Тэатральнае наваселле ў Слоніме
У суботу, 29 сакавіка, у Слоніме адбылося ўрачыстае адкрыццё новага памяшкання драматычнага тэатра. 24 гады калектыў Слонімскага драматычнага тэатра знаходзіўся ў непрыстасаваным для тэатра памяшканні РДК.
І вось нарэшце радасны дзень наступіў. Дзеля гэтага ў цэнтры горада быў арганізаваны кірмаш народных промыслаў, выставы карцін мясцовых мастакоў, кірмаш-продаж прамысловых тавараў слонімскіх вытворцаў і іншы розны святочны гандаль.
Сотні людзей у цэнтры Слоніма шчыра віталі адкрыццё тэатра. На вуліцы перад тэатрам пад паланэз Міхала Клеафаса Агінскага “Развітанне з Радзімай” прыгожа таньчылі юныя танцоры. А потым старшыня Слонімскага райвыканкама Алег Таргонскі павіншаваў прысутных з адкрыццём тэатра і пажадаў калектыву творчых поспехаў. А будаўнікі ўручылі дырэктару тэатра Мікалаю Лішыку сімвалічны ключ.
Пасля ўрачыстага адкрыцця новага памяшкання тэатра, слонімцы, а таксама госці горада, пазнаёміліся з інтэр’ерам тэатра, а таксама ў прыгожай зале на 196 месц паглядзелі прэм’еру спектакля па п’есе Янкі Купалы “Паўлінка” у сучаснай інтэрпрытацыі галоўнага рэжысёра тэатра Васіля Сяўца.
Фота аўтара