паўгода-год з сямейных абставін.
nn.by