Сышоў творца кінасанетаў

2 сакавіка, на 71-м годзе жыцця, памёр беларускі кінарэжысёр Валерый Рубінчык.



Валерый Рубінчык нарадзіўся 17 красавіка 1940 года ў Мінску. Ён вучыўся ў 42-й мінскай школе, у 1962 годзе скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, а ў 1969-м — Усесаюзны дзяржаўны
інстытут кіно (майстроўня Якава Сегеля).



2 сакавіка, на 71-м годзе жыцця, памёр беларускі кінарэжысёр Валерый Рубінчык.

Валерый Рубінчык нарадзіўся 17 красавіка 1940 года ў Мінску. Ён вучыўся ў 42-й мінскай школе, у 1962 годзе скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, а ў 1969-м — Усесаюзны дзяржаўны інстытут кіно (майстроўня Якава Сегеля).

На кінастудыі «Беларусьфільм» ягоныя працы адразу прыцягнулі ўвагу далікатным аўтарскім почыркам і паэтычнай празрыстасцю кінаформы. Нават распавядаючы пра камсамольцаў і агітатараў, рэжысёр ствараў паралельны свет кінамастацтва і настальгіі па прыгажосці.

У стужцы «Чырвоны агітатар Трафім Глушкоў» (1969) паўстае гераічны кінамеханік, «Апошняе лета дзяцінства» (1974) здзіўляе тонкай іроніяй і карункавымі кінакадрамі, а «Культпаход у тэатр» 1982 года — трагікамічнае даследаванне жыцця і мастацтва.

Ад «стабільнай» савецкай рэальнасці творца сыходзіў у літаратурную класіку («Гамлет Шчыгроўскага павету» 1975 года — драма паводле апавяданняў Івана Тургенева), фальклорную даўніну («Магіла льва» 1971 года — па беларускіх легендах і творах Янкі Купалы).

На студыі Рубінчыка называлі «феліншчыкам» — за любоў да вытанчанай барочнай кінаформы. Але, у адрозненні ад карцінаў Федэрыка Феліні, стужкі Рубінчыка — стрыманыя і ціхмяна-меланхалічныя.

Адна з вяршыняў Рубінчыка — і дзівосны мастацкі эксперымент — «Вянок санетаў» 1976 года. Рубінчык пабудаваў ваенны фільм, у якім гучаць вершы Бэлы Ахмадулінай, як вянок санетаў, дзе канец аднаго верша ёсць пачаткам наступнага.

Дасціпны Уладзімір Караткевіч склаў на гэты конт эпіграму:

Рубінчык — гэта галава,
Дазвольце мне сказаць аб гэтым.
Ён схараніў у «магіле льва»
І сатварыў «вянок санетаў».


З Караткевічам Рубінчык працаваў над экранізацыяй «Дзікага палявання караля Стаха». Адразу па выхадзе ў 1979 годзе стужка была аблашчаная на міжнародных фэстах і ўвайшла ў даведнікі па страшнаму кіно. На радзіме гэты гатычны дэтэктыў калі і паказвалі, то асцярожна.

На сённяшні дзень гэта лепшая экранізацыя Караткевіча, хаця сам пісьменнік выказваўся стрымана: «Мы бачылі розныя сны». Сны Рубінчыка — з рапідам, каляровымі фільтрамі, ссохлым дрэвам, што падае на балоце, ледзяной і выпаленай зямлёй (знойдзенай на ваенным палігоне).

Рубінчык перанёс дзеянне «Дзікага палявання» ў 1900 год, зарыфмаваўшы гісторыю Караткевіча, дэкаданс, батлейку і новую эпоху страшных падзей.

Рубінчык збіраўся працаваць і над іншым сцэнарам Караткевіча — па Ядвігіну Ш. Але лёс не склаўся.

Апошняя стужка Рубінчыка на «Беларусьфільме» — «Камедыя пра Лісістрату» 1989 года паводле Арыстафана. Надалей творца пераехаў у Маскву. Беларуская кінаіндустрыя развальвалася, творца з унікальным позіркам стаўся залішнім.

У Маскве Рубінчык выкладаў ва Усесаюзным дзяржаўным інстытуце кіно, а калі атрымлівалася з прадзюсерамі, здымаў рэдкія стужкі: «Пейзаж з трыма купальніцамі» (1995); «Мастак Барыс Забораў» (1996). Але далікатныя рубінчаўскія медытацыі «кіно пра кіно» (назва стужкі 2002 года) выпадалі з сучаснай расійскай эпохі (у Беларусі творца не зняў бы і гэтага).

На апошнім «Лістападзе» было падрыхтаванае запозненае ўшанаванне майстра. Але ён ужо не прыехаў. Сёння беларускага рэжысёра Валерыя Рубінчыка не стала. Ягоная далікатная кінапаэзія засталася.
 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: