Стыль як фактар ідэнтычнасці

Са стылямі мы сутыкаемся штодзённа, яны наскрозь працінаюць нашае жыццё, надаючы прыкметы адрознасці простым і складаным рэчам, прасторы, падзеям і з’явам. Самі стылі таксама розняцца ўзроўнем складанасці, працягласцю існавання, тэрыторыяй і сферай ужытку, значнасцю ўплыву. Кожны стыль на свой уласны спосаб гарманізуе рэчаіснасць, яе арганізуе і ўпарадкоўвае. Кожны стыль мае ўласныя стылістычныя рамкі, якія забяспечваюць ягоную пазнавальнасць, устойлівасць, здольнасць да самарэпрадукцыі і самаразвіцця, а таксама абараняюць ад вонкавых інтэрвенцый.



anemp1.jpg

Кожны стыль мае ўласную нутраную логіку, згодна з якой ён паўстае, фармуецца і функцыянуе. Яна дапамагае эфектыўна выкарыстоўваць наяўныя матэрыялы і тэхналогіі, збіраць і дапасоўваць адзін да аднаго элементы стылю. Традыцыйны стыль паўстае як бы сам па сабе, паводле сваёй уласнай логікі, як вынік працяглых у часе калектыўных высілкаў чальцоў супольнасці, што яго спарадзіла. Ён прарастае з ладу жыцця гэтай супольнасці і абапіраецца на даступныя рэсурсы і тэхналогіі, матэрыялізуе яе каштоўнасці і ідэалы.

Стыль дапамагае чальцам супольнасці адчуваць сябе часткай гэтай супольнасці, з ёй самаідэнтыфікавацца. Наяўнасць чужых стыляў гэтае пачуццё толькі ўзмацняе. Нам, цяперашнім, традыцыйныя этнічныя, гістарычныя, а таксама т.зв. “нацыянальныя“ стылі дапамагаюць ідэнтыфікаваць малыя і вялікія супольнасці, этнасы і цэлыя эпохі на гістарычнай і прасторавай адлегласці. І не толькі ідэнтыфікаваць, то бок пазнаваць і адрозніваць, але таксама ўяўляць іх змест. Стылі дапамагаюць нам упарадкоўваць і групаваць паасобныя вобразы і факты, складаць іх у сістэмы.

Ад пачатку ХХ стагоддзя, разам з ростам прапановы тавараў і паслугаў, у вытворцаў паўстае патрэба ў тым, каб вылучыць сваю прапанову сярод мноства падобных, замацаваць у свядомасці пакупніка яе прывабны вобраз і трывалую пазнавальнасць прапановы ў звязцы з яе пазітыўным вобразам. Іншымі словамі, быў патрэбны эфектыўны і просты механізм ідэнтыфікацыі. Такім механізмам заўсёды быў (і ёсць) стыль. У ХХ стагоддзі яго спосаб утварэння стаў аўтарскім, а працэс паўстання – мэтавым. Стылеўтварэнне стала адным з дзейсных інструментаў маркетынгу, рэкламы, камунікацый, а таксама палітыкі, культуры, мастацтва.

budzma.by__wp_content_uplo_712b79795cfb61acc07b1b89475945c7.jpeg

Адна з найпрасцейшых дэфініцый стылю называе яго “пазнавальнай і ўстойлівай сукупнасцю фармальных прыкметаў”. Менавіта фармальныя прыкметы, то бок форма і іншая невербальная інфармацыя, прасцей распазнаецца, засвойваецца і ўзнаўляецца ў свядомасці, выцягваючы ў патрэбны момант адпаведны вобраз, а разам з ім — падгружаны да яго вербальны змест. Стыль — універсальная абгортка, у якую яны пакуюцца. Нашы ўяўленні пра навакольны свет складаюцца з мноства вобразаў. Асэнсоўваючы іх, мы гэты свет усведамляем. Гэтаксама, праз атаясамленне з пэўнымі ўстойлівымі вобразамі і іх асэнсаванне, мы ўсведамляем сябе саміх.

У рэальнасці, аднак, нашыя веды не могуць ахапіць усё на свеце, мы фізічна не ў стане нонстоп асэнсоўваць усё, што трапляе ў поле нашае ўвагі. Значная частка нашага светапогляду, па сутнасці, так і застаецца ўяўленнямі пра рэчаіснасць, складаецца з вобразаў гэтай рэчаіснасці. Такі спосаб спасціжэння свету існаваў заўсёды, ён закладзены ў прыроду чалавека, аднак механізмы яго дзеяння навукоўцы даследавалі толькі ў ХХ стагоддзі, давёўшы тым самым, што мы спазнаем свет не толькі рацыянальна, але і вобразна і пачуццёва.


