Рок-князёўна Кася Камоцкая і легенда аўтарскай песні Алесь Камоцкі ў сумесным вясновым канцэрце.

22 сакавіка а 19.00 у Палацы культуры ім. Шарко (вул.Уральская, 3) рок-князёўна Кася Камоцкая і легенда аўтарскай песні  Алесь Камоцкі ўпершыню выступяць у сумесным вясновым канцэрце.

 



kamockija_sumiesny_kancert.jpg

Квіткі ад 60 000 да 120 000.
Кропкі продажу квіткоў: пераход Я.Коласа, каса к/з Мінск, каса ДК МТЗ і інш.
Даведкі: 029 6490888

Гісторыя Камоцкіх, расказаная імі самімі

Алесь і Кася Камоцкія ўпершыню пагадзіліся распавесьці на публіку сваю гісторыю: як пазнаёміліся і сышліся, пабраліся шлюбам ды разьвяліся і як здолелі захаваць сяброўскія стасункі, Гэту гісторыю запісаў tuzin.fm

Кася Камоцкая і Алесь Камоцкі ў беларускай музыцы ўжо тры дзясяткі гадоў. І яна, і ён часта даюць сольныя канцэрты, маюць багатую дыскаграфію і нямала сваіх прыхільнікаў. Праўда таямніцы прыватнага жыцьця асабліва не распавядаюць, таму некаторыя часам гадаюць — дык Камоцкія гэта брат і сястра? Ці проста маюць адно і тое ж прозьвішча? Ці можа муж і жонка? А калі так, дык чаму іх рэдка пабачыш разам і чаму яны не даюць сумесных выступаў, хоць працуюць у адной і той жа музычнай плыні. А калі разьвяліся — зноў жа — чаму прозьвішча адно і тое ж. Праўду ведаюць толькі набліжаныя сябры Камоцкіх. А праўда ў тым, што яны сапраўды жылі разам як муж і жонка, але воляю лёсу разышліся. Упершыню Алесь і Кася пагадзіліся распавесьці на публіку сваю гісторыю.

На пачатку 80-х паміж студэнтамі БДУ Кацей і Сашам завязалася знаёмства, якое вельмі хутка перарасло ў нешта больш вялікае. Ён толькі што адслужыў у войску і паступіў на аддзяленьне філязофіі гістарычнага факультэту, а яна вучылася на гістфаку. Канкрэтнага дня знаёмства цяпер ані Кася, ані Алесь прыгадаць ня могуць.

tuzin.fm__image_kamocki3._b8461db8a4fa871d5d68f58c2869e408.html

Алесь Камоцкі пасьля службы ў войску, тут яму 21 год

 

«Мы неяк паралельна тусаваліся — у інтэрнаце, да некага дадому прыходзілі, на лесьвіцах ва ўнівэры. Я сьпяваў, і яна сьпявала, так і сышліся. Думалі разам сьпяваць, але не пайшло нешта. Але знаёмства завязалася. Ад моманту знаёмства да вясельля мусіць і год не прайшоў. Дзякуючы Каці — яна шустрая, а я цяльпо, мядляк», — згадвае Алесь Камоцкі.

Шлюбам яны пабраліся 30 красавіка 1982 году ў ЗАГСе, што на Камуністычнай. Алесь тады меў 24 гады, а Касі яшчэ не было і 19-ці. Той дзень выдатна запомніўся абодвум. Шмат у чым дзякуючы прапанове Камоцкага.

«Вяселля як такога ў нас можна сказаць і не было. Мы расьпісаліся ды практычна адразу паехалі ў аэрапорт. Абралі загадзя для вандроўкі Піцер ды ўсіх пра гэта папярэдзілі. Ня ведаю, можа трэба было Вільню, але паляцелі ў Ленінград. Тады гэта быў такі горад рок-н-ролу, дзе быў найлепшы на ўвесь Саюз рок-клюб. Мы патусаваліся ля „Сайгону“, пакаталіся на рачным трамвайчыку, тыдзень прабадзяліся там. А госьці гулялі на нашым вясельлі бяз нас, ніхто пакрыўджаны ня быў, родныя паставіліся з разуменьнем. Адзначалі на кватэры ў мяне, на Чарвякова. Сьвята ўдалося, нават унітаз пабілі», — згадвае Кася Камоцкая.

tuzin.fm__image_kamockia4_d2ee1ab7aba0228f12082c1b932db34a.html

Вяселле Камоцкіх, 30 красавіка 1982 г.

