Партрэты магнатаў ВКЛ і cлуцкія паясы ў Нацыянальным музеі

8 мая 2013 года ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца адкрыццё выстаў «Партрэты ўладароў і магнатаў Вялікага Княства Літоўскага» са збору Львоўскага гістарычнага музея і Нацыянальнай галерэі мастацтваў (Львоў) і Валынскага краязнаўчага музея (Луцк) і «Слуцкія паясы» са збору Львоўскага гістарычнага музея. Экспазіцыю складаюць 61 партрэт і 4 паясы.  



small_kazymir.jpg

З прычыны цяжкіх палітычных умоў XX стагоддзя на тэрыторыі цяперашняй Беларусі захавалася вельмі мала гістарычных помнікаў і твораў старажытнага мастацтва, у прыватнасці — партрэтаў мінулых стагоддзяў. Яшчэ ў пачатку XX ст. многія беларускія рэзідэнцыі і двары мелі “галерэі продкаў”, якія зніклі падчас двух сусветных войнаў і рэвалюцыі 1917 года. Асобныя партрэты захаваліся ў музеях Беларусі і суседніх краін, як гэта адбылося са зборамі Радзівілаў у Нясвіжскім замку. Цяпер іх ацалелыя рэшткі можна пабачыць у музеях Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны, Расіі

Для выставы ў НММ РБ прадаставілі свае творы найбуйнейшыя і найстарэйшыя музеі Львова: Гістарычны музей і Нацыянальная галерэя мастацтваў, якія захавалі зборы яшчэ XIX — пачатку XX ст., а таксама Валынскі краязнаўчы музей, заснаваны ў 1928 г.

Значная частка партрэтаў прадстаўляе вышэйшых дзеячаў Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага ў XIV–XVIII стагоддзях, звязаных з беларускімі землямі не толькі дзяржаўнымі справамі, але і важнымі падзеямі асабістага жыцця. Напрыклад, Уладзіслаў Ягайла абвянчаўся з Соф’яй Гальшанскай у Навагрудку, Стэфан Баторый пабудаваў каралеўскую рэзідэнцыю ў Гродне і меў намер перанесці сюды з Кракава сталіцу Рэчы Паспалітай. Уладзіслаў Ваза ў свой час наведваў Нясвіж, Ружаны і Жыровічы. Пакланіцца цудадзейнаму Жыровіцкаму абразу прыязджаў Ян Сабескі з сынам. З магнацкіх родаў на выставе найбольш шырока прадстаўлены Радзівілы. Прычым восем партрэтаў паходзяць з замка ў Алыцы на Валыні (Радзівілы — “князі Свяшчэннай Рымскай Імперыі на Алыцы і Нясвіжы”).

Большасць партрэтаў Сапегаў, Тышкевічаў, Сангушкаў, Пацэяў, якія, верагодна, паходзяць з іх сямейных галерэй, упершыню стануць вядомыя беларускім даследчыкам. Асабліва варта ўказаць на шэраг твораў з серыі, якая знаходзілася ў маёнтку Радзівілаў (Мараўскіх) — Завушша (каля Нясвіжа), пэндзля львоўскага мастака Канстанціна Аляксандровіча.

Для наведвальнікаў, бясспрэчна, цікавымі стануць партрэты прыгажунь Барбары Радзівіл, Элеаноры Марыі Аўстрыйскай, жонкі караля Яна III Марыі Казіміры Сабескай і іншых прывабных дам.

Можна не сумнявацца, што выстава стане выдатнай падзеяй у культурным жыцці не толькі Мінска, але і ўсёй краіны. Нагадаўшы агульнае мінулае, яна паслужыць умацаванню культурных сувязей сучаснай Беларусі з роднаснымі народамі — украінцамі, літоўцамі, палякамі.

Выстава «Партрэты ўладароў і магнатаў Вялікага Княства Літоўскага» плануецца па 26 жніўня 2013 года.

Выстава «Слуцкія паясы» плануецца па 18 красавіка 2014 года.

Слуцкія паясы прызнаныя ва ўсім свеце нацыянальнай рэліквіяй беларускага народа як унікальны від ручнога ткацтва і сімвал самавызначэння нацыі. Па-майстэрску выкананыя шэдэўры ткацтва ствараліся на працягу сярэдзіны XVIII – першай паловы XIX стагоддзя на мясцовых мануфактурах, самай вядомай з якіх была Слуцкая.

На выставе будуць прадстаўлены 4 паясы розных мануфактур канца XVIII — пачатку XIX ст. са збору Львоўскага гістарычнага музея. Паясы захаваліся з даваеннага збору музея

Пояс быў неад’емнай часткай мужчынскага касцюма, служыў сімвалам узроўню ўлады і багацця яго ўладальніка, суправаджаў у розных жыццёвых сітуацыях. На выставе можна ўбачыць паясы розных мануфактур канца XVIII – пачатку XIX стагоддзя.

Экспазіцыю складаюць 61 партрэт і 4 паясы.

Урачыстае адкрыццё выстаў адбудзецца 8 мая 2013 года а 17-й гадзіне.

Паводле artmuseum.by