Студэнцкае этнаграфічнае таварыства праводзіць першую летнюю спеўную школу

З 11 па 16 ліпеня 2016 г. Студэнцкае этнаграфічнае таварыства праводзіць першую летнюю спеўную школу ў в. Хатынічы Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці.

spieuny_letnik_afisza_800x481.jpg


Канцэпцыя спеўнага летніка СЭТ

У Беларусі да гэтага часу дастаткова добра захавалася старажытная спеўная культура. Але людзі, якія імкнуцца пераймаць і прэзентаваць яе, часцей за ўсё не маюць магчымасці вучыцца непасрэдна ад носьбітаў спеўнай традыцыі. У большасці выпадкаў гэта гарадскія жыхары, якія для навучання выкарыстоўваюць этнаграфічныя запісы (аўдыязапісы, ноты). Нажаль, гэта не дазваляе пераняць спеўную традыцыю натуральным чынам. Разам з тым выдатных вясковых спевакоў, у якіх яшчэ можна павучыцца народнаму спеву, з кожным годам застаецца ўсё менш.

Рашэннем гэтай праблемы можа стаць рэгулярнае правядзенне практычных навучальных мерапрыемстваў, у першую чаргу шматдзённых летнікаў, мэта якіх — навучанне беларускаму традыцыйнаму спеву, а дакладней пэўнай лакальнай спеўнай традыцыі непасрэдна ад яе носьбітаў.

Мяркуецца, што спеўная летняя школа стане штогадовай і кожны наступны летнік будзе праходзіць у новым месцы.

Пра першую спеўную летнюю школу

Як будзе адбывацца навучанне: падчас летняй школы мы будзем імкнуцца вучыцца спеву непасрэдна ад носьбітаў спеўнай традыцыі Ганцавіцкага раёна. Каардынаваць навучанне, дапамагаць вучням паглыбляцца ў традыцыйны спеў, дзяліцца ўласным спеўным досведам будуць сябры СЭТ, кампетэнтныя ў гэтай галіне. У дадатак да практычных заняткаў плануюцца лекцыі, прагляды этнаграфічных фільмаў і інш.

Жаночыя спевы

Жаночаму спеву мы будзем вучыцца ад выдатных аўтэнтычных выканаўцаў, удзельніц спеўнага гурта “Хатовічы” з в. Хатынічы Ганцавіцкага раёна, якому сёлета спаўняецца 30 год. Падчас школы жаночая група будзе вывучаць рэгіянальныя купальскія, пятроўскія, жніўныя і вясельныя песьні.

Мужчынскія спевы

Мужчынскаму спеву можна будзе павучыцца ад цудоўных аўтэнтычных выканаўцаў з в. Задуб’е — Сідарэвіча Сцяпана Сцяпанавіча і Маляўка Аляксандра Максімавіча. Мужчынская група будзе вучыцца выконваць пазаабрадавыя песні, якія бытуюць у гэтых мясцінах.

Да ўдзелу ў летніку запрашаюцца мужчыны і жанчыны. Музычная адукацыя, досвед спеву ў традыцыйнай манеры не абавязковыя.

Памер ахвяравання на пражыванне, харчаванне і іншыя арганізацыйныя выдаткі будзе складаць каля 50.000— 70.000 бел.руб. з чалавека ў суткі (кошты да дэнамінацыі; у залежнасці ад колькасці ўдзельнікаў летняй школы). Побытавыя умовы блізкія да экспедыцыйных. Выдаткі на дарогу аплочваюцца за свой кошт.

Для таго, каб прыняць удзел у спеўным летніку, неабходна да 27 чэрвеня 2016 г. падаць заяўку на адрас h.silivonchyk@gmail.com (гл. далучаны файл) і да 29 чэрвеня 2016 г. атрымаць падцверджанне аб удзеле. Пасля гэтага арганізатары дашлюць удзельнікам праграму летніка і навучальныя матэрыялы (з якімі трэба азнаёміцца да пачатку летніка). Колькасць месцаў абмежаваная.

Акрамя гэтага, наш спеўны летнік шукае 2 чалавек, якія ўмеюць смачна гатаваць і згодныя працаваць на кухні. У якасці падзякі за працу ім будзе прапанавана бясплатнае пражыванне і харчаванне. Калі Вы адчуваеце, што гэта Ваш варыянт — пішыце!

Па ўсіх пытаннях звяртайцеся да Ганны Сілівончык (h.silivonchyk@gmail.com).

Паводле budzma.by