Спявачка Юля Петраш: За беларускую мову нам не «прылятала», але калі «прыляціць», то так жа і «адляціць»
Знаёмцеся — «Ночы», музычны гурт бабруйчанкі Юлі Петраш, вакалісткі і кампазітаркі. Зараз дзяўчына жыве ў Варшаве з мужам Паўлам — ён жа гітарыст і саўнд-прадзюсар праекта. Там творцы рыхтуюць новыя сінглы, пішуць альбом. Але ты можаш пазнаёміцца з песнямі «Ночы» проста цяпер, а таксама крыху даведацца пра Юлю, якая падзялілася з 1387.by успамінамі ды навінамі.
— Бабруйск — мая малая радзіма, жыла я ў раёне Кісялевічы. Родны горад запомніўся шчаслівым дзяцінствам, адтуль і пачаўся мой музычны шлях. Апошні раз я была ў Бабруйску ў 2021 годзе, гэта быў сакавік.
Тата ў мяне спартовец. Мама, Іна Петраш, музыка — яе ведаюць у горадзе як кіраўніцу музычнага тэатра «Слуги трёх муз». Вось у нейкі момант яна і «перамагла», падштурхоўвала, — усміхаецца Юля. — Я пайшла па музыцы. У Бабруйску брала ўдзел у розных выступах, канцэртах, пасля ездзіла па вакальных конкурсах. А далей трэба было думаць пра музычную адукацыю, таму я з падачы мамы паступіла ў Мінск, у каледж імя Глінкі. І я была не супраць, бо гэта было цікава.
Мінск — мая другая любоў!
— У 2012-м я скончыла навучанне ў каледжы. Але праект «Ночы» ўтварыўся нашмат пазней, пасля знаёмства з гітарыстам Паўлам Вялічкам. Гэта быў 2019 год. Сёння нас таксама двое, Павел — гістарыст і саўнд-прадзюсар, і я — кампазітарка, спявачка.
У нейкі час мы перайшлі з рускай мовы на беларускую ў песнях. Адбылося гэта натуральным чынам, па сэрцы. Я была выхавана ў беларускай культуры, вучылася — ажно чатыры гады, на народным аддзяленні, спявала беларускія народныя песні. Таму для мяне гэта цалкам нармалёва.
Беларуская мова вельмі мілагучная, мне падабаецца, як у часе маўлення, спеваў, гэтыя гукі выходзяць з вуснаў.
— Першая песня па-беларуску — «Нездарма», з’явілася ў нас узімку 2021 года, і адбылося гэта не проста так. Мяне захапіў гэты працэс — напісання песняў па-беларуску, спеваў. А калі падабаецца — трэба рабіць. Потым ужо выйшла песня «Любоў», «Праз ціхі акіян». Зараз будуць пакрысе выходзіць новыя песні і пасля альбом.
За беларускую мову нам не «прылятала», а калі раптам «прыляціць», то так жа і «адляціць», — смяецца Юля. — У мяне ёсць свая пазіцыя, яе ўстойліва прытрымліваюся і буду абараняць свае межы. Бо я так вырашыла. Ніхто не саб’е мяне з шляху, толькі калі я сама гэтага не захачу. Але, мяркую, такое наўрадці адбудзецца.
— Навіны ў «Ночы» такія — хутка выйдзе сінгл, а пасля — хоць і не хочацца нейкія дэдлайны выстаўляць, але спадзяюся, што будзе ўжо альбом. Паслухаць нас можна на ўсіх музычных пляцоўках — ад споціфай да эплм’юзік. Таксама мы ёсць у тыктоку, маем ютуб-канал, інстаграм. Ва ўсіх вядомых сацсетках.
Раю пазнаёміцца з нашай творчасцю так: проста тыцнуць на любую песню.
— Я вельмі люблю танцы! Але апошні раз займалася імі ў Кіеве. У Польшчы пакуль на гэта няма часу, але ведаю, што тут ёсць студыя, якую стварылі беларусы. Можа калі-небудзь дайду патанчыць.
— З валасамі ўсё проста — мне іх не шкада! — тлумачыць Юля змены іміджа — ад брунеткі з афракоскамі да яркіх карэ.
Дзе можна пабачыць «Ночы» жыўцом? На гэтае пытанне Юля адказвае, што «мы зараз у жыцці наагул нічога не плануем».
— Калі будуць нейкія імпрэзы... Вось, у ліпені будзе фестываль, у якім нам прапанавалі выступіць. Арганізатары пакуль не скінулі лайнап, таму пакуль не буду казаць наперад.