Сусвет калекцыянавання
Чаго толькі не збіраюць і не калекцыяніруюць людзі на гэтым свеце! Ад звыклых манет і марак, банкнотаў і медалёў да розных неістотных дробязей кшталту накрывак ад бутэлек і саміх бутэлек ад розных напояў, абгортак ад цукерак, шакаладак і жавальных гумак, піўных бляшанак і рознага віду ўпаковак і г.д. Спачатку падаецца што іх дзіўнае захапленне — дарэмнае марнаванне часу, аднак пры глыбокім «разборы палётаў» разумееш, што і гэтае хобі можа быць даволі цікавым і карысным.
Яшчэ ў школьныя гады пачынаў збіраць этыкеткі, якіх, праўда, назбіралася не надта вялікая колькасць – дзве сотні. Паралельна са мной стрыечныя браты таксама калекцыяніравалі пачкі ад цыгарэт і піўныя бляшанкі. Мне здаецца, што калекцыянаванне такога кшталту вартае ўвагі, бо ў ім таксама ёсць чым пацікавіцца і пра што даведацца.
Падчас разбору даўняй калекцыі этыкетак правёў іх класіфікацыю, якая лагічна вынікае ў звязку з колькасцю аб’ектаў калекцыянавання. Любую калекцыю падобным чынам прасцей апісаць, расказаць пра яе і гэтаксама знайсці ў ёй цікавыя і карысныя факты. Сярод этыкетак, што назбіраліся, ёсць налепкі ад піва, гарэлкі, віна, мінеральнай вады і салодкіх напояў, нават воцату. А яшчэ крыху абгортак ад цукерак і шакаладак. Раскласці па відах этыкеткі можна наступным чынам: а) па краіне; б) па вытворцу; в) віду напоя; г) па мове (на якой мове аформлена этыкетка ці яе назва); д) па матэрыялу. Пры жаданні кожны калекцыянер ці аматар можа ўдасканаліць выбарку, зрабіць больш падрабязную класіфікацыю. Напрыклад, па колеру этыкеткі ці сэнсу яе назвы, па форме ці памеру налепкі, па перыяду, па надпісах і г.д. Магчыма не так важна, аднак кідаецца ў вочы дызайнерскае рашэннне ілюстрацый этыкетак. Цікавым момантам з’яўляецца і тое, што этыкеткі таксама могуць трансляваць нейкія павевы ў грамадстве ці адлюстроўваць пэўныя працэсы.
Канешне, больш каштоўнымі з’яўляюцца этыкеткі даваеннага часу ці імперскага перыяду (або нават савецкай эпохі), што могуць стаць, пры правільным выкарыстанні, гістарычнай крыніцай. Пэўна ж асобнікі сучаснай эпохі таксама чымсьці цікавыя, а часам і адметныя. Мая ўласная калекцыя складаецца пераважна з самых распаўсюджаных беларускіх этыкетак-налепак, якія адносяцца да апошніх 20 гадоў, што часта раней трапляліся і бадай кожным маглі б быць сабраны ў адносна невялікі тэрмін часу. Некалькі дзясяткаў розных абгортак з’яўляюцца хутчэй дадаткам да маленькай калекцыі этыкетак.
Этыкеткі мінеральных і салодкіх вод, воцата
Гэтыя этыкеткі цікавыя перадусім сваімі назвамі, бо нямала іх даўно ўжо зніклі з продажу або змянілі дызайн да непазнавальнасці. Напрыклад мінеральная вада «Мінская-4», якая сёння дужа распаўсюджаная ў продажы, мела этыкетку, на якой змяшчалася выявы старой часткі горада, а назва была напісана па-беларуску. Цяперака ўсё выглядае інакш, пачынаючы з матэрыялу этыкеткі. Ці вось папулярныя ў ранейшым найменні мінеральнай вады з Барысава «Каскад» ці «Березинская-2» ужо не гучаць, а першая нават і не існуе. У Мінску даўно не выпускаюцца «Ключевая» ці «Гвардейская-1».
Этыкеткі -- пазнавальны матэрыял для таго, каб даведацца, якія прадпрыемствы існуюць у маленькіх мястэчках і ўявіць від занятасці людзей. Менавіта праз іх можна даведацца пра выпуск воцата ў Хоцімскім РАСТА ці пра існаванне Кіраўскага харчовага камбіната (ранейшая назва – «Кіраўскі кансервавы завод»). А этыкетка са Слуцкага воцатавага заводу цікавая карцінкай брамы, што такім чынам стала прэзентатарам гістарычнай каштоўнасці горада.
Вінныя этыкеткі
Вінныя этыкеткі вызначаюцца сваёй беларускамоўнасцю, яны часта аформленыя цалкам на «матчынай» мове. Здзіўляе і раскід назваў, сярод якіх ад традыцыйна беларускіх кшталту «Жалейка», да абсалютна далёкіх і не характэрных Беларусі наогул, як «Таёжное». Часта сустракаюцца загадкавыя назвы як «Данко» ці «Раксалана». Найменні вінных этыкетак беларускіх вытворцаў вылучаюцца арыгінальнасцю, нават экстравагантнасцю назваў: «Мистер Икс», «Экспромт», «Мазурка» і інш. Напрыклад, цэлая серыя вінных этыкетак з «Краснабудскага вінзавода» (Крычаўскі р-н) стала гісторыяй, бо прадпрыемства не так даўна закрылася. Прычым этыкеткі з гэтага завода адзначаліся частым беларускамоўным афармленнем.