Камоцкія пасяляліся ў доме па вуліцы Янкі Купалы, які насупраць цырку: там на першым паверсе рэстарацыя «Узбекістон», а іх кватэра была на самым апошнім. Дасталася яна ад Касінай бабулі, супрацоўніцы дзяржаўнага радыё. Дом быў заўжды поўны гасьцей. Гаварылі між сабой ужо тады па-беларуску.

«У 19 гадоў мець сваю хату, дзе можна было прымаць гасьцей — гэта было сапраўднае шчасьце! Да нас завітвалі Сяржук Сокалаў-Воюш, Вінцук Вячорка, Алесь Суша, Максім Жбанкоў, Ігар Бабкоў, Сяргей Навумчык, усіх не пералічыць. Весела было! Плённы і творчы час, тады ўсё было на ўздыме, ня тое, што цяпер», — кажа Кася.

«Беларускую мову мы любілі і шанавалі ўжо калі сустрэліся. Першыя вершы ў войску я стаў пісаць яшчэ. Песьні па-беларуску складаў ужо на першых курсах унівэру, а пацаны гаварылі: „На хера табе гэта, ты нармальна пой“. А мне хацелася. Школа мову не прывівала, бацька толькі. Пасьля тыя людзі на пачатку 90-х сталі самі размаўляць па-беларуску, езьдзіць па Амэрыках усякіх, а потым адыйшла гэтая хваля — і ўсё. А я працягваю рабіць тое, што хачу», — апавядае Алесь.

tuzin.fm__image__kasia_02_4b5c9934093a2f74de69b8a7c84234ee.html

Кася Камоцкая, пачатак 1980-х

Спробы наладзіць сямейны дуэт скончыліся нічым. Алесь і Кася гралі паасобку. Камоцкі свой першы альбом запісаў у 1986 годзе, ён зваўся «Першы сшытак», ён таксама граў на саксафоне ў гурце Zartipo. А Кася свой першы запіс зрабіла пазьней — разам з гітарыстам Лявонам Шырыным, якога, дарэчы, параіў Алесь, яна запісала на радыё дэбютны альбом гурта «Новае неба» — «Дзеці чорнага гораду» ў 1991-м. Абедзьве працы лічацца клясыкай беларускай нацыянальнай песьні.

«Разам з Камоцкім граць было немагчыма, не прымаў ён шмат чаго. Гэта ён цяпер спакойны, а тады цяжка было зь ім. Калі спрабавалі нешта рабіць разам, казаў, што я фальшыва сьпяваю, карацей ня выйшла. Я да Алесевых песень надзвычай добра стаўлюся. Яго першы магнітальбом 1986 году пераслухоўваю і сёньня. Ён быў запісаны на бытавы магнітафон, запіс проста жахлівай якасьці, але там гучаць выдатныя песьні на Караткевіча, Жылку, Багдановіча. Хочацца, каб ён быў перазапісаны і перавыданы, бо шкада тых песень», — апавядае Кася.

Падобна на тое, Алесь зь цягам часу сваё меркаваньне пра Касю як сьпявачку зьмяніў. Сёньня ён кажа так: «Мне падабаецца, калі наогул нехта нешта робіць, а тым больш так. Улюбёных песень у Касі не назаву, бо ў мяне ў прынцыпе няма ўлюбёных песень. Уся музыка для мяне — адна вялікая песьня. Усё, што рабіла Кася, уключна з „Новым Небам“, выглядала някепска. Асабліва ўжывую».

tuzin.fm__image_kamocki1._af70d099cb53e3f44929bdf5bf63916c.html

Алесь Камоцкі з дачкой Касяй, 1990 год

 

У 1986 годзе ў Камоцкіх нарадзілася дачка, якую назвалі Касей. Кася-старэйшая неяк згадвала ў адным з інтэрвію, што імя выбіралі вельмі доўга, зь месяц, але так і не паразумеліся канчаткова з мужам. Тады ўжо сыйшліся на кампрамісным варыянце, бо ўжо трэба было тэрмінова вызначацца.

