Унікальную мапу ВКЛ прэзентуюць у Мінску
Прэзентацыя мапы Вялікага Княства Літоўскага, створанай у XVII стагоддзі Томашам Макоўскім, пройдзе ў галерэі «Арт-Беларусь» 8 верасня, напярэдадні святкавання 950-годдзя Мінска.
Мапа Вялікага Княства Літоўскага, якую сёлета набылі ў прыватнага калекцыянера
з Беларусі, не проста дэталёва выкананая і багата дэкараваная ў манеры таго
часу, але ў ёй таксама апісаны звычаі і абрады жыхароў тэрыторыі княства. Аўтар
мапы Томаш Макоўскі – гравёр, картограф, мастак, працаваў пры двары
Радзівілаў, стаў стваральнікам мастацкіх майстэрняў па афармленні кніг,
складанні і гравіроўцы мапаў у Нясвіжы.
Адмыслова дзеля прэзентацыі сталічны фолк-рок-гурт Re1ikt дасць незвычайны
акустычны канцэрт. Прагучаць народныя песні з розных куткоў Беларусі ў
арыгінальных апрацоўках, а таксама кампазіцыі паводле твораў класікаў
беларускай літаратуры: «Драўляны Дзядок і кабета Інсекта» Яна Баршчэўскага і
«Балотны агонь» Якуба Коласа.
Re1ikt – гурт, які працуе ў напрамку world rock, спалучаючы традыцыйны
беларускі песенны фальклор з актуальнымі рок-напрамкамі. Re1ikt крэатыўна
выкарыстоўвае незвычайныя гітарныя эфекты, а таксама народныя духавыя і
перкусійныя інструменты. У кампазіцыях каманды спляліся палескі шаманізм,
аўтэнтычны драйв і таямнічы беларускі космас. Калектыў з’яўляецца уладальнікам
шэрагу музычных узнагарод у Польшчы і Беларусі, выступаў ва Украіне, у Літве,
Расіі.
Галерэя «Арт-Беларусь» (вул. Казлова 3, Мінск, Палац мастацтва), 8 верасня,
19:00.
Уваход: 4 руб.