Стартавала народнае галасаванне конкурсу «Заспявай 3.0»

На сайце Talaka.by стартавала народнае галасаванне за найлепшых удзельнікаў трэцяга конкурсу «Заспявай». Слухачы вызначаць сваіх фаварытаў конкурсу «Заспявай 3.0»

zasp_2.jpg


Новы фармат краўдфандынгу.

 

У галасаванні бяруць удзел па шэсць фіналістаў у трох намінацыях конкурсу — «Спяваная паэзія», «Беларускі кавер» і «Замежны пераклад». Усе іх песні можна пачуць на старонцы праекту на Talaka.by http://www.talaka.by/projects/1306/overview. Каб аддаць свой голас за ўпадабаную кампазіцыю, трэба зрабіць грашовы ўнёсак. Па выніку галасавання пераможца ў кожнай намінацыі сарве банк — забярэ грошы на сваё далейшае творчае развіццё.

 

«Разам з праектам Talaka.by мы вырашылі зрабіць падвядзенне вынікаў у такім фармаце, каб кожны, хто сочыць за конкурсам, не проста мог выказаць свае сімпатыі, але рэальна падтрымаць таго артыста і песню, якая прыйшлася да спадобы. І тым самым паўплываць на будучыню беларускай музыкі, бо з такой падтрымкі могуць з’явіцца новыя песні, кліпы і музычныя праекты», — кажа кіраўнік конкурсу «Заспявай 3.0» Сяргей Будкін.

 

У такі спосаб найлепшых выканаўцаў вызначаюць у Беларусі ўпершыню. Гэта кампанія пакліканая паказаць яшчэ большыя магчымасці краўдфандынгу, патэнцыял якога ў нас пакуль не выкарыстоўваецца напоўніцу.  «Разам з партнёрамі з Tuzin.fm, мы рады прапанаваць беларусам новы формат краўдфандынгу — “галасаванне рублём”, — кажа заснавальнік Talaka.by Яўген Клішэвіч. — Гэта дае магчымасць не толькі адказна вызначаць пераможцаў у конкурсах новага тыпу, але і збіраць грошы на прызавы фонд. А для удзельнікаў такого тыпу галасавання — гэта шанец увайсці ў народнае журы і наўпрост уплываць на развіццё новых напрамкаў творчасці».

 

Усіх фіналістаў конкурсу таксама можна паслухаць ужывую. Ва ўнутраным дворыку на плошчы Свабоды, 4 (тэраса кавярні «Chill Out») усё лета праходзяць канцэрты летняй серыі «Заспявай 3.0» пры падтрымцы вядомых выканаўцаў. Бліжэйшая імпрэза пройдзе 24 чэрвеня. Разам з фіналістамі конкурсу гуртом SnopSnoǔ, Станіславам Чахоўскім і Яўгенам Барышнікавым на сцэну выйдзе з акустычным сэтам гурт Nizkiz.


zasp2_web.jpg



 

24.06. Мінск, ChillOut (плошча Свабоды, 4, унутраны дворык). 19.00-22.00. Заспявай 3.0: Яўген Барышнікаў, SnopSnoǔ, Станіслаў Чахоўскі і SunBeat. Госць — Nizkiz. Інфа: +375 29 687-20-93.