Студэнтка выйграла конкурс на дызайн уваходнага білета Нацыянальнага музея
Сёлета ўваходны білет Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі (НММ) вырабяць паводле эскізу студэнткі Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Ганны Мельнічук. Яна стала пераможніцай адпаведнага конкурсу, які музей сумесна з кампаніяй British American Tobacco праводзяць ужо ў дзявяты раз.
На цырымоніі ўзнагароджання, якая адбылася 2 мая ў Мінску, пераможніцы ўручылі прызавы сертыфікат на 4 млн. рублёў.
Новы білет музея выкананы ў фірмовай цёмна-сіняй палітры, на ім таксама выяўлены людзі, якія танцуюць вакол вогнішча падчас нацыянальнага абраду. Характэрна, што ў 2012 годзе
Мельнічук, якая ўдзельнічала ў конкурсе, была ўдастоена спецыяльнага прыза генеральнага дырэктара НММ за работу з выявай слуцкага пояса.
Упершыню за дзевяцігадовую гісторыю конкурсу прыз сімпатый гледачоў дастаўся не аднаму, а чатыром дызайнерам. Прызавыя сертыфікаты на 550 тыс. рублёў кожны атрымалі мастачка Ніна
Райдан, інжынер-праграміст Аляксандр Патапаў, студэнт БДУІР Сяргей Кібак і студэнт БНТУ Уладзіслаў Мароз.
Мароз таксама падзяліў спецпрыз генеральнага дырэктара НММ з дызайнерам Валерыем Маніным. Пераможцаў у гэтай намінацыі ўзнагародзілі кнігамі па мастацтве.
Арганізатары конкурсу не думалі, што ён будзе жыць так доўга, прызналася на цырымоніі намеснік дырэктара НММ па навуковай працы Надзея Усава. Аднак, паводле яе слоў, наведвальнікам ідэя спадабалася,
"многія людзі захоўваюць такія дызайнерскія ўваходныя білеты". "Сёлета ўсе білеты былі вельмі цікавымі, вельмі нечаканымі. Барацьба была надзвычай вострай — пераможны
білет выйграў з перавагай усяго ў адно ачко", — адзначыла яна, дадаўшы, што для пераможца конкурсу будзе гонарам тое, што з яго ўваходным білетам будуць хадзіць 240 тысяч чалавек у
год.
Конкурс паказаў, што многія яго ўдзельнікі да гэтага часу навучыліся думаць, іншыя — адчуваць, радаваць, сказаў член журы дызайнер Алег Чарнышоў. Ён адзначыў, што работы канкурсантаў гэтага
года можна было "раздзяляць на тэматычныя блокі", чаго не было раней.
У той жа час дзявяты конкурс на дызайн уваходнага білета агаліў "пэўную паўтаральнасць" у працах удзельнікаў, акрамя таго, было вельмі шмат стэрэатыпных білетаў, заявіў яшчэ адзін
член журы дызайнер Сяргей Саркісаў. Ён выказаў меркаванне, што арганізатарам неўзабаве давядзецца ўносіць пэўныя карэктывы ў правілы конкурсу, каб гэтага пазбягаць, інакш "конкурс чакае
крызіс". Тым не менш, падкрэсліў дызайнер, шэраг удзельнікаў, "магчыма, не ступілі на першае месца, але ў іх была бачная еўрапейская культура і еўрапейскае мысленне".
Захар Шчарбакоў, БелаПАН.