Шлюб Камоцкіх трываў да ліпеня 1991 году. Пасля было вырашана разыйсціся.

Кася згадвае: «Мы зразумелі, што розныя людзі. Канечне, не адразу гэта адбылося: падумалі, усталі ды пайшлі. Гэта быў доўгі працэс. Пасьля разыходу давялося жыць пэўны час жыць у адной кватэры. Былі нэрвы спачатку, складана быць адразу ў прыязных адносінах. Але цяпер гэта падаецца дробязным».

tuzin.fm__image__kasia_01_eda9e59c4dd71b7f3ef3824a6a00014e.html

Кася Камоцкая, другая палова 1980-х

Алесь кажа, што зусім не шкадуе ні пра што, а на пытаньне ці быў ён шчасьлівы ў гэтым шлюбе адказвае: «Усялякае было, вялікі кавалак наогул клясны быў. Галоўнае кроў адно аднаму ня піць. Калі не складаецца, дык лепей ня быць разам. Былі ў нас нейкія цёркі, трошкі раздражняла сытуацыя, злавала, але потым адносіны сталі нармальнымі, бяз крыўдаў. Можна іх назваць сяброўскімі. Калі трэба — я пабягу, буду дапамагаць ёй. Калі мне трэба будзе, думаю, яны прыбягуць».

«Яны» — гэта Кася і яе другі муж — рэжысэр-дакумэнталіст Віктар Корзун, зь якім рок-князёўна пабралася шлюбам у 2000 годзе. Тады яна і адкрыла для сябе, што з Камоцкім яна …не разьведзена. Зрэшты, і прозьвішча першага мужа Камоцкая (у дзявоцтве Чалей) так і не зьмяніла.

«Апынулася, што афіцыйна я працягвала лічыцца ў шлюбе з Алесем, бо ня мела на руках пасьведчаньне аб скасаваньні шлюбу. Яго ж трэба было атрымліваць асабіста. Алесь можа яго і атрымаў, а я дык не паклапацілася тады. А прозьвішча захавала сьвядома. На гэта было дзьве прычыны: па-першае, яно ўжо стала на той час пэўным брэндам. А па-другое, не хацелася пераафармляць усе паперы і дакумэнты на дзявочае прозьвішча. Мяне гэта не мучыла. Не ведаю як Алеся».

tuzin.fm__image_kamockija_5cb1b11119a875539b942d480275fe70.html

Камоцкія на гадавіну вясельля, 2002, другое фота — Віктар Корзун і Кася Камоцкая (фота svaboda.org)

tuzin.fm__image_kamockaja_a95687195a52b5dccfc6c0a5e0109cdf.html

Алесь аджартоўваецца на гэты конт: «Кася мне будзе вінна за такое прозвішча». Цяпер яны сапраўды сябруюць. Кася нават кажа, што Алесь больш сябруе ня зь ёй, а зь яе мужам Віктарам, яны вельмі часта стэлефаноўваюцца. Абое Камоцкіх ясна разумеюць, што яны людзі родныя. У іх агульнае мінулае, дачка, а цяпер яшчэ і ўнук Саўка.

22 сакавіка будзе гістарычная падзея. Алесь і Кася выступяць упершыню ў сумесным канцэрце. Нешта падобнае яны ўжо хацелі зрабіць раней — думалі такім чынам адзначыць гадавіну вясельля, потым юбілей Камоцкага, але ніяк не выпадала. Дуэту ня будзе, затое Кася выканае некалькі песень Алеся. Адну зь іх яна прэзентуе на Tuzin.fm. Сьпеў завецца «Як сканаю — душа застанецца», ён напісаны на музыку Камоцкага і на верш Караткевіча. У выкананьні Алеся ён увайшоў у альбом «Першы сшытак» (1986), а ў выкананні Касі прагучаў у фільме Віктара Корзуна, які так і завецца «Як сканаю — душа застанецца» (2011). Аўдыёзапіс публікуецца ўпершыню.

Сяргей Будкін, Tuzin.fm/Budzma.org, фота з архіву Алеся і Касі Камоцкіх

Квіткі ад 60 000 да 120 000.
Кропкі продажу квіткоў: пераход Я.Коласа, каса к/з Мінск, каса ДК МТЗ і інш.
Даведкі: 029 6490888