У Мінску адкрыўся тыдзень спектакляў — намінантаў III Нацыянальнай тэатральнай прэміі

У Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Янкі Купалы ў Мінску 24 лістапада адкрыўся III рэспубліканскі конкурс тэатральнага мастацтва "Нацыянальная тэатральная прэмія". 



ntp.jpg

На адкрыцці міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў падкрэсліў, што гэты конкурс "з кожным годам умацоўвае свае пазіцыі ў тэатральнай прасторы Беларусі, актыўна развіваецца і шукае ўсе магчымасці па стварэнні найболей камфортных умоў для беларускіх тэатраў розных мастацкіх кірункаў і падтрымкі практычна кожнага творцы"
На працягу 2014 года, прадоўжыў міністр, вялася актыўная праца па арганізацыі цяперашняга конкурсу. "Вывучаўся вопыт ранейшых гадоў, укараняліся новыя ідэі. І сёння прэмія праводзіцца па 21 намінацыі, якія ахопліваюць усе тэатральныя жанры. Прадстаўнікам любых, якія існуюць у нашай краіне, відаў тэатра даецца выдатны шанс заявіць пра сябе і атрымаць прызнанне", — сказаў ён. 
Святлоў звярнуў увагу на сімвалічнасць таго, што сёлета конкурс адкрываецца на сцэне тэатра імя Янкі Купалы — "аднаго з вядучых драматычных тэатраў краіны, роля якога ў станаўленні і працягу лепшых мастацкіх традыцый беларускага тэатра відавочная". "Упэўнены, што выдатны творчы дух Купалаўскай сцэны будзе спрыяць далейшаму ўмацаванню нацыянальнай тэатральнай прэміі як рухавіка сучаснага тэатральнага працэсу, які дасць беларускім тэатрам магчымасць падняцца на новую прафесійную ступеньку", — адзначыў міністр культуры. 
Спектаклем адкрыцця стаў "Пан Тадэвуш" паводле аднайменнага твора Адама Міцкевіча ў выкананні акцёраў Купалаўскага тэатра. Адначасова на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі была паказана пастаноўка Алега Жугжды "Фаўст. Сны" паводле матываў трагедыі Іагана Вольфганга Гётэ. Яе падрыхтавала трупа Гродзенскага абласнога тэатра лялек. 
З поўнай праграмай ІІІ конкурсу "Нацыянальная тэатральная прэмія" можна азнаёміцца на сайце тэатра імя Янкі Купалы. 
Нацыянальная тэатральная прэмія Беларусі была заснавана ў 2011 годзе Міністэрствам культуры сумесна з Беларускім саюзам тэатральных дзеячаў, Беларускім саюзам кампазітараў і Беларускім саюзам літаратурна-мастацкіх крытыкаў для падтрымкі айчыннага тэатральнага мастацтва і заахвочвання тэатральных дзеячаў. 
У 2014 годзе палажэнні конкурсу закранулі шэраг змяненняў, у прыватнасці прынята рашэнне праводзіць яго раз у два гады. Акрамя таго, калегія журы была падзелена на тры склады, якія будуць судзіць паасобку драматычныя, музычныя і лялечныя пастаноўкі. Колькасць намінацый была павялічана з адзінаццаці да дваццаці адной. Змяненні закранулі і дызайн узнагароды прэміі — арганізатары вырашылі адысці ад вобраза Паўлінкі, які раней угадваўся ў прызавой статуэтцы. Новы вобраз прыза распрацавалі Уладзімір Цэслер і Іван Арцімовіч.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН