У Віцебску праходзіць выстава «Рарытэты»
У Віцебскім мастацкім музеі працуе выстава «Рарытэты» са збору Музея старажытнабеларускай культуры, на якой прадстаўленыя экспанаты як народнай, так і царкоўнай спадчыны.
Пры гэтым выставу нельга назваць канфесійнай — яна ні праваслаўная, ні уніяцкая, ні каталіцкая. Апынуўшыся ў яе прасторы, акунаешся ў саму з’яву беларускай традыцыі. Яна не проста ўражвае — чна пераносіць ў свет Вялікага княства Літоўскага, прыадчыняючы для наведвальнікаў сэнс таго ўнікальнага дзяржаўнага і цывілізацыйнага праекта, які не давялося давесці да канца. Яго трагічны зрыў, здзейснены ў некалькі этапаў, абарваў магчымасці зрабіць свет больш дэмакратычным, больш духоўным і значна знізіў патэнцыял працэсаў грамадскай эвалюцыі як у Заходняй, так і ва Усходняй Еўропе. Для беларусаў гэта наогул мела катастрафічныя наступствы.
У двух залах Віцебскага мастацкага музея прадстаўлены фрагменты вялікага гістарычнага праекта, і апынуўшыся ўнутры яго духоўных абломкаў, перад уважлівым наведвальнікам паўстаюць пытанні прызначэння, сэнсу і будучыні нацыянальнага лёсу.
Артэфакты належаць як царкоўнай культуры, так і да выключна народнай. Сярод царкоўных прадметаў: іконы, драўляныя скульптуры, арнаты, аклады, створкі і нават царская брама. Сярод твораў народнай культуры: касцюм, ручнікі, посцілкі, дываны. Цэнтральным элементам усёй экспазіцыі з’яўляецца аўтэнтычны Слуцкі пояс. Выстава сапраўды адметная багаццем і разнастайнасцю, дае канкрэтнае і шырокае ўяўленне аб матэрыяльным і духоўным жыцці беларусаў у аддаленыя ад нас часы.
Як падкрэсліў дырэктар Музея старажытнабеларускай культуры Барыс Лазука, большая частка экспанатаў зусім нядаўна выйшлі з майстэрняў рэстаўратараў. Спадар Лазука, які паказаў сябе вельмі шчырым, сціплым і захопленым чалавекам, уяўляе сабой класічны вобраз нацыянальнага навукоўца. Так, ужо пасля самой цырымоніі адкрыцця выставы, ён доўга тлумачыў прысутным наведвальнікам, якія сабраліся каля Слуцкага пояса, гістарычныя падрабязнасці, а таксама сучасныя тонкасці вытворчасці копій і рэстаўрацый аж да самага заканчэння работы музея.
Выступоўцы падкрэслівалі несумненную ўнікальнасць мерапрыемства, і асабліва – нацыянальны змест выставы. Так, начальнік аддзела культуры Віцебскага аблвыканкама Пётр Падгурскі сказаў: «Тое, што мы сёння бачым – гэта сапраўды скарбы нашай нацыянальнай культуры, гэта тое, што робіць нас беларусамі… Гэта падарунак для ўсіх жыхароў нашага горада, нашай вобласці». Дырэктар Віцебскага мастацкага музея Вольга Акуневіч адзначыла, што зыходзячы з нацыянальнага зместу, выстава будзе мець вялікі поспех: «Сёння, калі мы бачым такое багацце, калі мы даем магчымасць жыхарам Віцебска далучыцца да ўнікальных твораў беларускай культуры, гэта сапраўды шчасце. Тым больш, што тут прысутнічаюць людзі розных пакаленняў, у тым ліку і маладыя: студэнты ліцэяў, каледжаў, школьнікі. Таму, я думаю, на гэтай выставе ў нас будзе шмат зацікаўленых наведвальнікаў».
З
разумела, што і дырэктар Музея старажытнабеларускай культуры Барыс Лазука асабліва вызначаў нацыянальны пачатак: «Мы беларусы, мы многае робім, але мы будзем і далей многа рабіць і захоўваць нашу культуру, нашу спадчыну на карысць краіны і народа». Сумесна з гэтым нацыянальная тэматыка заўсёды звязвалася са станоўчым вызначэннем ролі палітычнага кіраўніцтва краіны. Вольга Акуневіч гаварыла аб павышэнні значнасці нацыянальнага фактару для палітычнай улады: «Гэтая выстава адыгрывае вялікую ролю ў выхаванні патрыятызму, а мы ведаем, што наш прэзідэнт у апошнім сваім выступленні на Форуме моладзі сказаў, што сёння будзе аддавацца вялікая ўвага выкладанню на беларускай мове, і, ўвогуле, развіццю беларускай мовы і беларускай культуры». Барыс Лазука таксама неаднаразова, і ў выступах, і ў асабістых размовах з наведвальнікамі на адкрыцці выставы, указваў на атрыманне «вышэйшай згоды» ў розных праектах, і кіраўнік краіны згадваўся вельмі часта.
Дырэктар Музея старажытнабеларускай культуры распавядаў і пра сваё стаўленне да Віцебска, і аб працы свайго музея, і аб сваёй ацэнцы беларускіх майстроў даўніх часоў: «Я адчуваю сябе віцеблянінам, паколькі многа гадоў майго лёсу, студэнцкага і працоўнага, звязана з гэтым горадам. Я яго люблю, як люблю і ўсіх жыхароў Віцебшчыны. Выстава прадстаўляе Музей старажытнабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Мы даволі своеасаблівая ўстанова. Паколькі з аднаго боку з’яўляемся навуковай ўстановай, мы праводзім навуковыя работы, экспедыцыі, збіраем матэрыялы, вывучаем іх. Але мы і звычайны музей ў класічным разуменні, паколькі выставачныя залы могуць наведаць кожны з жыхароў Беларусі і гасцей краіны.
І вось на гэтай выставе, якую мы рабілі даволі доўга, не за год, у нас ішлі доўгія перамовы. Трэба было не толькі прывезці і вызначыць, як гэта зрабіць чыста тэхнічна, але ж і зразумець, што паказаць. Паколькі, пагадзіцеся, падобныя выставы адбываюцца не часта. І трэба да іх рыхтавацца, каб вы маглі ўбачыць ўсё тое вартае, што захоўваецца ў нашым музеі, і разам з тым ацаніць ўсю глыбіню і вышыню дасягненняў беларускіх майстроў у розных галінах культурнай дзейнасці».
Пад канец адкрыцця выставы Вольга Акуневіч сказала: «Сёння мы з Барысам Андрэевічам дамовіліся на далейшае супрацоўніцтва. У нас узніклі вялікія планы». Наконт гэтага спадар Лазука асцярожна заўважыў: «Паколькі тут абласное начальства, можа мы пабяжым наперадзе воза, які мы зрабілі ўжо?..» На што Вольга Акуневіч упэўнена адказала: «Я думаю, што воз будзе вельмі добры, таму можна і наперадзе прабегчы…» Гаворка ішла ў тым ліку пра планы на бліжэйшую Ноч музеяў у Віцебску, якая будзе прысвечаная беларускай культуры. Тэндэнцыя зразумелая. Трэнд беларускасці ў беларускай дзяржаве ў наяўнасці, і гэта не можа не радаваць.