Нацыянальныя стылі эпохі рамантызму

Творцы інтуітыўна прыйшлі да такіх высноваў стагоддзем раней, у пачатку ХІХ стагоддзя. Эпоха рамантызму аспрэчвала і адначасова развівала ідэі Асветніцтва наконт таго, што свет можна зразумець (і адпаведна палепшыць) рацыянальна — праз асвету, веды, рэфарматарскую дзейнасць. Рамантызм жа даводзіў, што толькі праз racio свет спазнаць нельга, што шмат чаго не паддаецца рацыянальнаму ўсведамленню, затое можа быць засвоена пачуццёва. Рамантызм упершыню дэклараваў менавіта такі спосаб спасціжэння рэчаіснасці — творчы, вобразны, інтуітыўны.

У пачатку ХІХ стагоддзя мастацтва перастае быць тым, “што Богу ўгодна“, перастае быць рамесніцтвам на замову; яно робіцца самакаштоўным і дзейсным інструментам пераўтварэнняў — культурніцкіх, сацыяльных, палітычных, а таксама нацыятворных працэсаў. Мастацтва паэтызуе свабоду і барацьбу за яе, узвялічвае ролю асобы, творцы. Аўтарскія творы, стылізацыі, містыфікацыі, рамантызуюць, нават “падпраўляюць“ мінуўшчыну, знітоўваюць яе з сучаснасцю, фармуюць бачанне будучыні. Творцы спрабуюць “намацаць“ нематэрыяльнае — “дух народа”, з тым, каб яго адчуць, уявіць і адлюстраваць у мастацкіх праекцыях.

budzma.by__wp_content_uplo_44a335dbc18ec57751457b3112421b51.jpeg

“Беларус”, Ілля Рэпін, 1892

Паўстанне супольнасцяў новага тыпу (нацыяў) патрабавала, у першую чаргу для саміх чальцоў новай супольнасці, “доказаў” адзінства гэтай супольнасці і яе адрознасці ад іншых. Такімі “доказамі” былі (і ёсць) адзіная мова, тэрыторыя, гісторыя, і г.д. Аднак самой наяўнасці гэтых фактараў замала, патрэбныя інструменты і спосабы, якія дазваляюць звесці іх разам і замацаваць гэтую сукупнасць у свядомасці, а таксама пляцоўка, на якой такое аб’яднанне можа адбывацца. Галоўным інструментам сталі літаратура і мастацтва. Ролю пляцоўкі заўжды выконвала культура. Спосабы таксама існавалі задоўга да паўстання нацый — развіццё і пашырэнне сімвалічных моваў супольнасці, вобразатворчасць, стылеўтварэнне.

Без наяўнасці і эфектыўнага функцыянавання першага не паўстае другое, і толькі ў працэсе паўстання другога ўзнікаюць перадумовы выпрацоўкі трэцяга. Усё гэта, аднак, працуе і ў адваротным кірунку – стыль задае рамкі і кірунак творчых пошукаў, а іх вынікі (вобразатворы) узбагачаюць сімвалічныя мовы новымі сэнсамі і сімваламі. Сімвалічныя мовы (да нядаўняга часу) развіваліся і функцыянавалі самі па сабе, гэта калектыўны здабытак і супольная каштоўнасць. Вобразатворчасць, якая, безумоўна, абапіраецца на традыцыю і наяўныя сістэмы знакаў і сімвалаў, па сваім характары з’яўляецца аўтарскім дзеяннем, мастацкім актам. А вось нацыянальнае стылеўтварэнне — дзеянне калектыўнае; яно нагадвае камандную гульню па інтуітыўных правілах.

Паўстанне нацыянальных стыляў было аб’ектыўным працэсам. Збіраючы фрагменты ў цэлае, ствараючы адметную абалонку нацыянальнай ідэнтычнасці і чытэльную сістэму яе маркёраў, працэсы стылеўтварэння былі адначасова праявай даспеласці супольнасці, што іх спарадзіла. У сваю чаргу, супадпарадкаванне і дапасаванне паасобных элементаў у цэлае, у сукупнасць і знітаванасць, спрыялі ўсведамленню гэтай еднасці ўсімі чальцамі супольнасці, надавалі сістэме ідэнтычнасці агульнанацыянальны характар. Рамкі стылю вызначалі і вызначаюць умоўныя межы нацыянальнай культуры, баранілі і бароняць яе ад размывання, забяспечвалі і забяспечваюць самарэпрадукцыю і самапашырэнне.

budzma.by__wp_content_uplo_79c8777474c3b988dfa2f5c406e41174.jpeg

Працяг будзе…

Міхал Анемпадыстаў, budzma.by