Трынаццаць гісторый, замкнёных на ключы: варажба на шорт-лістах літаратурных прэмій
Сакавік — месяц адраджэння. Менавіта на сакавік зазвычай прыпадае абуджэнне жыцця ў культурных асяродках. Вось і сёлета цэлы месяц самыя розныя літаратурныя ініцыятывы актыўна
падводзяць вынікі 2010 года.
Бедная «Ліза»
17 сакавіка адбылося ўручэнне прэміі «Залаты апостраф». Гэтай узнагародай штогод адзначаюць найлепшых аўтараў, надрукаваных у часопісе «Дзеяслоў». На жаль, акурат
у гэты дзень «Новы час» здаваўся ў друк, таму імёнаў лаўрэатаў мы падаць не можам.
Сакавік — месяц адраджэння. Менавіта на сакавік зазвычай прыпадае абуджэнне жыцця ў культурных асяродках. Вось і сёлета цэлы месяц самыя розныя літаратурныя ініцыятывы актыўна
падводзяць вынікі 2010 года.
Бедная «Ліза»
17 сакавіка адбылося ўручэнне прэміі «Залаты апостраф». Гэтай узнагародай штогод адзначаюць найлепшых аўтараў, надрукаваных у часопісе «Дзеяслоў». На жаль, акурат
у гэты дзень «Новы час» здаваўся ў друк, таму імёнаў лаўрэатаў мы падаць не можам.
Што хочацца адзначыць з нагоды прэміі, дык гэта стылістычную разнастайнасць аўтараў, друкаваных у мінулым годзе ў «Дзеяслове». У рубрыцы «Паэзія», напрыклад,
суседзяць правакацыйны гомелец Сяргей Балахонаў з нізкай «Перламутравае порна» і мэтр Генадзь Бураўкін з нізкай «Зорка вечаровая». У кожнага аўтара знойдуцца свае
прыхільнікі. Здаецца — каго б ні абрала журы конкурсу, публіка будзе ўсцешана пляскаць у ладкі.
Ды толькі не з нагоды намінацыі «Дэбют» — тут падчас традыцыйнай інтэрнэт-галасаванкі, зладжанай сайтам часопіса, разгарэлася спрэчка пра тое, куды коціцца свет у цэлым і
літаратура ў прыватнасці. Абурэнне шэрагу прафесійных філолагаў выклікала тое, што сярод усіх твораў пачаткоўцаў карыстальнікі сеціва аддалі перавагу апавяданню «Ліза» Франака
Вячоркі. Хлопец напісаў яго яшчэ падчас службы ў войску і даслаў «на волю». Кпіны з нагоды літаратурнага таленту маладога журналіста і палітыка гучалі яшчэ ў сакавіку мінулага года,
калі апавяданне надрукавалі ў «Дзеяслове».
Апавяданне «Ліза» апісвае мілосную гісторыю на фоне выбараў 19 сакавіка 2006 года і паслявыбарных хваляванняў. Паводле задумы твор моцна нагадвае аповесць Барыса Пятровіча
«Плошча», якая выйшла асобнай кнігай пазней у тым жа годзе. «Навошта такое друкаваць у часопісе?» — абураліся снобы, чытаючы ў дэбютнай прозе Франака
пасажы кшталту: «І што такая пекная дзяўчына робіць у апазіцыі?» «Гэта ў мяне першы раз… — Не хвалюйся, мілая. Даверся мне…».
«Я асцярожна запусціў руку пад майткі. Там было мокра і горача». Складалася поўнае ўражанне, што тэкст напісаны для няіснага беларускамоўнага «Плэйбоя»... Дарэчы,
многія равеснікі Франака апавяданне ўпадабалі.
Франак Вячорка
Рэдакцыя «Дзеяслова» сцвярджае, што пры выбары лаўрэата інтэрнэт-апытанка будзе толькі дадатковым крытэрам: звычайная з’ява сеціва — несумленнае галасаванне,
фальсіфікацыі (так званыя «накруткі»). Апроч таго, паводле закона інтэрнэту, калі ва ўдзельніка віртуальнага конкурсу ёсць блог, і ён дае спасылку на галасаванку са словамі:
«Не галасуйце за мяне — прагаласуйце за майго сябра!» — «клікаюць» усё адно на імя таго, хто даваў спасылку. Рэй вядзе крытэр знаёмства: заўжды
прыемна падтрымаць «свайго». Феномен вялікай увагі да празаічных спробаў Франака зразумелы: вядомае імя, грамадзянская актыўнасць аўтара, яго яркі лёс ды прыкметная асоба. Да таго
ж, робіць сваю справу папсовасць апавядання «Ліза», якая дае паставы гаварыць аб «плошчавай» літаратуры як экзатычнай нацыянальнай разнавіднасці літаратуры
«бульварнай». Той, хто калі-кольвек кахаў і калі-кольвек быў на Плошчы, прачытае гэты твор як мінімум з цікаўнасці.
