Сведкі часу ў музеі Максіма Багдановіча

Выстава антыкварных рэчаў «Сведкі часу» адкрыецца 27 сакавіка ў Літаратурным музея Максіма Багдановіча. Запрашаем!

svedki_czasu.jpg

“Антыквар — гэта лічы Святы Пётр, толькі для рэчаў. Ён вырашае, хто варты раю (аж да музея), а каму месца ў хатняй кладоўцы ўспамінаў (і тое, у лепшым выпадку)".

Выстава антыкварных рэчаў “Сведкі часу” арганізавана сумесна з ТДА “Лаўка старажытнасцяў” і галерэяй “Дар’ян” і складаецца ў асноўным з прадметаў інтэр’ераў канца ХІХ — пачатку ХХ ст., і дапаўняе часовую экспазіцыю “Я — Маці” ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча.

Сярод экспанатаў новай выставы ёсць унікальны музычны прадмет — паліфон. Гэта механічная музычная прылада для прайгравання музыкі, зафіксаванай на металічных дысках. У момант прывядзення ў рух дыска, нараджаецца нескладаная, але на дзіва прыгожая мелодыя. Падобную “музычную шкатулку” пецярбургскай фірмы “Сімфаніён” марыла набыць Марыя Апанасаўна Багдановіч, маці Максіма Багдановіча, якая сама захаплялася музыкай. Але яе мара не здзейснілася з прычыны фінансавых цяжкасцяў.

Падчас адкрыцця выставы “Сведкі часу” будзе магчымасць праслухаць мелодыі паліфона.

Выставу ўдала дапаўняюць так званыя “дробязі” — творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Францыі, Англіі і Германіі: гадзіннікі, фарфор, шкло, крышталь і мастацкі метал.

Выстава “Сведкі часу” — гэта ўнікальная магчымасць зазірнуць у патаемныя сховішчы прыватных калекцый, адчуць захапленне ад незвычайных прадметаў побыту мінулых стагоддзяў. А сённяшнія калекцыянеры паўстаюць як захавальнікі “рэчавай памяці чалавецтва”. Старыя рэчы — гэта свайго роду капсулы часу, яны захоўваюць у сабе памяць пра цэлую эпоху, пра асобную сям’ю.

svedki_czasu__1_.jpg

Адкрыццё выставы 27 сакавіка а 17.30 у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча (г.Мінск, вул. М.Багдановіча, 7а)

Выстава працуе з 27 сакавіка 2019 года па 24 красавіка 2019 года

Паводле прэс-службы Літаратурнага музея Максіма Багдановіча