Спачатку спадчына, апакаліпсіс пачакае

Беларускі камітэт ICOMOS і МНДА «ЕўраБеларусь» запрашаюць на канферэнцыю «"Права на спадчыну" і Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей: выклікі і рашэнні», мэта якой — праўдзіва ацаніць патэнцыял гэтага інструмента. Канферэнцыя адбудзецца 14-15 траўня, разглядаецца магчымасць правядзення падзеі анлайн.

p4156630_logo_1.jpg

Грамадска-культурніцкія прафесіяналы, прадстаўнікі нацыянальных і мясцовых органаў улады, архітэктары, рэстаўратары і даследчыкі, што працуюць з тэмай і аб’ектамі беларускай спадчыны, маюць магчымасць даць рознабаковую ацэнку эфектыўнасці Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурніцкіх каштоўнасцяў. Гэты інструмент культурнай палітыкі, які шырока выкарыстоўваецца ў Еўропе і свеце ўжо больш за 150 год, у Беларусі з’яўляецца асноўным дакументам дзяржулiку аб’ектаў спадчыны і кіравання імі. Сёння спіс змяшчае амаль 5,5 тыс. нерухомых аб'ектаў спадчыны, і гэта лічба расце.
Спіс робіцца вызначальнай вехай для ўдзела грамадства ў вызначэнні лёса аб'ектаў спадчыны. На практыцы дыялог аб лёсе помніка далёка не заўсёды працякае актыўна, шырока і скаардынавана паміж органамі ўлады, грамадскай і экспертнай супольнасцямі.
Такая сітуацыя натхняе грамадскае аб'яднанне «Беларускі камітэт ІКАМОС» у партнёрстве з МНДА «ЕўраБеларусь» абвясціць правядзенне навукова-практычнай канферэнцыі «"Права на спадчыну" і Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей: выклікі і рашэнні» 14-15 траўня 2020 года ў Мінску (з магчымым пераносам альбо пераходам у анлайн).
Сцяпан Стурэйка, кіраўнік ICOMOS-Беларусь, тлумачыць: «Мы заклікаем шматлікіх калег разам узяцца за некалькі задач. Па-першае, вывучыць характэрныя сітуацыі з захаваннем і аднаўленнем розных катэгорый нерухомай спадчыны, уключаных у Дзяржаўны спіс. Па-другое, важна павышаць якасць адпаведнага дыялогу паміж дзяржаўнымі органамі, экспертамі, грамадскасцю ды ўласнікамі. Па выніках мы зможам вылучыць найлепшыя практыкі кіравання помнікамі і вызначыць перспектывы для рэфармавання ахоўнага і рэстаўрацыйнага заканадаўства ў Беларусі».
МНДА «ЕўраБеларусь», ужо некалькі год працуючы з беларускімі адмыслоўцамі ў галіне спадчыны, стала першым і важным стратэгічным партнёрам у гэтым кірунку. Таццяна Пашавалава, праграмная дырэктарка арганізацыі: «Мы рады аформіць нашыя высілкі ў агульны комплекс адукацыйных і камунікацыйных мерапрыемстваў, прысвечаных сацыяльным аспектам працы з помнікамі беларускай культуры. Паведамляць пра кожнае з іх мы плануем асобна і ў бліжэйшы час».
Праграма канферэнцыі будзе вызначацца цягам красавіка, аднак пул «гарачых» пытанняў ужо размеркаваны на 3 напрамкі: нацыянальны і лакальны ўзроўні рэгулявання спадчыны, а таксама праца з асобнымі катэгорыямі помнікаў.  
Падаць заяўку на ўдзел у якасці выступоўцы можна праз форму на сайце канферэнцыі, альбо даслаўшы тэкставы файл у фармаце *.doc ці *.docx да 20 красавіка 2020 года ўключна на icomos.events@gmail.com з пазнакай «Заяўка на ўдзел у Канферэнцыі».
У заяўцы на email абавязкова ўказаць:
— імя і прозвішча дакладчыка;— месца працы або арганізацыю, якую прадстаўляе дакладчык, яго пасаду;— электронны адрас і тэлефон дакладчыка;— назву даклада з пазначэннем прыярытэтнай секцыі (аргкамітэт мае права пераразмяркоўваць даклады па секцыях на ўласны погляд);— кароткі змест даклада (200-300 словаў).
Умовы ўдзелу:
Удзел у канферэнцыі бясплатны. Выбраныя даклады будуць апублікаваныя. Праезд і пражыванне ў Мінску адбудзецца за кошт удзельнікаў або арганізацый, якія яны прадстаўляюць. Аргкамітэт канферэнцыі пакідае за сабой права адхіляць заяўкі, адмаўляць аўтарам у публікацыі тэкстаў па прычыне неадпаведнасці тэматыкі ці нізкай акадэмічнай/тэхнічнай якасці прапанаванага матэрыяла. Рэгістрацыя на ўдзел у якасці гледача адкрыецца пазней.
Крыніцы:
Сайт канферэнцыіДэтальны Інфармацыйны ліст-запрашэнне
Падзея ў Facebook
Даведка

Грамадскае аб'яднанне «Беларускі камітэт ICOMOS» — арганізацыя, якая займаецца падтрыманнем і пасоўваннем тэорый, метадалогій і навуковых тэхналогій у кансервацыі архітэктурнай і археалагічнай спадчыны. Міжнародная рада па захаванні помнікаў і гістарычных мясцінаў ICOMOS была ўтворана ў жніўні 1965 года, у Беларусі камітэт прадстаўлены з 2002 года. У арганізацыі працуюць гісторыкі, архітэктары, археолагі, рэстаўратары, грамадскія актывісты, з'яднаныя праблемамі захавання і рэстаўрацыі гістарычных аб'ектаў Беларусі.
Міжнародная недзяржаўная арганізацыя «ЕўраБеларусь» была ўтворана ў 2009 годзе ў Літве і аб’яднала шэраг праўдстаўнікоў аналітычных, экалагічных і іншых грамадскіх арганізацый. Дзейнасць «ЕўраБеларусі» прысвечаная стымуляванню і падтрымцы праеўрапейскага развіцця Беларусі як паўнапраўнага суб’екта еўрапейскіх зносін на разнастайных узроўнях.
«Права на спадчыну» — комплекс аб’яднаных мерапрыемстваў Беларускага камітэта ICOMOS і МНДА «ЕўраБеларусь», прысвечаных выпрацоўцы актуальных мадэляў кіравання спадчынай прафесійнымі, лакальнымі і іншымі супольнасцямі. 
Паводле прэс-рэлізу