Пры гэтым не выключана, што ўзнагарода дастанецца менавіта Франаку. Барыс Пятровіч адгукаецца пра шквал негатыўнай крытыкі такім чынам: «Мне асабіста апавяданне падабаецца. На пошту рэдакцыі
прыходзіць дзясяткі твораў маладых аўтараў. «Ліза» была напісаная больш-менш прымальна: стылёва, з граматна пабудаваным сюжэтам. Абсалютна някепска для Франкавага ўзросту. Можа
быць, абурэнне чытачоў звязана з тым, што яны не чыталі адсеяных намі твораў. Мне здаецца, што тыя, хто крытыкуе Франака, ставяцца да яго занадта суб’ектыўна. Не ведаю, ці стане ён
празаікам, але, мяркуючы па першым апавяданні, яму варта працягваць».
Ці працягне Франак? Так ці іначай, «Ліза» ўжо стала з’явай сучаснай літаратуры.
Дзевяць дэбютантаў
21 сакавіка, у Сусветны дзень паэзіі, адбудзецца ўручэнне літаратурнай прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча, заснаванай Беларускім ПЭН-цэнтрам і Саюзам беларускіх пісьменнікаў. Як
сцвярджаюць у ПЭНе і СБП, прэмія адзначыць пераможцаў у трох намінацыях: паэзія, проза, мастацкі пераклад. Да разгляду журы прымаліся дэбютныя кнігі, напісаныя па-беларуску аўтарамі ў веку да 35
гадоў і выдадзеныя цягам 2010 года, а таксама грунтоўныя часопісныя і газетныя публікацыі.
Наталка Харытанюк
У шорт-лісце — дзевяць шчасліўчыкаў. Але, у адрозненне ад «Залатога апострафу», ён амаль не пакідае інтрыгі што да імёнаў пераможцаў. Абсалютна відавочна, што выдадзеная і
выпешчаная кніга — значна істотнейшы козыр, чым часопісная публікацыя — няхай і аб’ёмная. Вось як адгукаецца пра сваё вылучэнне іранічная магілёўская пісьменніца Анка
Упала: «Напярэдадні ўручэння прэміі я адчуваю, што не маю шанцаў паўнавартасна пазмагацца за яе, бо абставіны склаліся так, што напісаная кніжка мая так і не выйшла ў 2010 годзе. Таму я не
хвалююся. Тым не менш, сам факт намінавання, безумоўна, радасны. Гэта значыць, што тое, што ты робіш, заўважаюць. Ведаць гэта і прыемна, і важна».
Трэба спадзявацца, прэміі кшталту «Дэбюту» стануць штогадовымі, і гэта падштурхне маладых аўтараў да таго, каб актыўней пісаць і выдавацца, а літаратурныя суполкі і мецэнатаў
— спрыяць выданню такіх кніжак.
-------------------------------------------------------------------------------------
Шорт-ліст літаратурнай прэміі «Дэбют»:
Паэзія:
Ірына Бельская. Падборка вершаў «…Бо ранак раніць». «Дзеяслоў», №44.
Ігар Кулікоў. Падборка вершаў «Закон узаемнае невылечнасці». «Дзеяслоў», №47.
Віталь Рыжкоў. Зборнік паэзіі «Дзверы, замкнёныя на ключы». Мінск: Логвінаў, 2010.
Проза:
Сяргей Егарэйчанка. «Аповесць пра чалавека, які не хацеў быць Богам». «Літаратурная Беларусь»/ «Новы час», кастрычнік, 2010.
Анка Упала. «Інь-Ян». Іранічныя аповеды. «Дзеяслоў», №47.
Наталка Харытанюк. Трынаццаць гісторый пра мёртвага катА. Мінск: «Логвінаў», 2010.
Пераклад:
Антон Францішак Брыль / Дж.Р. Р. Толкін. «Каваль з Вялікага Вутану». Мінск: «Логвінаў», 2010. Пераклад з англійскай.
Наста Лабада / Тувэ Янсан. «Маленькія тролі і вялікая паводка». Мінск: «Зміцер Колас», 2010. Пераклад са шведскай.
Вольга Цвірка / Мікаэль Ніэмі. «Папулярная музыка з Вітулы». Мінск: «Логвінаў», 2010. Пераклад са шведскай.