Памёр археолаг Георгі Штыхаў
Беларускі археолаг, доктар гістарычных навук Георгі Штыхаў памёр 2 сакавіка ва ўзросце 90 гадоў. Пра гэта паведаміў гісторык Сяргей Тарасаў, піша «Радыё Свабода».
Георгі Штыхаў — адзін з найбольш аўтарытэтных беларускіх археолагаў. Ягоныя манаграфіі «Старажытны Полацак» і «Гарады Полацкай зямлі» сталі класікай беларускай археалогіі.
Штыхаў займаўся вывучэннем курганных могільнікаў паўночнай і цэнтральнай Беларусі ў раннім сярэднявеччы, кіраваў археалагічнымі экспедыцыямі ў Полацку, Віцебску, Заслаўі, Барысаве, Лукам’і, Лагойску, Копысі. Штыхаў быў першым, хто ў савецкі час прапанаваў весці адлік гісторыі Беларусі ад Полацкага княства.
Георгі Штыхаў нарадзіўся 14 ліпеня 1927 году ў вёсцы Старая Беліца каля Гомля. У 1956 годзе Штыхаў скончыў гістарычны факультэт БДУ, у 1993 годзе ўзначаліў аддзел археалогіі і гісторыі Полацкай зямлі Інстытуту гісторыі Акадэміі навук Беларусі. У 1991 годзе стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі. Прафэсар Штыхаў быў першым прэзідэнтам Асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій у Беларусі (1992-1994), а таксама адным з заснавальнікаў дабрачыннага фонду «Памяць ахвяраў сталінізму ў Беларусі».