Памяці Арыны Вячоркі. "Полацкі сшытак" — 14 красавіка ў Мінску

14 красавіка а 19-й гадзіне ў Палацы ветэранаў прэзентацыя «Полацкага сшытку» — артэфакту беларускай музычнай культуры.



polacki_horizontal_small.jpg


Шмат часу мінула з 1960-х, калі вядомы беларускі навуковец Адам Мальдзіс адшукаў у сховах Ягелёнскай бібліятэкі ў Кракаве (з вернутых немцамі рабункаў ІІ-й сусьветнай вайны) унікальны збор нотных запісаў сярэднявечча (ён быў замест кардону ўклеены ў адзін з Полацкіх кніжных фаліянтаў), а дагэтуль не згасаюць публікацыі ў навуковай і папулярнай прэсе пра яго.

Музычныя кампазіцыі гэтага збору выдаваліся на вінілавых кружэлках, кампакт-касетах, CD у Польшчы, Нямеччыне, Вугоршчыне, Украіне, Расіі, а ў 2012 годзе выйшаў канцэптуальны беларускі альбом, дзе сабраныя найлепшыя інтэрпрэтацыі гэтых твораў за ўсю гісторыю іх вяртання дамоў. 14 красавіка ў мінскім Палацы культуры ветэранаў (Я. Купалы, 21) адбудзецца чарговая маштабная прэзентацыя гэтага праекту.

Праект нагадвае аналагічны сучасны збор твораў беларускага сярэднявечча «Легенды Вялікага Княства», але істотнае адрозненне акурат у гістарычнасці самой калекцыі, якая даказвае, што ў даўнія часы беларусы мелі развітую ня толькі царкоўную музыку, але і свецкую, лірычную, танцавальную. Часам даследчыкі называюць «Полацкі сшытак» ажно зборам беларускіх рок-н-ролаў Сярэднявечча.

legendy_vkl.jpg

На сёлетняй прэзентацыі альбому «Полацкі сшытак» выступяць найлепшыя ўдзельнікі праекту, які стаў апошнім творчым здабыткам прадусара гістарычнай музыкі Арыны Вележ (Вячоркі). Ейнай памяці і прысвечана гэтая прэзентацыя, бо 14 красавіка — дзень яе нараджэння.

Удзельнічаюць ня толькі каралі сучаснай медыяваль-плыні («Стары Ольса», «Brevis», «Contredance», «Testamentum Terrae»), але і першыя з тых, хто дакрануўся да нашага гістарычнага шэдэўру яшчэ ў савецкі час («Кантабіле»). Натуральна, прагучаць ня толькі творы з кружэлкі «Полацкі сшытак», але і шэраг аналагічных музычных знаходак.

medieval.jpg

Даведкі праз тэлефон (029) 649 08 88. Квіткі ад 70 000 да 130 000.

Пакупнікам квіткоў па 110 000 і 130 000 — кампакт-дыск «Легенды Вялікага Княства» ў падарунак!

Палац ветэранаў, 14 красавіка, пачатак у 19:00.

Кропкі продажу квіткоў: пераход Я. Коласа, каса Палаца культуры ветэранаў, kvitki.byticketpro.by і іншыя касы горада.