Этыкеткі ад гарэлкі
А вось гарэлачныя этыкеткі наадварот збольшага рускамоўныя. Найменні нярэдка звязаны з назвай «Беларусь» («Старобелорусская», «Беларусь Синеокая», «Белая Русь», «Белорусская столичная») альбо мае гістарычныя назвы: «Губернская», «Старославянская». Натуральна, гэта толькі самыя яскравыя прыклады назваў, якіх даволі шмат. Часам этыкеткі нават характарызуюцца інфармацыйнасцю, бо акрамя арыгінальнага дызайну могуць змяшчаць інфармацыю аб ўзнагародах завода ці герб горада, у якім выпускаецца алкагольны напой. Да прыкладу, этыкеткі з Клімавіцкага лікёра-гарэлачнага завода пад рознымі назвамі, беларускамоўнымі ў прыватнасці.
Піўныя этыкеткі
Назвы піўных напояў, напэўна, адны з самых вядомых, але мала хто ўспомніць, якімі яны былі нават гадоў 10 таму. Некаторым сучасным брэндам у гэтай сферы кшталту «Бобров2 папярэднічалі шэраг гатункаў і назваў піва. Адзначу, што артыкулы па гісторыі піўной вытворчасці і піўных этыкетак ўжо пабачылі «беларускі свет». Ва ўласнай калекцыі знаходзіцца цэлая падборка этыкетак магілёўскага піва, што з’яўляецца гісторыяй, бо яно ў гэтым абласным горадзе ўжо не выпускаюць больш як дзесяць год. Такі ж сумны лёс напаткаў заводы ў Маладзечна, Рэчыцы, Гародні і іншых гарадах. Есць шэраг этыкетак бабруйскага піва пад разнастайнымі назвамі, якія ўжо сёння амаль ніхто не будзе ведаць: «Бобруйская крепость», «Форштадт-2», «Нахимовское», «Березина» і інш. Даволі гучныя маркі брэсцкага піва з рознымі назвамі ўжо не такія славутыя як былі, але ім на змену прыйшла вядомасць лідскага піва. Этыкеткі з гістарычнымі назвамі таксама прысутнічалі, як налепка з назвай «Гедымин» ці «Мирский замок». Сёння ўжо з’явілася шмат вядомых брэндаў, у тым ліку нямала і замежнага паходжання, але ранейшыя назвы варта памятаць, бо гэта і ёсць «броварная» гісторыя беларускіх гарадоў.
Абгорткі
Абгорткі ад розных ласункаў цікавыя перадусім сваімі беларускамоўнымі назвамі, прынамсі для мяне як калекцыянера. Дарэчы, пра беларускамоўныя надпісы розных прадуктаў харчавання пісаў народны паэт Якуб Колас у сваім пісьме ў бюро ЦК КПБ пра стан беларускай мовы ад 1956 года: «Няўжо нашы аўтамабілі, трактары, станкі, тканіны, цукеркі, папяросы сталі б горшымі, каб на іх былі беларускія надпісы. Хай толькі якасць не падводзіць!» Сапраўды, моўнае пытанне тут актуальнае дагэтуль. Варта адзначыць што патрыятычныя назвы асабліва сталі важнымі ў 1990-х гадах, калі пачалося дзяржаўнае і моўнае Адраджэнне, і такія заводы як «Камунарка» і «Спартак» спрычыніліся да папулярызацыі роднай мовы і друкавалі беларускамоўныя абгорткі сваёй прадукцыі. Зараз жа сітуацыя натуральна змянілася ў адваротны бок. Адсюль старая абгортка вафель пад назвай «Валошкі» (завод «Спартак») прываблівае не толькі сваёй назвай, але лёгкай колеравай гамай і наогул паспяховым прыемным дызайнам.
Канешне, апісаныя віды этыкетак і абгортак з’яўляюцца толькі сціплым прыкладам, бо не ўключаюць шэраг беларускамоўных этыкетак і этыкетак сучаснага дызайну, а характарызуюць збольшага ўласную калекцыю са спробай аналізу матэрыялу не зусім звычайнага для калекцыянавання. Аднак пры гэтым можна вылучыць пэўныя тэндэнцыі пры павярхоўным аналізе сабраных налепак: матэрыял этыкетак змяняецца з паперы на палімерную плёнку, мізэрнасць беларускамоўных назваў, з’яўленне вялікай колькасці новых брэндаў у рознага кшталту напояў. Важна адзначыць, што форма і памеры этыкетак змяняліся разам са зменай матэрыяла, форм і аб'ёмаў бутэлек. Цяжка аспрэчыць факт, што калекцыянаване этыкетак – гэта гісторыя прамысловасці, разам з тэхналогіямі ці будынкамі, што маюць гістарычную каштоўнасць.