СМАЧНА З «НОВЫМ ЧАСАМ». Грушы па-радзівілаўску да святочнага стала

Далікатныя, духмяныя грушы па-радзівілаўску. Рэцэпт старадаўні, арыгінальны, але вельмі просты.


Гэтым дэсертам можна частавацца як па святах, так і штодня. Абы было жаданне гатаваць і радаваць сяброў.

Радзівілы — адзін з самых вядомых родаў Вялікага Княства Літоўскага. Магутныя, уплывовыя Радзівілы былі гурманамі. Гэты факт пацвярджае іх любоў да прыёмаў з пышнымі сталамі з мноствам пачастункаў. У сваёй нясвіжскай рэзідэнцыі аматары рэдкай кухні збіралі гасцей, каб пачаставаць іх сваімі ўлюбёнымі стравамі: губамі лася, хвастом бабра, мясам па-княжацку, ялавічынай пад вішнёвым соусам… Пералічваць можна бясконца.

Але ж кухары князёў з лёгкасцю здзіўлялі і стравамі, якія на самай справе не патрабавалі выкшталцоных інгрэдыентаў. Шэдэўры гастранамічнага мастацтва стваралі з танных прадуктаў. Менавіта такі дэсерт я вам і прапаную.

Захаваць арыгінальныя рэцэпты з радзівілаўскага стала ўдалося дзякуючы аднаму прыдворнаму кухару, які любіў не толькі гатаваць, але і запісваць штодзённае меню. Гэтыя запісы зараз знаходзяцца ў Літоўскім дзяржаўным гістарычным архіве. Імі, у сваю чаргу, зацікавіліся палякі Данута і Хенрык Дэбскія і ў 1988 годзе выпусцілі кнігу «Кухня Радзівілаў».  Менавіта з гэтай кнігі ўзяты рэцэпт нашых груш. Арыгінальная назва: «Грушы венгерскія па-радзівілаўску». Чаму венгерскія — невядома. Мяркую, нашы, беларускія, не саступаюць па якасці. 

ІНГРЭДЫЕНТЫ:

1 кг груш;

1 шклянка натуральнага мёду;

4 жаўткі;

80 г лясных  і грэцкіх арэхаў.

Падаваць з марозівам і пялёсткамі мяты.

ГАТАВАННЕ:

Грушы вымыць, зняць скурку, разрэзаць напалам, выдаліць зярняткі, пакласці на блюда з сумессю мёду і жаўткоў, загарнуць тэрмаўстойлівым матэрыялам, паставіць у сярэдне нагрэтую духоўку і запякаць 20-25 хвілін. Пасля запякання пасыпаць абсмажанымі і дробленымі арэхамі. Падаваць адразу пасля прыгатавання

Пакуль грушы запякаюцца, можна хуценька прыгатаваць ЗБІЦЕНЬ З МЁДАМ І ЗЁЛКАМІ.

Збіцень — напой, які любілі, мяркую, заўжды і ўсе. Чаму я так лічу? Таму што першая згадка гэтага напою ў летапісах адносіцца да 1128 года, а першы больш падрабязны рэцэпт быў апісаны ў «Дамастроі». Рэцэптаў — незлічоная колькасць, бо ў кожным розныя спецыі і зёлкі. Зімой гатавалі гарачы, летам — халодны, безалкагольны і алкагольны. Збіцень падавалі як у сялянскіх хатах, так і ў арыстакратычных пакоях.

Гэта «арыстакратычны» збіцень, што бачна ўжо па двух інгрэдыентах: лімон і апельсін. Але ж тут нічога дзіўнага няма. Апельсіны, напрыклад, з’явіліся на сталах беларусаў раней за бульбу — канечне, на сталах багатых беларусаў. Радзівілы шмат падарожнічалі і прывозілі з-за мяжы такія інгрэдыенты для сваіх страў, якія сялянам нават і не сніліся.

ІНГРЭДЫЕНТЫ: 

2 л вады

1 ст. л. сушанай мяты;

1 ст. л. сушанага рамонку;

1 ст. л. молатага цынамону;

10 бутонаў гваздзікі;

10 гарошын духмянага перцу;

10 г свежага імбіру;

Лупіны ад 1 апельсіна і ½ лімона;

100 г мёду. 

ГАТАВАННЕ: 

У падагрэтую ваду дадаць усе зёлкі, спецыі, абабраны і нацерты на тарцы корань імбіру, апельсінавыя і лімонныя лупіны. Калі адвар закіпіць, зменшыць агонь і варыць 10-15 хвілін. Даць настаяцца 5 хвілін і працадзіць. Дадаць мёд. Падаваць гарачым. 

Застаўся невялічкі, але вельмі важны штрых: прыгожа, па-радзівілаўску, падаць дэсерт і збіцень. СМАЧНА ЕСЦІ!

1__3__8_logo_1.png