Прэзентацыя кнігі Алеся Пісьмянкова “Не знікай”

25 лютага Мінску ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылася прэзентацыя кнігі “Не знікай” выбітнага беларускага пісьменніка Алеся Пісьмянкова (1957–2004), прымеркаваная да дня яго нараджэння.



nie_znikaj_1.jpg

“Не знікай” — так звычайна казаў на развітанне сваім сябрам Алесь Пісьмянкоў, і гэтыя словы гучалі як наказ, як спадзяванне на будучыя сустрэчы.

Гэтае 296-старонкавае літаратурна-мастацкае выданне выйшла ў свет у рэдакцыі газеты “Звязда” ў 2012 годзе накладам у 700 паасобнікаў. Укладальнік кнігі — жонка пісьменніка Алена Пісьмянкова — сабрала пад адной вокладкай творы розных гадоў: вершы і эсэ з кніг, выдадзеныя пры жыцці паэта, і яго пасмяротнага зборніка “Думаць вершы...”, які пабачыў свет у 2005 годзе.

Пранікнёныя і светлыя радкі паэта і сёння знаходзяць водгук у сэрцах чытачоў, і жыццё Пісьмянкова, якое, на жаль, заўчасна абарвалася, працягваецца ў яго творах. Сёння паэт у вечнасці, але ўсе, каму пашчасціла сутыкнуцца з Алесем Уладзіміравічам, памятаюць яго светлым і шчырым, узнёслым і рамантычным чалавекам. Ён вымяраў сваё жыццё і свае творы шкалою каштоўнасцей сваіх продкаў-беларусаў і заўсёды быў гатовы аддаць сваё душэўнае цяпло людзям.

Як адзначыў лаўрэат Міжнароднай літаратурнай прэміі імя Івана Франко і Літаратурнай прэміі імя Кандрата Крапівы, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў і Нацыянальнага саюза пісьменнікаў Украіны, перакладчык Валер Стралко, усе, хто быў знаёмы з Алесям Пісьмянковым, грэліся ў светлых промнях цяпла і добразычлівасці, што сыходзілі ад гэтага цудоўнага чалавека.

ne_zn_kaj_stralko.jpg

Валер Стралко

“Ягоны сыход з жыцця стаў трагедыяй для беларускага народа. Мне вельмі хацелася перакласці на ўкраінскую мову яго вершы і выдаць іх асобнай кніжкай. І калі я атрымаў ганарар за пераклад на ўкраінскую мову паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”, дык выдаў да 50-годдзя Пісьмянкова, якое адзначалася 25 лютага 2007 года, ягоны ўкраінскамоўны зборнік “Любіць бы вечна…”. Гэтая кніга, у якую ўвайшлі 50 лепшых вершаў з паэтычнай спадчынв Алеся Пісьмянкова, пабачыла свет 23 лютага 2007 года ў сталічным выдавецтве “Дыксэнд” і надрукавана накладам у 500 паасобнікаў. Амаль увесь наклад кнігі я падарыў сваякам і сябрам паэта. Памяць пра яго назаўсёды застанецца ў маёй душы і творчасці”, — адзначыў Стралко. На ягонае меркаванне, важкі ўнёсак Алеся Пісьмянкова ў беларускую літаратуру заслугоўвае ўзвядзення помніка гэтаму вялікаму пісьменніку і чалавеку.

Лаўрэат прэміі камсамола Беларусі, лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова і прэміі  “Залаты апостраф” (пасмяротна) Алесь Пісьмянкоў пісаў нарысы, эсэ, вершы, аўтар перакладаў. Дэбютаваў вершам у 1972 годзе ў касцюковіцкай раённай газеце “Сцяг камунізму”. Аўтар васьмі прыжыццёвых і пасмяротных кніг паэзіі.У часопісе “Вожык” адбыліся спробы сатырычнага пяра пісьменніка. Ён таксама пісаў казкі для дзяцей (кнігі “Заўзятары”, 1993; “Ласуны — веселуны”, 1997). Асобныя вершы Алеся Пісьмянкова пакладзены на музыку.

ne_zn_kaj_3.jpg

На прэзентацыі